Краінай замкаў называлі сучаснікі нашу зямлю. І гэта сапраўды так. Амаль праз кожныя 30-40 кіламетраў на колішняй тэрыторыі Беларусі стаяў велічны мур. Абарончыя збудаванні – неад’емная частка беларускай культуры, сведкі яе нялёгкай, складанай і багатай гісторыі.
1. Гальшанскі замак
Калісьці быў адным з самых прыгожых у Вялікім Княстве Літоўскім. Пабудаваны на ўскрайку мястэчка Гальшаны ў 1610 годзе для Паўла Сапегі, уяўляў сабой трыкутны будынак з квадратным дваром.
Гальшанскі замак – адзін з самых вядомых у Беларусі. Найперш – дзякуючы гістарычнаму дэтэктыву Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Натхнялі старадаўнія муры і мастакоў. Цікава, што замалёўвалі яны Гальшанскі замак з аднаго і таго ж ракурсу. Від на замак з усходу ў 1853 годзе абраў Вінцэнты Дмахоўскі, у 1876 – Напалеон Орда, а ў 1929 – Язэп Драздовіч. Атрымалася своеасаблівая і даволі сумная гісторыя знікнення славутага помніка.
2. Наваградскі замак
У яго мурах праходзілі соймы Вялікага Княства Літоўскага, там падпісалі Крэўскую ўнію, і менавіта ў вежы Наваградскага замку па загадзе караля Ягайлы быў задушаны яго дзядзька Кейстут. А яшчэ, мясцовыя жыхары кажуць, што тут ёсць сакрэтны падземны ход, які вядзе да Вільні. Не дзіўна, бо пабудаваў замак вялікі князь літоўскі Гедымін. Колішні ідэал абарончага дойлідства меў трагічны лёс. Сёння ад старадаўніх муроў захаваліся толькі вежа Шчытоўка і касцельная вежа.
3. Быхаўскі замак
Гэта крэпасць XVII стагоддзя. Барочны помнік, заснавальнікам якога стаў Ян Караль Хадкевіч, захаваўся толькі часткова і стаіць цяпер у руінах. А калісьці менавіта ён праславіў Быхаў і меў велізарнае абарончае значэнне для рэгіёну. У вайне сярэдзіны XVII стагоддзя палацавы комплекс перажыў некалькі працяглых аблог. У 1772 годзе тэрыторыя з замкам увайшла ў межы Расійскай імперыі. Сапегі, якія валодалі палацавым комплексам, перасталі за ім сачыць, і будынак паступова прыйшоў у заняпад.
4. Замак у Любчы
Пасёлак Любча знаходзіцца ў Навагрудскім раёне і ўпершыню згадваецца ў летапісах у самым пачатку XV стагоддзя. Замак з’явіўся на беразе Нёмана стагоддзем пазней. Спачатку быў драўляным, а пасля таго, як да забудовы прыклаў руку Кшыштаф Радзівіл, стаў мураваным. І ўсё б добра, калі б не сумныя падзеі 1655 года, калі падчас нападу казакоў замак быў разбураны. Гэта падзея стала ракавой – Радзівілы з’ехалі з Любчы і замак згубіў сваю тактычную і абарончую функцыю.
З тых часоў ён неаднаразова мяняў гаспадароў, а ў XIX стагоддзі быў цалкам перабудаваны ў новы светлы палац у англійскім неагатычным стылі.
5. Мірскі замак
Знакамітая рэзідэнцыя Радзівілаў агорнутая рознымі легендамі і таямніцамі. Гэта і галава барана ў сцяне, што нібыта падтрымлівае фасады, і чалавек у доўгім цёмным плашчы ды цыліндры, з-за якога можа і мову адняць. Ну і вядома, бяскрыўдная Сонечка, ахвяра праклятага яблыневага саду, які быў ссечаны дзеля жывапіснага вадаёма, у якім потым сталі тануць людзі… І як тут разабрацца, што праўда, а што – фантазія?
Comments are closed.