У Кіеве на базе беларуска-ўкраінскага хабу «Сустрэча» адбылася дыскусія, прысвечаная 33-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларусі.
Дыскусія праходзіла ў беларуска-ўкраінскім хабе «Сустрэча», а яе суарганізатарам выступіў аналітычны цэнтр «Украінская прызма». Сярод спікераў была прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык. Таму асноўнымі тэмамі абмеркавання сталі пытанні нацыянальнага адраджэння і нацыянальнай ідэнтычнасці. І, цалкам чакана, дыскусія закруцілася вакол моўнага пытання. Акрамя Аліны Коўшык спікерамі на дыскусіі сталі журналістка Аліна Рудзіна і дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда, якія былі непасрэдна ў хабе, спявачка і вядоўца Кацярына Ваданосава, журналіст і музыка Ігар Палынскі і сябра інцыятывы «Літапис незламності» Алеся Жыткова, якія далучаліся да абмеркавання анлайн.
Варта сказаць, што амаль усе і спікеры, і іншыя прысутныя на дыскусіі прытрымліваліся меркавання, што беларусы павінны размаўляць па-беларуску, а пасля змены ўлады ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова – і гэтая мова мусіць быць беларускай.
Апаніравала практычна ўсім удзельнікам дыскусіі расійскамоўная блогерка з Беларусі, якая зараз жыве ва Украіне, Таццяна Мартынава. Яна лічыць, што з беларусамі трэба размаўляць не па-беларуску, а па-расійску, бо большасць беларусаў самі зараз размаўляюць па-расійску, і той, хто хоча, каб яго пачулі, мусіць сыйсці да ўзроўню гэтае большасці.
«У меня есть время ответить и меня никто не заткнет? Очень важно понимать: работа с реальностью. Сегодня в Беларуси, внутри, люди говорят на русском языке. Практически все. Ну, там есть 11%. Это исследование Годна 2020 года, которому я верю – 11% было важно национальные символы, «мова» и так далее. И это не мало. 11% – это во!
И вот эта часть беларусов, которая может, благодаря другой информационной политике государства, это поднимать на флаг. Не то, чтобы «ах, у тебя другой флаг – на тебе древком по башке!». Потому что у нас это уже было – беларусы это не приняли. На этом сгорел Пазняк – забил Шушкевича, которого, если бы мы выбрали, мы бы как раз-таки «рухались» в другую сторону гораздо быстрее. И сегодня с этими людьми надо говорить. Те, которые внутри страны. Потому что с ними говорит российская пропаганда на языке, который им понятен. А мы тут такие: вот ты говоришь на русском – ты г..но. Подождите, ребята! Так нельзя! Надо очень аккуратно это делать. И я говорю на русском языке, потому что, а кто, кроме меня сегодня из «шановного змагарства» «цэ робіць»?»
З пазіцыяй спадарыні Таццяны многія, хто выказваўся, не пагаджаліся. І аргументы былі дастаткова вядомыя і відавочныя: мова – асноўная прыкмета нацыі.
Аліна Коўшык па заканчэнні дыскусіі ў нашай з ёй размове не магла не закрануць моўнае пытанне, якое, заўважна, баліць і спадарыне Аліне.
«Я перакананая, што для беларусаў беларуская мова павінна быць дзяржаўнай мовай. Але мы павінны перадусім вывучыць яе, навучыцца ёю карыстацца. Але, таксама не забываць пра тое, што мы жывем не ў вакууме.
І я думаю, што беларусам вельмі не хапае таксама ведаў ангельскай мовы, што вельмі пашырае светапогляд і ўспрыняццё інфармацыі. Сёння на дыскусіі я расказвала пра тое, што ў Грузіі, як мне казалі мае грузінскія калегі, вельмі шмат для барацьбы з прапагандай дала кампанія, калі яны прывезлі ў краіну некалькі тысяч людзей, якія натуральна сваёй роднай мовай маюць ангельскую. Гэта былі масавыя курсы, навучанне ангельскай мове.
Як толькі ты пашыраеш свае веды, адкрываешся на іншы свет. Ты перастаеш спажываць вось гэтую расійскую імперскую культуру і таксама пазбаўляешся гэтай часткі імперскай прапаганды, якая ліецца.
Таму, я думаю, што беларуская мова павінна быць абавязкова. І, калі раней вельмі асцярожна палітыкі падыходзілі да гэтага пытання, казалі, што, маўляў, беларусы не гатовыя, усё-такі давайце, можа, дзве мовы. Я перакананая, што зараз, ва ўмовах вайны, тое, што чорнае, мы вельмі яскрава бачым, што гэта чорнае, і што ёсць белае. Мы выбіраем святло, мы выбіраем беларускую мову, мы выбіраем нашу нацыянальную, незалежную дзяржаву, мовай якой будзе беларуская».
Цалкам рэпартаж з дыскусіі ў Кіеве слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.