Loading

Асацыяцыя беларускіх ветэранаў распачынае партнёрства з Паспалітым рушэннем. Што падштурхнула да такога кроку, якія планы ў ініцыятываў і што паказала сітуацыя з так званым «паходам Прыгожына на Маскву» – распыталі ў прадстаўніка Асацыяцыі беларускіх ветэранаў у Польшчы Паўла Марыеўскага.

— Пачну ад самага пачатку. Так ці інакш, нашыя ветэраны, хто браў удзел у баявых дзеяннях ва Украіне, хто атрымаў баявы досвед, прысутнічаюць у розных харугвах Паспалітага рушэння ў розных гарадах. Як інструктары, як удзельнікі гэтых харугваў. І некаторыя нашыя нават з’яўляюцца камандзірамі асобных харугваў. То бок, мы так ці інакш камунікавалі даўно.

Калі адбылася 24 чэрвеня ўся гэтая сітуацыя з Прыгожыным, ягоны «паход на Маскву», мы аператыўна стэлефанаваліся з прадстаўнікамі розных ваенізаваных і каляваенізаваных структураў, якія ёсць на тэрыторыі Польшчы, дамовіліся сустрэцца, каб выпрацаваць нейкія агульныя планы на выпадак сумеснага паходу на Беларусь, калі адкрыецца такая магчымасць. Мы сустрэліся, зладзілі мабілізацыйныя мерапрыемствы нашых прыхільнікаў у нашых структурах, каб зразумець, як хутка мы можам сабрацца, як хутка і эфектыўна мы можам камунікаваць, як мы можам будаваць агульныя планы.

Уласна, абмеркавалі надзённыя пытанні арганізацыі. І было прынята рашэнне пра тое, што Паспалітае рушэнне і Асацыяцыя беларускіх ветэранаў будуць супрацоўнічаць. Як гэта будзе зараз выглядаць у юрыдычным плане – прапрацоўваем магчымасць скласці нейкае таварыскае пагадненне пра сумесную працу. То бок, так ці інакш, мы і так камунікуем і працуем разам, і дапамагаем адно аднаму. Проста хочам гэтыя дачыненні ўзаконіць, так можна сказаць. Ну і надалей – фармаваць сумесна структуру і планы дзеянняў на выпадак «часу Х».

Павел Марыеўскі і Сяржук Кедышка

—Што адна арганізацыя другой дае?

— Я паўтаруся зноў – нашыя ветэраны, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях ва Украіне супраць Расіі, хто звольніўся з розных прычынаў – нехта праз параненне, або стаміўся ад вайны, маюць баявы досвед і могуць яго перадаваць тым хлопцам, хто хоча супрацоўнічаць з Паспалітым рушэннем, хто трэнуецца. Могуць таксама трэнаваць, распавядаць на «жывым прыкладзе» і паказваць нейкія элементы ўзбраенняў, напрыклад, на макетах. Ну і распавядаць у тэорыі, як выглядае блізкі бой, як выглядае бой на злучанай мясцовасці, у стэпавых умовах, як гэта ва Украіне, і бой ва ўмовах горада, як гэта, напрыклад, у Бахмуце.

— А які ўнёсак з боку Паспалітага рушэння?

— У іх ёсць людзі, у іх дастаткова добрая і прадуманая структура. У іх у шматлікіх гарадах Польшчы, і зараз у Літве адкрываюцца прадстаўніцтвы. У кожным горадзе ў іх ёсць пэўная колькасць чалавек, каманды, якія трэніруюцца, якія ўваходзяць у гэтыя харугвы. Нас цікавіць іх структура, каб у выпадку «часу Х» нашыя ветэраны маглі сабрацца разам з прадстаўнікамі Рушэння ў тых гарадах, дзе ў іх ёсць прадстаўніцтвы, і разам вырушыць у прызначаны пункт для руху на Радзіму.

— Калі пачаліся падзеі 24 чэрвеня, мы чулі шмат заяваў – ад Сахашчыка, ад Ціханоўскай, ад Палка Каліноўскага і гэтак далей. Наколькі беларускія структуры былі гатовыя браць сітуацыю ў свае рукі?

— Наколькі мы назіралі ў СМІ, ніхто не аказаўся гатовы да гэтай сітуацыі, у тым ліку і мы. Мы пастараліся максімальна хутка за пару гадзінаў сабрацца ў Варшаве – тыя, хто быў у ваколіцах і ў самім горадзе, зладзілі сустрэчу, зладзілі ўнутраныя мабілізацыйныя мерапрыемствы. Мы знялі зваротную сувязь са сваіх структураў, каб разумець, як хутка і зладжана мы можам дзейнічаць.

За іншыя структуры, палітычныя, я казаць не магу, бо я не ўваходжу, не ведаю іхніх мэтаў, задачаў, чым яны займаліся. Адзінае, што вось тая структура, якая была створана Ціханоўскай, якую ачоліў Сахашчык, па-мойму, аператыўна-сітуацыйны штаб яна завецца, – ні да нас, ні да Паспалітага рушэння, наколькі я ведаю, ад гэтай структуры не паступала ніякіх запытаў, каб мы там былі неяк прадстаўлены.

— Наколькі ваша супраца наблізіць тое, каб быць гатовымі да «часу Х»?

— Найбліжэйшым часам мы пачынаем распрацоўваць сумесныя планы на такі «час Х», дзе будзе закладзена лагістыка, разгортванне, згортванне нашых сілаў, як мы будзем камунікаваць. І мы хочам, каб максімальная колькасць нашых ветэранаў, якія ёсць у розных гарадах Польшчы, Літвы, маглі сустрэцца, пазнаёміцца з прадстаўнікамі Паспалітага рушэння, хто яшчэ не знаёмыя і не ўваходзіць у гэтыя структуры, каб надалей максімальна ўзаемадзейнічаць.

Comments are closed.