Loading

У Варшаве ў нядзелю прайшоў устаноўчы сход патрыятычнай кааліцыі «Нацыянальна-дэмакратычная платформа». Былі запрошаны прадстаўнікі беларускіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый.

Адным з асноўных пытанняў, узнятых падчас сходу, было пытанне легітымнасці некаторых структур у беларускіх дэмакратычных сілах. У прыватнасці такой нелегітымнай структурай лічаць Каардынацыйную Раду. Па словах суарганізатара сходу, палітычнага актывіста Віталя Макаранкі, менавіта вяртанне легітымнасці беларускім дэмакратычным сілам і ёсць адна з галоўных мэт ініцыятывы на дадзеным этапе.

«Асноўная мэта ў нас, у прынцыпе, вельмі простая – гэта вяртанне суб’ектнасці беларускім нацыянальна-дэмакратычным сілам у палітычным працэсе. Дзеля гэтага мы і сабраліся. Каб нарэшце паставіць кропку і вызначыць кола адказных людзей, якія будуць гэтым займацца ў самы бліжэйшы час».

Пры гэтым, арганізатары адзначаюць, што яны настроены на супрацу з усімі арганізацыямі і ініцыятывамі сярод беларускіх дэмакратычных сіл, хоць і дапускаюць, што не ўсе гэтыя сілы могуць пажадаць супрацоўнічаць.

«Мы заўсёды спадзяваліся і спадзяемся на моц, на голас беларускага народа. Хтосьці будзе ездзіць і прадстаўляць беларускі народ да таго часу, пакуль людзі будуць з гэтым згодны. Таксама мы будзем мець голас і права голасу тады, калі за намі будуць людзі. Над гэтым мы, якраз, і працуем. Мы настроены на тое, каб супрацоўнічаць з усімі сённяшнімі беларускімі цэнтрамі палітычнай актыўнасці. Калі яны не захочуць, ну што-ж, людзі пабачаць, хто якія прапануе ідэі, каштоўнасці, падыходы».

Удзел у працы Сходу прынялі прадстаўнікі 4 партый і больш чым 20 грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятыў. У якасці гасцей на Сходзе прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінету. Каб паўдзельнічаць у мерапрыемстве людзі прыехалі ў Варшаву з Беластока, Гданьска, а таксама з Украіны, Літвы і нават Расіі.

На першай сустрэчы абраны прадстаўнікі платформы, якія будуць працаваць па вайсковым накірунку і са СМІ. У бліжэйшы час будзе праведзены яшчэ адзін арганізацыйны сход патрыятычнай кааліцыі.


Comments are closed.