Loading

Урачысты зарок рушэнца – прысягу дабраахвотніка на служэнне Беларусі – упершыню далі некаторыя сябры Беластоцкай грэнадзёрскай харугвы. Тыя, хто прайшоў тэарэтычныя і практычныя іспыты, атрымалі адпаведныя шэўроны і бардовыя бярэты.

Каля двух дзясяткаў чалавек у камуфляжным адзенні сабраліся ў лесе непадалёк ад Беластока, каб прыняць з рук свайго камандзіра з пазыўным «Шляхціч» шэўроны і бардовы бярэт. Мерапрыемства пад бел-чырвона-белымі сцягамі адбывалася, калі на падляшскі лес апусцілася цемра і таму былі запалены паходні, што надавала асабліва ўрачыстую і крыху таямнічую атмасферу.

— Старшы грэнадзёр «Хома»!
— Ёсць!
— Да мяне.
— Ёсць.
— Віншую, братка! Жыве Беларусь!
— Жыве вечна!
— Гонар і годнасць!
— Рэй!
— Стаць у шыхт.
— Ёсць!

— Грэнадзёр «Зянон»!
— Я!
— Да мяне.
— Ёсць.
— Віншую цябе, сястра! Трымай. Жыве Беларусь!
— Жыве вечна!
— Гонар і годнасць!
— Рэй!
— Стаць у шыхт.
— Ёсць.

Пасля ўручэння важных знакаў прыналежнасці да падраздзялення, дабраахвотнікі далі зарок рушэнца – прысягу змагацца за вызваленне і свабоду Беларусі.

Паводле камандзіра «Шляхціча», такая падзея вельмі значная для падраздзялення Беларускай грэнадзерскай харугвы, бо яна першая за восем месяцаў яго існавання.

— Для іх гэта вельмі важна, таму што яны восем месяцаў рыхтаваліся. Яны восем месяцаў крывёй і потам, калі можна так сказаць, заслужвалі таго, каб насіць шаўрон Беларускай грэнадзёрскай харугвы. То бок восем месяцаў яны кожны дзень працавалі для гэтага. Таму гэта вельмі многае значыць.

— А што трэба зрабіць, каб атрымаць гэтыя шэўроны і бярэты?

— У нас няма жорсткага падыходу, што, напрыклад, паласу перашкод трэба здаваць суперцяжкую ці штосьці таго кшталту. Не. У нас галоўная мэта атрымаць разумнага ваяра. То бок ён мусіць узяць тыя веды, якія яму даюць афіцэры, ужыць гэта на практыцы, здаць невялікія экзамены, якія зусім не складаныя. Нашы экзамены падзяляюцца на дзве катэгорыі – гэта тэорыя і практыка. Здаецца тапаграфія, гісторыя Беларусі, ваенная гісторыя, веданне тэхнікі ворага, абавязкова ваенна-палявая медыцына. Пасля тэорыі здаецца практыка. Наша падраздзяленне ўдзельнічае ў штурме: «узвод у наступе», «узвод у абароне», «засада», «контрзасада». Тое, што даецца ў тэорыі, потым правяраецца на практыцы, і наколькі засвойваюцца гэтыя ўрокі. Пасля таго, як афіцэры вырашылі, што пэўная група грэнадзёраў ужо падрыхтавана да здачы практычнага экзамена ўстройваецца невялікая паласа перашкод, пасля чаго грэнадзёры атрымліваюць свае запаветныя шаўроны і бярэты.

Comments are closed.