Loading

У Варшаве адбылася імша памяці Алеся Пушкіна. Загінуламу мастаку беларусы прысвяцілі і традыцыйную нядзельную акцыю ў польскай сталіцы.

За супакой душы мастака, які загінуў за кратамі, маліліся ў касцёле святога Аляксандра. Імшу правёў ксёндз Вячаслаў Барок.

«Яшчэ ў 2020 годзе мы з ім доўга размаўлялі. Гаварылі пра Бога, пра царкву, пра Беларусь. Ва ўсім, што ён казаў, прасочвалася глыбокая вера ў тое, што Гасподзь не пакіне Беларусь. І калі мы, беларусы, будзем захоўваць гэтыя светлыя законы Божага валадарства ў сваім жыцці, то Гасподзь раней ці пазней здзейсніць сваё абяцанне і памяняе лёс нашай краіны. Ён вярнуўся ў Беларусь, таму што яму не было куды бегчы. Ён не зрабіў нічога кепскага. Усё сваё жыццё ён быў мастаком, любіў Беларусь. Ён маляваў сцяг сваёй крывёю. Не магло быць інакш. Той, хто лічыць сябе хрысціянінам, не можа не любіць сваю Айчыну, сваю Бацькаўшчыну. Не можа не любіць свае сімвалы. Бо за гэта раней ці пазней таксама трэба будзе даць справаздачу».

Штотыднёвая акцыя беларусаў Варшавы ў нядзелю таксама прайшла пад імем Алеся Пушкіна. Удзельнікі адзначалі, што іх захапіла тое, колькі беларусаў прыйшлі на развітанне і пахаванне мастака ў Беларусі, нягледзячы на пагрозу пераследу. Арганізатарка мітынга, Кацярына Кучук адзначае, кажа, што лічыць забітага мастака сапраўдным патрыётам і героям Беларусі, што б пра яго ні казалі прапагандысты рэжыму Лукашэнкі.

«Гэта не проста смерць, гэта забойства. Ён быў закатаваны за кратамі, загінуў менавіта з-за рэжыму. Ён з’яўляецца сапраўдным патрыётам. Чалавекам, які змагаўся за свабоду Беларусі вельмі даўно, змагаўся сваімі дзеяннямі і сваёй творчасцю».

Comments are closed.