Loading

У Вільні адкрылі мурал, прысвечаны Алесю Бяляцкаму. Выява праваабронцы, лаўрэта Нобельскай прэміі міру размешчана насупраць беларускай амбасады. Гэта была ініцыятыва літоўскіх улад, якую падтрымалі беларускія праваабронцы.

Над муралам Алесю Бяляцкаму працавалі мастакі з лабараторыі Kiaurai sienas і калектыву Gyva Grafika. Для іх гэта быў сапраўдны подзвіг дзеля мастацтва і грамадства: мароз і снег у Вільні ў апошні тыдзень дакладна не спрыялі таму, каб знаходзіцца на вуліцы больш за паўгадзіны, а тым больш маляваць уначы і ўдзень. Калегам, якія працавалі ў мінусавую тэмпературу, падзякавала аўтарка муралу Ліна Шлепавічуце-Чарняўскене, і дадала, што не раздумваючы адгукнулася на прапанову Міністэрства замежных спраў Літвы, якое гэты праект ініцыіравала.

Намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас адзначыў, што гэты мурал пасыл усім палітвязням Беларусі, што пра іх памятаюць і будуць дабівацца іх вызвалення, і рэжыму ў Мінску, што пра яго ўчынкі таксама не забудуць і за кожнага палітвязня прыйдзецца адказваць.

«Алесь Бяляцкі для нас з’яўляецца сімвалам беларускага супраціву і барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці. Такі Нельсан Мандэла нашых дзён. Гэта сваёй узнагародай прызнаў Нобелеўскі камітэт. У асобе Алеся Бяляцкага мы падтрымліваем і ўзгадваем усіх палітычных вязняў Беларусі. У нас ёсць план дзеянняў адносна палітычных вязняў. Джо Байдэн у сакавіку склікае саміт па дэмакратыі, мы там якраз курыруем тэму палітзняволеных, якія палітычныя і дыпламатычныя крокі трэба рабіць, каб вызваліць такіх людзей, як давіць на рэжымы, у тым ліку і беларускі. Я не веру, што Лукашэнка зараз абальецца слязьмі і выпусціць палітвязняў. Але трэба пастаянна ўздымаць гэтае пытанне, ціснуць. Што тычыцца гандлю палітзняволенымі, то мы ўжо навучыліся. Такія здзелкі, кшталту прыбярыце санкцыі, а мы каго-небудзь выпусцім, для нас ужо не спрацуюць. Ці вызваленне ўсіх палітзняволеных, новыя выбары і адказнасць за злачынствы, ці санкцыі будуць дзейнічаць».

Крыніца: facebook.com/Adomenas

Праект падтрымалі і паплечнікі Алеся Бяляцкага па праваабрончай дзейнасці.

Алена Маслюкова: «Алесь Бяляцкі – гэта чалавек, якія паклаў усе сваё жыццё на барацьбу супраць дыктатуры, несправядлівасці і супраць парушэння правоў чалавека. На жаль, імя Бяляцкага ніяк не ўшанавана ў яго родным Светлагорску, але гэта пытанне часу. Партрэты і муралы Алеся будуць у многіх беларускіх гарадах, як гэта зараз адбываецца ў Вільні. Я вельмі ўдзячна літоўскай дзяржаве і літоўскаму народу за тое, што яны зараз зрабілі для беларусаў».

На фота паплечнікі Алеся Бяляцкага Сяржук Сыс і Алена Маслюкова.

Сяржук Сыс: «Мы не маглі замахнуцца на такі грандыёзны праект, але актывісты, былыя амбасадары прапанавалі нам. І месца было знойдзена ўладамі Вільні, і сродкі, каб гэта сварыць. Ад нас была канцэпцыя. І гэта рабілася вельмі хутка: за месяц фактычна ўсё ўзгаднілі, бо ўсе ішлі насустрач».

Размешчаны мурал насупраць беларускай амбасады ў Вільні, на будынку гімназіі, і павінен кожны раз нагадваць хаўруснікам рэжыму пра іх злачынствы. Сам Алесь, нават знаходзячыся за кратамі, пастаянна ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці і нагадвае свету пра Беларусь – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Алесь Бяляцкі, нават будучы ў турме, прабіў вось гэтую сцяну неразумення, што адбываецца ў Беларусі. Дзякуючы яму зноў усе сусветныя медыя напісалі пра Беларусь, зноў гавораць пра абарону беларускай Незалежнасці, зноў гавораць пра палітвязняў. І вось гэтыя акцыі салідарнасці, якія прайшлі па ўсім свеце 10 снежня і працягваюцца да гэтага дня, гэта ўзор таго, што беларуская справа яшчэ незабытая светам. Ёсць вялікі сімвалізм у тым, што Алесь пазірае адсюль на беларускую амбасаду, сурова, але ў той жа час з аптымізмам, гэта дае мне асабіста вялікае натхненне на перамены».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.