Loading

Лукашэнка сваім указам прызначыў Адзіны дзень галасавання, калі ў Беларусі павінны вызначыць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Гэта першая электаральная кампанія пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У Беларусі зачышчана ўсё поле грамадзянскай актыўнасці. І тым не менш ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая шмат разоў арганізоўвала і праводзіла незалежнае назіранне на выбарах рознага ўзроўню, абвясціла, што і гэтую кампанію не пакіне па-за ўвагай. Тое, як праваабаронцы збіраюцца ацэньваць легітымнасць вызначэння дэпутатаў мы даведаліся ў юрыста і аналітыка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Паўла Сапелкі.

— Мы вельмі крытычна ацэньваем тыя ўмовы, у якіх пачынаюцца працэсы, што папярэднічаюць галасаванню. І мы выкарыстоўваем гэты тэрмін «выбары» таксама вельмі ўмоўна. Пра гэта наўпрост заяўляем. Кажам пра тое, што сапраўдныя выбары маюць пад сабой не толькі працэс галасавання, але і стварэнне ўмоў для вольнага выказвання меркаванняў, для рэалізацыі права на асацыяцыю і гэтак далей.

Безумоўна, гэта, відавочна, самая складаная з усіх папярэдніх электаральных кампаніяў. Мы шмат разважалі пра тое, ці варта нам – праваабаронцам, пачынаць нейкага фармату маніторынг гэтых працэсаў. І прыйшлі да высновы, што неабходна. Таму што, па-першае, наша задача сачыць за захаваннем правоў чалавека. Мы ведаем, што, найхутчэй, у працэсе электаральнай кампаніі будуць сур’ёзна парушацца правы чалавека, будзе абвастрацца супрацьстаянне ўладаў і народа, відавочна, будуць узмацняцца рэпрэсіі.

Гэтая кампанія першая пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яна будзе праходзіць паводле змененых правілаў. Яна будзе праходзіць ва ўмовах татальных рэпрэсій. І, відавочна, улады пасля таго, як яна адбудзецца, будуць прадпрымаць усе намаганні для таго, каб «адбяліць» нанова створаныя органы ўлады – Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, у вачах, у тым ліку, і міжнароднай супольнасці, будуць настойваць на тым, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі беларускага народу. Трэба будзе даць вельмі дакладныя, цвёрдыя і зразумелыя ацэнкі датычна адпаведнасці гэтых заяў рэчаіснасці. У гэтым мы таксама бачым сваю задачу.

Мы адмовіліся гэтым разам ад паўнавартаснага назірання. Маю на ўвазе, што мы не можам накіроўваць назіральнікаў у выбарчыя камісіі. Гэта небяспечна для людзей. Яны найхутчэй не будуць дапушчаныя да назірання ці да ўдзелу ў гэтых камісіях, з аднаго боку, а з іншага боку, яны напэўна яшчэ будуць падвергнутыя рэпрэсіям.

Таму мы кажам пра тое, што гэта такая экспертная місія, што мы будзем грунтаваць свае высновы на наяўным заканадаўстве, на адкрытых крыніцах. І адной з формаў атрымання інфармацыі мы ўяўляем тую інфармацыю, якую нам будуць перадаваць неабыякавыя выбаршчыкі.

— Днямі старшыня ЦВК Карпенка заявіў, што нават спісы чальцоў выбарчых камісіяў зараз ужо будуць засакрэчаныя. Як ваша экспертная місія зможа здабываць інфармацыю?

— Такі фармат ужо быў выпрабаваны намі падчас назірання за рэферэндумам у пытанні ўнясення зменаў у Канстытуцыю Беларусі, які адбыўся ў лютым 2022 года. І ў прынцыпе, гэта была дастаткова эфектыўная форма. Мы сабралі дастаткова звестак для таго, каб прыйсці да тых высноваў, якія мы выклалі ў сваёй справаздачы.

Нягледзячы на тое, што нейкая інфармацыя будзе хавацца ўладамі, тым не менш, немагчымасць атрымання інфармацыі – гэта таксама адзін з вынікаў назірання, маніторынга. І ён мусіць быць слушна ацэнены сукупна з іншымі акалічнасцямі. І ён можа легчы ў падмурак ацэнкі гэтых выбараў з гледзішча іх дэмакратычнасці, празрыстасці і адпаведнасці прынцыпам свабодных выбараў.

— Ці можаце вы ўжо на гэтым этапе ацэньваць тое, як пачынаецца гэтая выбарчая кампанія?

— Гэта пакуль трошкі заўчасна. Мы будзем літаральна найбліжэйшымі днямі выпускаць такую ўмоўна названую «нулявую справаздачу». То бок, тую справаздачу, якая фіксуе становішча ў пачатку выбарчай кампаніі. Мы абавязкова адзначым тыя ўмовы, у якіх пачынаецца кампанія, узровень рэпрэсій, той стан грамадзянскай супольнасці, той факт, што з 15 палітычных партыяў, якія існавалі на пачатак 2023 года, засталося толькі тры, астатнія былі ліквідаваныя. Цягам года была зарэгістраваная яшчэ адна праўладная партыя. То бок, зараз у Беларусі ёсць чатыры праўладныя партыі і няма аніводнай апазіцыйнай.

Мы будзем казаць пра тое, што многія людзі з ліку тых, хто мог бы спрабаваць вылучацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, зараз пазбаўлены волі альбо дэ-факта дэпартаваныя за межы Беларусі. Мы будзем ацэньваць тыя ўмовы, якія ўжо зараз закладваюцца дакументамі Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія будуць вызначаць той парадак, у якім будуць праводзіцца выбары.

— Хто будзе асноўнымі адрасатамі вашых справаздачаў?

— Як звычайна, зацікаўленыя ў атрыманні гэтай інфармацыі рознага роду палітычныя суб’екты, як у сярэдзіне Беларусі, так і за яе межамі, міжнародныя арганізацыі. І, я мяркую, што з высновамі назірання мы азнаёмім і беларускія ўлады. Таксама мы азнаёмім іх з нашымі рэкамендацыямі.

Comments are closed.