Намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык правялі ў Варшаве прэс-канферээнцыю, дзе распавялі аб папярэдніх выніках пасяджэння АПК, якое зараз праходзіць.
Павел Латушка паведаміў, што прынята рашэнне аб стварэнні аператыўнага штабу, які будзе выпрацоўваць дзеянні па рэагаванні на сітуацыю, якая развіваецца ў Беларусі ў сувязі з крызісам у Расіі. У гэты аператыўны штаб увайшлі некалькі прадстаўнікоў кабінета. Павел Латушка таксама запрасіў да ўдзелу ў працы штаба прадстаўнікоў дабраахвотнікаў, якія змагаюцца ў шэрагах Узброеных Сілаў Украіны.
Пачаліся таксама кансультацыі з міжнароднымі партнёрамі для выпрацоўкі гарантый захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. За гэта адказвае прадстаўнік па міжнародных справах Валер Кавалеўскі.
«Для нас таксама важна, каб беларускія вайскоўцы не прымалі ўдзел у гэтым канфлікце, у той патэнцыйнай грамадзянскай вайне, якая ўжо адбываецца і адбудзецца ў Расійскай Федэрацыі. Мы ведаем аб тым, што Лукашэнка вядзе кансультацыі з Пуціным пра магчымасць накіравання Віцебскай брыгады Сіл спецыяльных аперацый у Маскву для таго, каб абараніць Маскву ад войска Прыгожына. Мы катэгарычна супраць», – паведаміў Павел Латушка.
Павел Латушка заявіў, што Аб’яднаны пераходны кабінет рыхтуе дзеянні, каб выкарыстаць гэтую сітуацыю ў інтарэсах беларускага народа ў аднаўленні дэмакратыі і перадачы ўлады і суб’ектнасці ўлады менавіта беларускаму народу.
Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык сказала, што кабінет будзе рады вітаць кансультацыі з украінскім бокам, каб пазіцыя кабінета была максімальна скансалідаваная з імі.
«Мы разумеем, што гэта можа быць добрым момантам для нашай супольнай кансалідацыі супраць адзінага ворага. Мы заклікаем усіх беларусаў паказваць сваю грамадзянскую пазіцыю ў гэты крызісны момант», – сказала Аліна Коўшык.
Павел Латушка таксама паведаміў, што кабінет прыняў рашэнне ўступіць у каардынацыю з палком імя Кастуся Каліноўскага, але вынікі трэба пакуль пачакаць.
Comments are closed.