Loading

Вы калі-небудзь задумваліся, што вашае цела можа быць артэфактам? А чым адрозніваецца мова цела ад мовы як такой, разважалі? І дзе тая мяжа, калі рух успрымаецца як танец? 

Пра гэта ўсё мы пагаварылі з  Ігарам Шугалеевым. Акцёр, танцор, але найперш — перформер. Калі вы яшчэ незнаёмыя з яго творчасцю, то настойліва раім прыйсці ў Новы тэатр, дзе 31 траўня, а таксама 1 і 2 чэрвеня пройдуць паказы перформанса Ich heiße Frau Troffea.

–  Ігар, ты папрасіў назваць цябе ў эфіры перформерам…

– Самаідэнтыфікацыя. Напэўна, адзін з самых складаных працэсаў, які зараз ува мне адбываецца. Справа ў тым, што ў мяне акадэмічная адукацыя, я выканаўца, акцёр. Але ад 2019 года я ступіў на тэрыторыю самастойнага мастацкага выказвання. Мне вельмі цікавы перформанс, танец. Цялеснае ўвасабленне, цялесная перадача інфармацыі.

–  Ты зараз транслюеш свой тэкст, перадаеш уласныя думкі. Наколькі для цябе гэта важна?

– У драматычным тэатры я быў акцёрам, выканаўцам, элементам. Інструментам для выказвання рэжысёра, таму што сучасны тэатр – гэта рэжысёрскі тэатр. І мне ў ім было мала месца. Усё ж я дапамагаю выказвацца іншаму чалавеку. А перформанс – гэта самастойнае выказванне, штосьці больш асабістае. Тэкст, але фізічны.

– Як тваё цела сябе зараз адчувае? Штосьці ў ім змянілася за апошні час?

– Я стараюся трымаць сябе ў форме. Цяпер яна нават лепшая за тую, якая была 4 гады таму. Я паказваю фізічна складаныя перформансы. Гэта выклік, выпрабаванне сваёй сілы волі і выпрабаванне цела на трываласць. Мне гэта падабаецца.  

– У перформансе Ich heiße Frau Troffea ты выходзіш на сцэну голы. Таксама выклік?

– Не, не. У Польшчы я даволі шмат хаджу па тэатрах і людзі тут на сцэне даволі часта распранаюцца. Гэта так натуральна… Выклік у іншым. У гэтым перформансе я выбіраю адзін спосаб існавання, выбіраю адзін рух, і развіваю яго максімальна – у хуткасці, у інтэнсіўнасці.

– Ігар, ты зараз жывеш у Варшаве. Але былі за апошні час розныя гарады, краіны.

– Я так доўга супраціўляўся Варшаве. Мне ўсё не хацелася якарыцца. Бо там два тыдні жыву, тут два тыдні жыву. Я вельмі люблю Берлін і адчуваю сябе там як дома. Але надышоў нейкі момант, калі немагчыма было жыць «у валізцы». І, на шчасце, з’явіўся астравок, дзе я магу адпачыць. Я зараз беспрацоўны, дома сяджу, і мне так кайфова! Вялікі плюс Варшавы – тут вельмі цікавы тэатр. І яшчэ, тут вельмі шмат маіх сяброў.

–  Італія? Ты пажыў крыху і там…

– Гэта быў жах. З італьянцамі вельмі цяжка працаваць. Занадта хаатычна, занадта брудна.

Вільня?

– Занадта маленькая і дарагая. 

– Ты казаў, што чуеш танец, музыку ва ўсім. Але ці паўсюль?

– Як быццам напрошваецца адказ, што гэта не залежыць ад геаграфіі, а залежыць ад самаадчування. У мяне зараз на нагах мазалі – пратанцаваў дома паўночы. Добра, што жыву на першым паверсе. Але танцорам я сябе не лічу. Танец – гэта вельмі шырокае паняцце. Дзе тая мяжа, калі рух успрымаецца як танец? Я часта над гэтым разважаю.

– А кожны можа навучыцца гэтаму руху? Ты ж таксама выкладаеш, у тым ліку і дзецям.

– Прыгадваю свой досвед у тэатральнай акадэміі ў Мюнхене. Гэта такая лабараторыя, куды на месяц прыязджаюць прафесіяналы, аматары, педагогі. І ў маёй групе была дзяўчынка. У агульным разуменні – не танцуючая. Але потым, калі мы паказвалі, чаму навучыліся, яна была самая класная, самая цікавая, самая аўтэнтычная. Кожны можа танцаваць. Хаця мае воркшопы нават не пра танец. Яны пра тое, каб звярнуць увагу на сваё цела. Дзе твая ўвага – там твая сіла.

– Адчуванне, што жыццё апошні год у цябе віруе…

– Нават занадта ўсяго шмат. Гэта класна. Таму што спачатку было здранцвенне. Цяпер трэба ўсё асэнсаваць. Час ад часу, размаўляючы ў нашым артыстычным bubble, мы думаем, ці не стаміліся ўсё ад гэтай павесткі. Няма адказу. Хочацца – рабі. Калі гэта дапамагае, то клас.

– А якія выказванні беларускіх артыстаў пераканалі за апошні час?

– Мяне выстава Цемры вельмі ўразіла. Мне так падабаецца яе шчырасць. Вельмі імпануе яе адкрытасць. Спадабаўся сваёй прастатой, яснасцю і думкай выказвання спектакль Мікіты Ільінчыка. У яго хутка будзе прэм’ера ў Komuna Warszawa.

– А што можаш параіць паглядзець у польскіх тэатрах?

– Варлікоўскі. Любы яго спектакль – неверагодны. Калі хто не ведае, спектаклі Варлікоўскага ідуць гадзін пяць, але гэта абсалютная магія. Варшаўскае кабарэ… гэта такая прыгажосць! Я там убачыў самую прыгожую сцэну ў сваім жыцці. Мне хацелася плакаць ад прыгажосці. Я вельмі люблю харэографа Паўла Саковіча, вельмі люблю ягоную «Аманду». Гэта свежыя ўражанні А ўвогуле фаварыты – Nowy Teatr, Teatr Studio, TR Warszawa.

– Як беларусы выглядаюць у кантэксце польскага, еўрапейскага тэатра?

– Вельмі складанае пытанне. Не хочацца параўноўваць, але нібыта ёсць уражанне, што беларускі тэатр трошкі буксуе. Калі казаць пра кантэкст сучаснага тэатра, мы неканкурэнтаздольныя.

– Цяпер ты публікуеш у інстаграм сторыз, дзе вядзеш падлік дням «у сваім целе». Ці не падрыхтоўка гэта да новага перформанса?

– Я падумаў, што гэта такі прыкол фіксацыі. Цела – гэта вельмі цікавы артэфакт. Ты ўвесь час у яго засынаеш, у яго прачынаешся. Калі я губляю сувязь з целам, у мяне поўны раздрай. Так, у мяне сапраўды ёсць думка для наступнага перформансу, але яна вельмі інтымная. Пакуль не магу адважыцца, не магу расказваць пра гэта.

Поўнае інтэрвʼю з Ігарам Шугалеевым слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.