Loading

У гэтым годзе беларусаў чакаюць адразу некалькі выбарчых кампаній: улада ў лютым праводзіць выбары ў парламент і мясцовыя саветы, а апазіцыя—выбары ў Каардынацыйную раду, альтэрнатыўны парламент дэмакратычных сіл. Як да гэтых кампаній ставяцца апазіцыйныя партыі і ці будуць прымаць у іх удзел?

Яўген Вільскі,  выконваючага абавязкі кіраўніка партыі “Народная Грамада”

Выбары ў парламент: Наша пазіцыя–поўны ігнор. Няхай самі гуляюцца ў сваёй пясочніцы.

Выбары ў Каардынацыйную Раду:  Мы прымалі ўдзел у другім складзе КР і зараз будзем вырашаць. Гэта павінна быць рашэнне ўсёй партыі, таму адбудзецца галасаванне. Калі большасць пагадзіцца, значыць будзем удзельнічаць. Агульная пазіцыя ўсіх партый па тым, як павінны адбывацца выбары ў КР,  гэта павінны быць палітычныя спісы. Не так, як было ў мінулай КР, калі набралі знаёмых сваіх знаёмых. Што з гэтага атрымалася, мы зараз бачым. І першая і другая Рада гэта больш негатыву, чым пазітыву, таму не хацелася б, каб і трэцяя была такой жа. Таму мы выбіраем партыйныя спісы.

Вадзім Саранчукоў, выконваючы абавязкі старшыні Партыі БНФ

Выбары ў парламент: У Беларусі на сённяшні дзень няма выбараў і тое, што адбываецца, нельга назваць нават палітычнай кампаніяй. Няма прававога поля, няма магчымасці для разнастайнага выказвання сваіх меркаванняў, а ёсць перашкоды для людзей, якія спрабуюць гэта зрабіць. Гэта не толькі не рэгістрацыя ініцыятыўных груп, а непасрэдная пагроза арыштаў і рэпрэсіі. Наша рэкамендацыя была — не ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

Выбары ў Каардыацыйную Раду: на сённяшні дзень рашэння партыі аб узеле у выбарах у КР няма. Мы разумеем, якім чынам адбываюцца палітычныя працэсы, мы гатовы дзяліцца гэтым разуменнем з тымі суб’ектамі, якія будуць зацікаўлены. Якім чынам будзе сфармавана сістэма выбараў ці прызначэнне КР, у мяне на сённяшнні дзень адказу няма. Зразумела, што да таго, што адбываецца зараз і адбывалася да гэтага некалькі гадоў, вельмі шмат прэтэнзіяў. Мы зацікаўлены ў тым, каб ні ў каго не было магчымасцей называць палітычныя працэсы ў Беларусі імітацыяй. Тое, што да гэтага адбывалася з КР—гэта імітацыя палітычных працэсаў.  Мы зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі і парламентарызму, але не згодны ўдзельнічаць у іх імітацыі.

Уладзімір Шанцаў, выконваючы абавязкі старшыні АГП

Парламенцкія выбары: Не ўдзельнічаць і заклікалі людзей не ўдзельнічаць. Калі сілай будуць заганяць, студэнтаў ці працоўных на прадпрыемствах, то галасаваць супраць усіх. Гэта не выбары.

Выбары ў Каардынацыйную Раду: я з’яўляюся сябрам рабочай групы па падрыхтоўцы гэтых выбараў. Нам трэба выпрацаваць правілы, як праводзіць гэтыя выбары, і вызначыцца, чым будзе Рада займацца. Бо людзі мала ўяўляюць, чым зараз займаецца КР. Трэба, каб выбаршчыкі дакладна ведалі, за што адказваюць тыя, за каго яны прагаласавалі, і за што пасля ў іх можна спытаць. Таму што, напрыклад, калі чалавека выбіраюць у гарадскі савет, усё ж прапісана, калі выбіраюць у парламент—таксама ўсе функцыі прапісаны. Такое ж павінна быць і ў нас. Мы павінны зрабіць так, каб абраная КР была лепшай, чым прызначаны ўладай парламент, і магла уплываць на будучае  краіны. Справа ідзе марудна, трэба прызнацца, але фарсіраваць яе нельга. Вельмі шмат зроблена памылак, трэба іх не паўтарыць. Увесь свет даўно выпрацаваў правілы, па якіх фарміруецца прадстаўнічы орган, і ніякага дэлегавання і прызначэнняў ад НДА там няма. Нас людзі проста не зразумеюць.

Comments are closed.