Loading

У суботу 29 ліпеня незалежныя беларускія медыі аб’яднаюцца ў 12-гадзінным усебеларускім анлайн-марафоне салідарнасці «Нам не ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных зняволеных і іх сем’яў. Да эфіру далучацца блогеркі і блогеры, палітыкесы і палітыкі, дзяячкі і дзеячы культуры і спорта, грамадскія актывісткі і актывісты. Радыё Ўнэт актыўна падтрымала марафон: эфір з нашай студыі з 20.30 па 22.00 па мінскім часе. Да нас завітаюць вядомыя беларускія выканаўцы Піт Паўлаў і Юры Стыльскі, а таксама гурты Atesta i Belarusian True Story.

Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным – расказала радыё Ўнэт ініцыятарка марафону, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова.

— Вольга, якія мэты Вы ставілі перад сабой, калі выходзілі з ідэяй гэтага марафону?

— Ідэя гэтага марафону ў першую чаргу заключаецца ў зборы сродкаў. Мы ведаем, што арганізацыі, фонды, праваабарончыя ініцыятывы, якія ўсе гэтыя гады дапамагаюць палітзняволеным і іх сем’ям, часта сутыкаюцца з тым, што запытаў на атрыманне дапамогі і падтрымкі ў іх больш, чым рэсурсаў. Таму, улічваючы маштаб рэпрэсій і такую вялікую колькасць палітзняволеных у краіне, мы павінны аб’ядноўвацца, каб узмацніць працу гэтых арганізацый і дапамагаць большай колькасці людзей.

Таксама адна з мэт – гэта аб’яднанне. Бо нават у нашым руху, дэмакратычным, ёсць шмат спрэчных момантаў, несупадзенняў поглядаў, мы па-рознаму можам бачыць палітычныя стратэгіі і выхады з крызісу. Таму наша задача прадэманстраваць у тым ліку гэтае аб’яднанне і салідарнасць на прыкладзе вельмі балючай для многіх тэмы – палітзняволеных.

— Вы закранулі тэму фінансаў, а ці ставілі Вы перад сабой мэту, колькі грошай вы хочаце сабраць?

— Мы безумоўна марым і лічым, што ў рамках такога марафону будзе вельмі файна, калі мы збярэм адчувальную суму. Што гэта будзе не некалькі тысяч еўра, а сума, у рамках якой вялікая колькасць сем’яў зможа атрымаць падтрымку. Але важна разумець рэальнасць, важна разумець кантэкст, у якім зараз апынулася Беларусь. Прыкладаў такіх збораў шмат: мы бачым, як збіраюцца персанальныя зборы на тым жа Байсоле і т.д. Напэўна, я бы марыла, і была б вельмі задаволена, калі б мы прыйшлі да сумы прыблізна роўнай 100 тысячам (еўра–рэд.)
Гэта нават маленькая сума, таму што мы палічылі, калі на кожнага палітвязня сабраць па сто еўра, то гэта ўжо амаль 150 тысяч.

Так, мы разумеем, што грошай трэба шмат. Але, па-першае, гэта для нас новы інструмент. У Беларусі ніколі не праводзіўся анлайн-марафон, у якім аб’ядналіся бы столькі СМІ, медыя-пляцовак. Мы разлічваем на падтрымку ўсіх беларусак і беларусаў, не мае значэння, ці гэта фізічныя асобы ці беларускі бізнес. Бо на ўмовах поўнай ананімнасці можна падтрымаць гэты збор, нават, калі вы апасаецеся публічна падтрымліваць працу такіх арганізацый. Так, нам неабходна вялікая сума сродкаў, каб мы шчыра маглі прызнацца: мы дапамагаем усім, каму неабходна дапамога і хто яе запытаў. І гэта тая мэта, да якой мы павінны імкнуцца. І гэта наш эксперымент. Калі мы зразумеем, што гэты інструмент працуе, то мы будзем надалей развіваць гэтую ідэю салідарнасці. Але, калі мы зразумеем, што гэта тая рэч, якая не прыносіць вялікіх рэсурсаў і вялікай падтрымкі, мы будзем прыдумваць штосьці новае. У нядзелю ў 23.59, калі закрыецца збор данатаў, мы будзем прымаць рашэнне, як дзейнічаць далей.

— Вы ўжо сказалі, што ёсць запыты ў Вас на дапамогу, а што гэта за запыты?

— Мы правялі папярэднюю працу. Мы вышлі на кантакт з усімі дабрачыннымі фондамі, фондамі салідарнасці, праваабарончымі ініцыятывамі, пра працу якіх мы ведаем. Гэта 25 арганізацый і ініцыятыў. Мы збіралі прапановы па незакрытых патрэбах іх мэтавых груп. Мы атрымалі вельмі сур’ёзную інфармацыю, што сем’яў, якім патрэбна дапамога, прама зараз больш, чым арганізацыі могуць апрацаваць. Калі мы думалі, на што пойдуць сабраныя сродкі, мы зразумелі, што ёсць пэўныя прыярытэты. Першае і галоўнае, гэта аплата паслуг адвакатаў. Мы ўсе добра разумеем, колькі каштуюць такія паслугі і як цяжка знайсці адваката на палітычныя справы. Другое – гэта такія побытавыя выдаткі, якія здаюцца нязначнымі, гэта прадуктовыя пасылкі, перадачы, рэчы першай неабходнасці, якія патрэбны чалавеку за кратамі. І наступны накірунак – падтрымка сем’яў. Бо насамрэч часта за краты трапляе адзіны кармілец у сям’і, у якога могуць быць старыя бацькі, дзеці. У нас сядзяць дзясяткі шматдзетных бацькоў, то бок мы ведаем, што гэта сем’і, у якіх трое дзяцей і больш. Таму мы ў пэўных прапорцыях будзем размяркоўваць гэтыя сродкі на розныя патрэбы: адвакаты, прадукты, падтрымка сем’яў.

— Зараз шмат палітзняволеных выходзяць, адбыўшы тэрмін пакарання. Што з падтрымкай гэтых людзей? Ці ёсць механізм яе маштабіраваць?

— Так, сапраўды, гэта вялізная праблема, вялізны боль. Таму што мы ўсе яшчэ сутыкаемся з праблемай абмежаванасці рэсурсаў. І важна разумець, што людзі, якія выйшлі пасля адбыцця пакарання ці пасля хіміі, многія з іх застаюцца ўнутры краіны, застаюцца з павышанай рызыкай. У асноўным яны без працы, бо іх звальняюць у момант заключэння. Ім патрэбна фінансавая дапамога, дапамога з псіхалагічнай падтрымкай і медыцына. Насамрэч наступствы доўгатэрміновага зняволення для чалавека каласальныя і закранаюць усе аспекты яго жыцця. З другога боку праблема тых, хто тэрмінова выехаў. Такіх людзей ужо сотні. Яны прыехалі ў краіны, дзе ім трэба дапамагаць з легалізацыяй, дзе ім патрэбна дапамагаць арандаваць жыллё, дапамагаць з пошукамі працы. Насамрэч інфармацыя, якую, напэўна, не ўсе хацелі б ведаць, таму што часам здаецца, што гэта глабальная праблема, якую мы сваімі рукамі не вырашым. Мы працуем над тым, каб была нейкая гарантаваная сістэма падтрымкі для тых людзей, якія выходзяць з турмаў. Але тут без дыяспар, без актывістак і актывістаў на месцах, без падтрымкі міжнароднай супольнасці мы не справімся. Таму што працэс рэабілітацыі, выдаткі, якія нясе палітзняволены, не важна, застаецца ён у краіне ці выязджае, яны велізарныя. І ні адна арганізацыя, ні адзін рух не валодае зараз такімі рэсурсамі. Гэта тая задача, тая праблема, якую нам трэба разам вырашаць.

— Ужо пэўны час вы курыруеце тэму палітзняволеных на высокім узроўні, у кабінеце Святланы Ціханоўскай. Якія высновы Вы для сябе зрабілі? Ці цікавыя беларускія палітзняволеныя міжнароднай супольнасці ці пра іх згадваюць толькі тады, калі ёсць нагода?

— З аднаго боку мы разумеем, наколькі сур’ёзным стаў геапалітычны кантэкст і як змяніліся настроі ў сувязі з поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну. Калі побач адбываецца такая гуманітарная катастрофа, вайна, вось гэтае зло ў чыстым выглядзе, то мы разумеем, што ў міжнародным парадку дня Беларусь адышла на другі план. У нас ужо няма той падтрымкі, якая была раней і няма тых рэсурсаў. Але важна разумець, што міжнародная супольнасць, няхай не так, як бы нам хацелася, але яна рэагуе, рэагуюць краіны, якія самі сутыкнуліся з палітзняволенымі, рэагуюць сімвалічныя «хросныя», якія ўзялі апеку над палітзняволенымі, таму што ў іх ёсць інфармацыя пра катаванні ў турмах, пра смерці вязняў. Зразумела, што ў нейкія трагічныя моманты, калі з’яўляюцца нейкія трагічныя навіны, міжнародная супольнасць актывізуецца, сусветныя СМІ зноў пішуць пра Беларусь і пра нашу бяду. Мы робім усе магчымае, каб трымаць палітзняволеных у міжнародным парадку дня, мы працуем з міжнароднымі арганізацыямі, каб яны павялічвалі падтрымку для арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія працуюць з гэтай праблемай у Беларусі. Хацелася б сказаць, што гэтай падтрымкі дастаткова, але гэта няпраўда. І ёсць яшчэ момант важны, такі маральна-ментальны для беларусаў. Мы спрабуем гэтую адказнасць з кім-небудзь падзяліць. Мы чакаем, калі пераможа Украіна, мы верым у гэтую перамогу і верым, што быццам бы гэта дапаможа нашым вязням. Мы чакаем падтрымкі Захаду, думаем, што яны дапамогуць і дадуць якія-небудзь рэсурсы, адкрыюць гуманітарныя праграмы, і тады мы зможам дапамагаць усім. Але нам важна прыняць гэтую адказнасць на сябе і зразумець, што праблемы беларусаў будуць вырашаць толькі беларусы. Таму што гэта нашы сябры, нашы родныя сядзяць, Ніхто нават эмацыйна так не ўцягнуты, магчыма акрамя краін, якія сутыкалі з падобным вопытам, гэта краіны-суседкі, бо мы вымушана апынуліся на іх тэрыторыі і яны не могуць закрыць вочы на нашыя праблемы. Але нам трэба ўсвядоміць: толькі ў нашых руках тое, з чым мы ў выніку апынемся ў краіне і тое, з чым па выніку апынуцца палітзняволеныя і іх сем’і.

Comments are closed.