Loading

Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі апублікаваў даклад «Грамадскае расследаванне выпадкаў масавых катаванняў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў горада Мінска 9-14 жніўня 2020 года». У ім апісваюцца катаванні, якія адбываліся ў вядомай цяпер на ўвесь свет катавальні – Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна ў Менску. Пасля некалькіх жнівеньскіх дзён 2020 года назва, утвораная ад прозвішча 21-гадовага лётчыка, які ў 1944 годзе паўтарыў подзвіг Мікалая Гастэлы выганяючы фашыстаў з Беларусі, стала ў адзін сэнсавы шэраг з назвамі самых бесчалавечных месцаў – Асвенцым, Азарычы, Акрэсціна…  Пра тое, як рыхтаваўся даклад пра катаванні ў вязніцы на Акрэсціна, і якія звесткі ў ім утрымліваюцца  радыё Ўнэт распавёў прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Сяргей Усцінаў.  

У аснову гэтага даклада пакладзена інфармацыя са сведчанняў 101 пацярпелага. Было вывучана каля 1100 старонак дакументаў. Сюды не ўключаныя медычныя дакументы ды іншыя дакументы, якія пацярпелыя прадстаўлялі. Гэта парадку 1100 старонак – толькі тое, пра што яны распавядалі, то бок, аповеды пацярпелых, якія 9 – 14 жніўня 2020 года ўтрымлівался ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Асобна ў нас быў пункт пра медычныя паказнікі, медычныя сведчанні – то бок, гэта яшчэ дапаўняльныя дакументы.  

Асноўны фокус быў зроблены на наступных лакацыях, якія былі самыя актыўныя. Гэта двор Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, куды заязджалі аўтазакі і дзе стаяі людзі. Далей – шпацыровыя дворыкі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, іх некалькі, дзе таксама ўтрымліваліся людзі ў жорсткіх катавальных умовах. Там паводле розных сведчанняў гэтыя дворыкі ад 20 да 25 квадратных метраў, і ўтрымлівалася там людзей ад 80 да 120 па дзве-тры гадзіны, а некаторых і больш за содні і ўдзень, і ўночы. І трэцяя лакацыя – гэта непасрэдна калідоры і камеры Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. 

І на ўсіх гэтых этапах былі і жорсткае абыходжанне, збіццё, пагрозы, псіхалагічны гвалт. Уражвае ўсё, таму што, тое, што адбывалася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў – гэта злачынствы супраць чалавечнасці, гэтыя масавыя катаванні. Я нядаўна размаўляў з літоўцам, які браў удзел у падзеях 1991 года. Ён кажа, што тады сілавікі збівалі літоўцаў толькі для таго, каб разагнаць пратэсты. То бок, арыштаваных яны не збівалі. А тут сітуацыя такая, што, мала таго, што збівалі падчас затрымання, мала таго, што збівалі падчас дастаўкі ў РАУС, і потым яны яшчэ збівалі людзей, якія не супраціўляліся, ужо на месцах, фактычна катавалі за тое, што людзі проста выходзілі. Для таго, каб адпомсціць. Палітыка карная. Таму моцна абурае тое, што гэтыя сілавікі катавалі людзей ужо арыштаваных, практычна бездапаможных. Якія не аказваюць супраціву. Гэта было на ўсіх этапах.

Медычная дапамога не аказвалася, ці аказвалася ў такой колькасці, мінімальнай, ледзьве не тады, калі людзі проста паміралі. Вельмі шмат паводле медычных паказнікаў потым у нас апытвалася людзей, якія сур’ёзна захварэлі і пацярпелі сваім здароўем пасля адбывання ў гэтым Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Людзі з хранічнымі захворваннямі не атрымлівалі лекаў. Проста фельчар прыходзіў і казаў: «Здохніце, нам лягчэй тут будзе!»

Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі бесперапынна працуе са жніўня 2020 года. Спачатку гэта былі валанцёры, якія дакументавалі. Але з гадамі прафесіяналізм расце. І зараз застаўся касцяк такіх дакументатараў, якія дакументуюць да гэтага часу, нават па сённяшні дзень. Злачынствы супраць чалавечнасці працягваюцца па сённяшні дзень. Нават сёння будуць працягвацца. 

Таму гэтыя ўсе выпадкі мы фіксуем, мы заносім іх у базу. Праца працягваецца. І ў жніўні, і ў верасні, і нават цяпер мы працягваем фіксаваць – паступаюць людзі, якія 9 – 14 жніўня трапілі ў гэтыя жорны самых (жорсткіх) злачынстваў.  

Comments are closed.