Крыху больш за паўгода працуе праект Women in Tech, разлічаны на навучанне IT-прафесіям жанчын, асабліва тых, якія праз жыццёвыя акалічнасці, у тым ліку неабходнасць з’ехаць з краіны, мусілі кардынальна змяняць звыклую сферу занятасці. Што паказалі гэтыя паўгода працы і якія вынікі прынеслі, распавяла мэнэджарка праекту Women in Tech Ганна Самарская.
— Праект Women in Tech задумваўся ў 2020 годзе, калі Цэнтр гендарных даследаванняў ЕГУ разам з Еўрапейскім Саюзам хацелі зрабіць нешта інфраструктурнае для Беларусі. І стала зразумелым, што ствараць адукацыйныя і кар’ерныя магчымасці для дзяўчат і жанчын, якія хацелі б звязаць свой лёс з ІТ, было б вельмі файна і класна.
Вельмі доўга мы пачыналі гэты праект і ў сувязі з вайной ён адкладаўся. Першую сваю адукацыйную праграму мы запусцілі ў верасні 2022 года. Менш за год таму. Сёння ў нас ужо ёсць два выпускі і ментарскай праграмы, і першага адукацыйнага кар’ернага курса, і некалькі канферэнцый, зрабілі мы даследаванне індустрыі. І можна сказаць, што да сённяшняга моманту мы не толькі стварылі класны адукацыйны прадукт, але і згуртавалі вакол праекта вялікую супольнасць дзяўчат і жанчын, беларусак, якія жывуць у літаральным сэнсе ва ўсім свеце і працуюць у ІТ альбо плануюць працаваць у ІТ.
— Ёсць такі стэрэатып, шт ІТ – гэта такая больш мужчынская сфера. Звычайна – «айцішнікі». «Айцішніцы» – неяк не дужа распаўсюджаны фемінітыў. Наколькі эфектыўная праца жанчын, асабліва не з «нуля», не з інстытуту? Наколькі гэтая праца адрозніваецца ад мужчынскай, ад моладзевай?
— Калі казаць пра здольнасці, то, вядома ж, няма розніцы – будзе гэта дзяўчына ці мужчына. Мы можам стварыць любую кар’еру. З іншага боку атрымліваецца, і гэта бачна ў тым ліку і з даследавання, якое мы праводзім, дзяўчаты ў меншай ступені наважваюцца ісці ў тэхналагічныя ІТ-прафесіі, таму што цягам вялікай колькасці часу ім прыпісваюцца цалкам іншыя ролевыя мадэлі. Ім распавядаюць і ў школах, і потым ва ўніверсітэтах зусім пра іншыя прафесіі.
Прыкладна 90% рэспандэнтак у даследаванні сказалі, што ў сваім жыцці яны сустракаліся з такога роду ўстаноўкамі. Усім нам вядомыя фармулёўкі «дзяўчынкі – гуманітарыі, хлопчыкі – тэхнары». І, вядома ж, калі дзяўчынка гадуецца ў такім «соусе», яна ад пачатку разумее, што ён нібыта трэба займацца нечым іншым, але не тэхнічнымі прафесіямі.
Але, дзякуй богу, усё змяняецца. І сёння ідзе вялікая праца над асэнсаваннем і ролі жанчыны ў грамадстве. Дзякуючы такім ініцыятывам, як наша, і таму, як у глабальным свеце змяняецца ўспрыйманне ролі, у тым ліку, і жанчыны ў ІТ, гэтыя патэрны змяняюцца. Калі казаць пра ІТ-сферу тут і цяпер і зірнуць на беларускую ІТ, дык мы бачым, што там, вядома ж, ёсць 20-25% – гэта жанчыны.
Але праблема палягае ў наступным: гэта ўсё яшчэ прафесіі не выключна тэхнічныя. Гэта такі «бэк-офіс», то бок, гэта камунікацыя і піяр, магчыма, праца недзе ў фінансах. То бок, гэта такое суправаджэнне ІТ. І вядома ж, гэта ўсё яшчэ не ёсць добра з тае прычыны, што, калі кампаніі скарачаюцца ці, напрыклад, калі перабудоўваюцца там ці рэлакуюцца, дык у меншай ступені надаюць увагу менавіта гэтым софт-прафесіям, назавем гэта так.
Але гэта не азначае, што няма дзяўчат там у распрацоўшчыцах, у кодэрах, у QA-інжынерынгу. Досвед нашага праекту паказвае, што такіх беларусак ну вельмі шмат і яны займаюць пазіцыі ў такіх самых асноўных, топавых кампаніях не толькі ў беларускім ІТ, але і ў глабальным. Пра што гэта сведчыць? Значыць, гэта магчыма.
Але іншы момант, што нават унутры самой ІТ-супольнасці, на жаль, гэтыя гісторыі, гэтыя ролевыя мадэлі ў меншай ступені дэманструюцца. І часткова – куды рухаецца наш праект цяпер, мы хочам больш распавядаць гісторыі беларускіх жанчын, якія адбыліся ў ІТ, мы іх бачым.
Скажу шчыра, што яшчэ год таму мы не ведалі такой колькасці імёнаў. І мне самой было вельмі дзіўна іх усіх знайсці. І хачу сказаць, што гэта для ўсёй нашай медыйнай прасторы, мне здаецца, і выклік, і такі пункт росту, магчыма, – распавядаць паспяховыя гісторыі жанчын у глабальным ІТ. Яны рэальна ёсць і яны вельмі класныя і цікавыя.
— Ці ёсць ужо ў вас вынікі – ці працуюць выпускніцы праекту ў «жывых», рэальных ІТ-кампаніях?
— Я ўжо сказала, што ад пачатку першай праграмы паўгода пройдзе ў чэрвені. То бок, зможам падвесці там вельмі дакладныя вынікі. Але так! Нашыя ўдзельніцы адзначаюць, што многія з іх, дзякуючы ўдзелу ў праграме і ўвогуле ўдзелу ў праекце Women in Tech, здолелі зрабіць гэтыя кар’ерныя крокі наперад. Нехта ў прынцыпе змяніў сваю прафесію і прыйшоў у ІТ. Нехта, напрыклад, калі людзі прыходзяць на ментарскую праграму, яны ж не абавязкова мусяць працаўладкоўвацца ў іншыя кампаніі, яны часта шукаюць для сябе магчымасці перайсці на пазіцыю вышэй, альбо, магчыма, узяць нейкі большы праект. Вялікая колькасць удзельніц адзначае: «Так! Удзел быў класны!» І ў нас ёсць гэтыя гісторыі поспеху, калі дзяўчаты працаўладкаваліся ў ІТ.
Цалкам размову з мэнэджаркай праекту Women in Tech Ганнай Самарскай слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.