Loading

Пасля пачатку актыўнай фазы міграцыйнага крызісу на беларуска-польскім памежжы ў Белавежы распачалося сацыялагічнае даследванне. Збор інфармацыі яшчэ працягваецца, аднак першыя агульныя вынікі ўжо вядомыя. Пра іх на радыё Ўнэт распавёў адзін з аўтараў праекта Аляксандр Казак.

Перадусім Аляксандр Казак адзначае, што даследаванні пра Беларусь вельмі цікавыя для польскага навуковага поля, а тэма Беларусі вельмі актуальная ў кантэксце бяспекі Польшчы.

«Белавежа — рэгіён з цікавай палітычнай традыцыяй, калі каралі і магнаты прыязджалі сюды на паляванне і абмеркаванне стратэгічных пытанняў. У 1991 годзе там былі падпісаны «Белавежскія пагадненні», а сёння ладзяцца шматлікія палітычныя сустрэчы.

Паводле перапісу насельніцтва ў суседнім рэгіёне, Орлі, 80% жыхароў вызначаюць сябе беларусамі. У Белавежы адваротная сітуацыя: большасць мясцовых палякі. Але тутэйшыя разглядаюць Белавежу як агульны рэгіён, а не падзяляюць тэрыторыю на дзве краіны».

Белавежа перажывае сёння не самыя лепшыя эканамічныя часы. Прычынамі такой сітуацыі сталі надзвычайны стан падчас міграцыйнага крызісу і працяглы локдаўн. Даследаванне акурат і высвятляе, як змяніўся рэгіён пасля гэтых падзей, кажа Аляксандр:

«У нашых анкетах былі самыя розныя пытанні. Напрыклад, мы цікавіліся, ці трэба было будаваць плот на мяжы. Пыталіся, як людзі ставяцца да мігрантаў з Усходу і бежанцаў з Украіны. Што думаюць пра беларусаў і Беларусь. Адказы былі самыя нечаканыя».

Поўную размову з даследчыкам і палітолагам Аляксандрам Казаком слухайце ніжэй.

Comments are closed.