Роўна тры гады таму па ўсёй Беларусі людзі чакалі дэмакратычных перамен. Свае надзеі яны ўскладалі на выбары, якія, як і папярэднія, улады сфальшавалі. Толькі гэтым разам падман стаў вельмі заўважны. Абураныя выбаршчыкі выйшлі на вуліцы не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах.
У Магілёве па ўспамінах спадара Алеся, пратэсты 2020 года масавымі не былі.
— Лічба ўдзельнікаў максімальна дасягала 5-7 тысяч чалавек. Для 400-тысячнага Магілёва гэта замала. Відаць, колькасць людзей, якія не згодныя з палітыкай рэжыму Лукашэнкі, у Магілёве значна большая, але наважылася выйсці з пратэстамі вось такая колькасць. Для Магілёва гэта замала.
— Чым бы вы патлумачылі такую невялікую, на ваш погляд, колькасць магілеўчан, якія выходзілі на пратэсты ў жніўні 2020-га?
— Я думаю, што сваю ролю адыграла тое, што адбылося ў ноч з 9 на 10 і на 11 жніўня. Магілёў мае такі своеасаблівы статус, што ён блізкі, «родны» Лукашэнку горад, то ўзровень тэрору быў значна вышэйшы, чым дзе ў краіне. І гэта адбілася на рашучасці магілеўчан.
Падзеі ў Брэсце вызначыліся стаўшай потым вядомай на ўсю краіну «карагоднай справай», калі за мірныя пратэсты ў выглядзе карагодаў да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты дзясяткі людзей. Пра тое, што ў жніўні 2020 года адбывалася ў Брэсце распавядае спадарыня Ганна.
— Мы таксама гулялі па вуліцах усім горадам і, акрамя таго, у нас 16 жніўня быў вялікі мітынг на плошчы Леніна. Падчас гэтага мітынгу мы пайшлі да СІЗА, каб вызваляць людзей, якія былі затрыманы перад гэтым. Было шмат вайскоўцаў на вуліцах, гэта было жудасна. Гэта былі тры дні суцэльнага такога тэрору горада, калі амаль што ўвялі ваенны стан, якога не было афіцыйна. Але было такое яднанне, такая салідарнасць усіх жыхароў Берасця калі мы хадзілі па розных мікрараёнах па 16 кіламетраў накручвалі і заклікалі выходзіць: «Усход, выхадзі! Кавалёўка, выхадзі! Цэнтр, выхадзі!». Гэта было цудоўна.
— Калі пратэсты пачалі затухаць, якія былі настроі ў людзей?
— Шмат людзей выходзіла на ланцугі салідарнасці жанчын, і гэта таксама была такая падтрымка ад усіх, таму што мы стаялі на сонцапёку, а нам прыносілі і парасоны, і ваду. А потым была такая сумная «карагодная справа». Тады выйшаў натоўп на вуліцу, на скрыжаванне Маскоўскай і бульвара Касманаўтаў і зрабілі карагод на тры хвіліны, за які больш за сто чалавек панеслі кары. І быў тады ўпершыню выкарыстаны вадамёт супраць людзей.
У жніўні 2020 года Гродна стаў адзіным горадам у Беларусі, дзе ўлады па многіх пытаннях пайшлі насустрач мітынгоўцам, выканаўшы іх патрабаванні, хаця б аб свабодным правядзенні акцый пратэста. Пра тое, што было ў горадзе на Нёмане ўспамінае спадарыня Жанна.
— Тыдзень у нас быў свабодны Гродна. Па ўсёй краіне гэта разыйшлося – адзіны горад свабодны. Аднак гэта было нядоўга, гэтага хапіла на тыдзень, пакуль Мінск не ўмяшаўся.
— Пасля пачатку рэпрэсій і тэрору, якія сталі ў людзей настроі?
— Настрой не змяніўся. Людзі, якія выходзілі, выходзілі да апошняга. Выходзілі потым на дваравыя маршы, але калі гэтыя маршы сталі настолькі небяспечныя і шмат людзей ужо пасадзілі, некаму стала выходзіць і гэта стала бессэнсоўна. Але настой у людзей дагэтуль не змяніўся. Мы размаўляем з людзьмі, многія з якіх там засталіся, людзі чакаюць прыдатнага моманту. Усе сядзім і чакаем прыдатнага моманту.
Для Бярозаўкі Гродзенскай вобласці, дзе жыў забіты ў шклоўскай калоніі палітвязень Вітольд Ашурак, пратэсты 2020 года сталі самыя масавыя за ўсю гісторыю гэтага невялікага горада, сцвярджае спадар Юрась.
— Калі ў нас на 10 тысяч насельніцтва выйшла на піку тысяча чалавек, то бок кожны дзясяты жыхар Бярозаўкі. Зразумела, што першы раз людзі выйшлі, калі пачаў працаваць інтэрнэт і, здаецца, гэта было 12 жніўня. Мы даведаліся, што адбылося ў Мінску, і выйшлі дзяўчаты з кветкамі ў белых сукенках. З таго часу пайшлі масавыя акцыі ў Бярозаўцы. Быў такі ланцуг салідарнасці ў нас уздоўж цэнтральнай вуліцы, дзе людзі віталі ўсе аўтамабілі, якія праязджалі. Таксама былі калоны па горадзе, і аўтакалоны, і на матацыклах, на квадрацыклах. Людзі шлі са сцягамі і гэта нагадвала свята.
— Які настрой у людзей быў?
— Якраз тады, у той тыдзень людзі нічога не баяліся, думалі, што на гэтым скончыцца дыктатура Лукашэнкі. Страху не было. Страх з’явіўся ў канцы жніўня, калі людзі пачалі бачыць, што стала менш народу выходзіць, і стала зразумела, чым усё скончыцца.
— Ці моцныя былі рэпрэсіі ў Бярозаўцы пасля затухання пратэстаў?
— Рэпрэсіі пачаліся напачатку верасня, пачаліся першыя суды. Былі штрафы, потым штрафы пачалі перарастаць у суткі, потым затрымалі нашага сябра Вітольда Ашурка, а потым яго забілі. Пачыналася са штрафаў у тры базавыя, а закончылася забойствам Вітольда.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.