Loading

У Тыраспалі на 28 лютага прызначаны «з’езд дэпутатаў усіх узроўняў» непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі. Мясцовы апазіцыянер Генадзь Чорба заявіў, што на гэтым сходзе “павінна быць агучаная просьба “ад імя грамадзян, якія пражываюць на левым беразе Днястра” прыняць Прыднястроўе ў склад Расіі”, а ўжо на наступны дзень, 29 лютага, аб гэтай “просьбе” нібыта абвесціць прэзідэнт Уладзімір Пуцін у сваім звароце да Федэральнага Схода. А пасля ў паскораным парадку прыме рашэнне задаволіць “просьбу, якая паступіла”. Гэтую інфармацыю ўжо абвергі з Кішынёва, Кіева і Масквы, але тэму працягваюць абмяркоўваць.  

Мы спыталі ў малдоўскага палітолага,  былога прадстаўніка Рэспублікі Малдова пры Еўрасаюзе і ААН Аляксея Тулбурэ, як гэтыя звесткі ўспрымаюць у Малдове і ці можа цяпер рэальна Расія неяк уплываць на сітуацыю ў гэтай краіне.

Улады лічаць такую магчымасць малаімавернай. Але, увогуле, у Малдове гэта выклікае трывогу. Таму што гэта падобна да сцэнарыя развіцця падзеяў, да лексікі, якая ўжывалася ЛНР/ДНР якраз перад уварваннем расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны. Яны папрасілі тады ўключэння ў Расійскую Федэрацыю, Расія адразу адрэагавала і пасля гэтага адбылася агрэсія. 

У нас таксама распісваюць такога роду сцэнарыі, што 28 лютага Прыднястроўе папросіцца ў РФ, а 29-га ў сваім звароце да Федэральнага Схода Пуцін запрапануе прыняць Прыднястроўе. Але гэта такі самы радыкальны сцэнар развіцця падзеяў. Паўтараю – эксперты, улада — лічаць, што гэта малаімаверна, таму што Прыднястроўе не мае агульнай мяжы з Расіяй, Расія не можа надаць непасрэдную падтрымку і дапамогу Прыднястроўю. 

Прыднястроўю будзе вельмі цяжка, калі ўвогуле яно зможа выжыць ва ўмовах ізаляцыі. Таму што гэтая нявызнаная рэспубліка, гэты рэгіён цалкам залежыць ад Рэспублікі Малдова, ад правага берага Днястра, у сваёй эканамічнай дзейнасці, у экспартнай палітыцы сваёй. І ў энергетычнай – бо нават газ, які паступае з Расіі таксама праз Кішынёў праходзіць перш, чым патрапіць у Прыднястроўе. Прыднястроўе без вонкавай дапамогі не зможа існаваць. Таму мы думаем, што не будзе гэтага звароту. 

Але нічога нельга дакладна прадбачыць пасля 24 лютага 2022 года. Не трэба забывацца, што ў нас яшчэ ёсць Гагаўзскі рэгіён, які таксама па-прарасійску налаштаваны. На жаль, так адбываецца – два гады вайны, але гагаўзы, тым не менш, падтрымліваюць Пуціна. І ўвогуле, там таксама нейкія такія хваляванні могуць мець месца, калі раптам Прыднястроўе пойдзе шляхам эскалацыі канфлікта. Але будзем спадзявацца, што гэтага не адбудзецца. 

А ці існуюць зараз нейкія сувязі паміж гэтай ПМР і Расіяй? 

Гэты рэгіён цалкам залежаў – палітычна, эканамічна, фінансава, энергетычна, усе гэтыя гады ад Расійскай Федэрацыі. Зараз, варта вызнаць, што ў апошнія гады ў меншай ступені. Мы заўважаем большую супрацу з Кішынёвам. І цягам усяго гэтага складанага перыяда вайны ва Украіне – 2 гады Тыраспаль намагаўся паводзіць сябе вельмі акуратна: міралюбныя пасылы, заявы пра тое, што яны не падтрымліваюць нікога і гэтак далей. 

Вось, калі цяпер гэты “з’езд дэпутатаў усіх узроўняў” – так у іх гэта завецца, такі своеасаблівы нейкі ўстаноўчы сход – пойдзе шляхам эскалацыі, запатрабуе далучэння да Расійскай Федэрацыі, гэта будзе ісці насуперак усёй логіцы паводзінаў прыднястроўскага рэгіёну апошнімі гадамі. То бок, мы павінны будзем разумець, што яны робяць гэта пад вельмі жорсткім ціскам Крамля. Таму што настрояў такіх, наколькі нам вядома, у Прыднястроўі зараз няма.  

У Прыднястроўі знаходзіцца расійскі вайсковы кантынгент. Наколькі гэта сіла, якая можа на нешта паўплываць? 

Паўтары тысячы чалавек – тры батальёны, адзін ахоўны, два вартавыя. Нават не вартавыя, яны міратворчыя. Яны ўдзельнічаюць у міратворчых аперацыях. У нас зона бяспекі паміж правым і левым берагам – вось там міратворчыя сілы, адным з бакоў якіх з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Паўтары тысячы чалавек – не ведаю, шмат гэта ці мала. На маю думку, гэта не вельмі шмат. І казаць пра нейкую адмысловую баяздольнасць гэтага кантынгенту мы не можам. Гэтыя людзі нясуць увогуле вартавую службу. Гэта не баявыя часткі. Таму разглядаць сур’ёзна гэтыя войскі як ваенную пагрозу не варта. Яны не могуць выступіць ні супраць Кішынёва, ні супраць Адэсы, Кіева. Гэта ўсё будзе спынена вельмі хутка. 

Ці можна зараз патрапіць з Расіі ў Прыднястроўе? 

Самалёты могуць лётаць. Але да таго моманту, пакуль іх не саб’юць украінскія СПА і зенітныя ўстаноўкі. То бок, фактычна зараз няма аніякай наўпроставай сувязі паміж Прыднястроўем і Расійскай Федэрацыяй. Калі нейкія прыднястроўцы вылятаюць у Маскву, то гэта праз кішынёўскі аэрапорт. І нават нейкая ратацыя афіцэрскага складу расійскіх войскаў была (зараз, здаецца, няма, але была да 2022 года) – яны ўсе прыляталі ў Кішынёў і потым ехалі на дарожным транспарце ў Тыраспаль.

Ёсць магчымасць абстрэльваць Малдову ракетамі. Але, зноў жа, гэтыя ракеты спачатку будуць перахоплівацца ўкраінскай СПА. Зразумела, што там няма стоадсоткавай эфектыўнасці, нешта можа прарвацца. Але наўпроставай ваеннай пагрозы для Малдовы зараз няма. Таму я і кажу, што такія рэзкія палітычныя заявы пра ўваходжанне ў Расійскую Федэрацыю ці просьбы аб прыняцці – яны могуць мець пэўныя наступствы і Расія ўвогуле ні ваенным шляхам, ні нейкім іншым шляхам дапамагчы Прыднястроўю ў выпадку чаго-кольвек не зможа. Прынамсі, на гэтым этапе. 

Comments are closed.