Loading

Акцябрскі раён стабільна трымаецца ў ліку найбяднейшых раёнаў краіны. Мы вырашылі паразмаўляць з тымі, хто ведае жыццё ў гэтых бедных раёнах, так бы мовіць, знутры. А Акцябрскі вядомы тым, што менавіта там пачынаў працаваць вядомы цяпер ютуб-канал Рудабельская Паказуха, які вядуць Андрэй і Вольга Павукі. Мы паразмаўлялі з блогеркай і грамадскай актывісткай з Акцябрскага Вольгай Павук пра жыццё ў Акцябрскім, вымушаную эміграцыю, стасункі з чыноўнікамі і прычыны беднасці гэтых раёнаў.

Цалкам размову з Вольгай можна паслухаць у плэеры ніжэй, а тут прапануем самыя цікавыя моманты.

Пра рэчаіснасць Акцябрскага раёна:

«З Бараноўскага мы зрабілі блогера. Ён даваў нам даведкі кожны тыдзень наконт кавіда. І потым яго часта сталі паказваць у розных ток-шоу на Гомельскім дзяржаўным тэлебачанні і ён стаў вельмі медыйны чалавек».

«Існуе такая байка, я думаю, што гэта нават праўда, што беларускіх чыноўнікаў адпраўлялі працаваць у Рудабелку для таго, каб пакараць іх: зрабілі нешта дрэннае на папярэдняй працы – едзьце тады ў Рудабелку, там вас Павукі навучаць як жыць!».

«Мы ўжо трэці год у Літве і сувязь з мясцовымі ўжо не такая цесная. Можна іх зразумець, людзі баяцца. Мы ж «экстрэмісты», людзі баяцца, бо хто ведае, што гэтага выйдзе. Мы ведаем, што нашых сяброў затрымлівалі і былі фармулёўкі, што затрымалі іх за тое, што яны з намі сябруюць».

«У нас раён з лясамі і некалі было зарэгістравана больш за 80 прадпрыемстваў, якія нешта рабілі з лесу – пілавалі, прадавалі і нешта з яго рабілі. А цяпер праз санкцыі ў іх вялікія праблемы. Лясгасы ж зараз, як я чула і з іншых раёнаў, нібы прастайваюць. А ў нашай Рудабелцы лясгас – гэта была адзіная самастойная арганізацыя, якая засталася ў раёне. Усе астатнія, нават пошту ці нейкія ПМК перадалі на баланс іншых раёнаў, бо Акцябрскі не мог іх сабе дазволіць».

«Я званіла ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і леташні міністр, якога ўжо з гэтай пасады знялі, тады вельмі эмацыйна расказваў, што такога ганебнага ўраджаю, як у нас, мабыць няма ва ўсёй краіне. 15 цэнтнераў з гектара – гэта наша тая ўраджайнасць. І ён кажа, што калі б яны нават нічога не рабілі, а проста зерне пакідалі пад ногі, дык, мабыць, і то лепш бы нарасло – гэта яго словы».

«Акцябрскі раён у гэтым годзе абралі «Сталіцай Дажынак». Для мяне, як для чалавека, які чытае такую навіну, здавалася, што мабыць раён вельмі добры, ён заслужыў такую павагу, што ўсе прыедуць глядзець на яго поспехі і пераймаць досвед. І я два тыдні таму патэлефанавала ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і спытала, паводле якіх крытэраў яны абіраюць гэтыя раёны. Аказалася, што «Дажынкі» не маюць ніякіх адносінаў да сельскай гаспадаркі, а гэта «сацыяльны момант»: выбіраюць нейкі захудалы раён, дзе трэба пафарбаваць платы, залапіць дарогі, нешта адрамантаваць, і там з дапамогай рэспубліканскіх бюджэтаў ужо праводзяць гэтыя Дажынкі і падымаюць там нешта з кален. І тое, што Акцябрскі раён выбралі не проста месцам правядзення Дажынак, а зрабілі «сталіцай» – гэта сведчыць пра яго вельмі дрэнны стан».

Пра чыноўнікаў:

«Мы хацелі, каб Рудабельская паказуха стала прыкладам для іншых. Калі мы з’ехалі, мы думалі, што і іншыя людзі могуць так рабіць – тэлефанаваць у свае раёны, сваім начальнікам, і казаць ім усё, што яны думаюць, таму што ўжо нічога табе зрабіць не могуць, калі ты выехаў».

«Мая асабістая мэта – пушыць іх маральна. Каб ім было няёмка. Я вельмі не хачу, каб яны жылі ў сёняшняй Беларусі вольна і добра, каб яны забыліся, што яны нарабілі. Мая галоўная мэта – каб яны не забываліся, што беларусы засталіся, што яны не ў бяспецы, і расплата будзе».

«Мы можам надзяляць людзей нейкімі добрымі рысамі толькі з-за таго, што яны адзетыя ў чыстыя строі з гальштукамі і сядзяць у нейкіх кабінетах. І нам здаецца, што яны вельмі разумныя, што іх па тэлевізару паказваюць. А мы хацелі паказаць, што яны дурні».

«Гэтая адмоўная селекцыя прывяла нас проста да катастрофы. І вельмі важна было паказаць людзям, што вамі кіруюць не разумныя людзі, што яны не ведаюць, што яны робяць, яны не ведаюць, куды яны вас вядуць. Яны проста бяздумна выконваюць нейкія загады дурня, які сядзіць зверху. Лукашэнка – наш галоўны дурань, увесь гэты тэатр і кіруе, яка Карабас-Барабас».

«Мяне здзівіла, што, здаецца, усе пабачылі, што і баяцца там няма каго, што і розуму там няма ніякага, але ж вось гэтыя 3% чыноўнікаў праціснулі нашу псіхалогію».

Крыніца: Рудабельская паказуха.

Пра градацыю дурасці ў ведамствах:

«Самыя недасяжныя ведамствы – гэта медыцына і адукацыя. Да іх ёсць шмат сапраўды важных пытанняў, але да іх ніколі не можна датэлефанавацца. І ніхто не можа да іх дазваніцца».

«Смешна было размаўляць з Міністэрствам абароны. Яны, я б сказала, тупаватыя. Яны з аднаго боку не хочуць размаўляць, але ім скажы нешта, і яны вельмі лёгка ідуць на эмоцыі – і трубку адзін аднаму перадаюць, і ўсе хочуць выказацца. Тое самае і міліцыянты. З іх прама лезе. Зараз яны ўжо трубку не бяруць, думаю ім ужо прыляцела, бо яны дурнямі выглядалі сапраўды. І зараз яны сябе берагуць толькі тым, што яны рот не раскрываюць».

«Дастаткова нармальна можна паразмаўляць з Міністэрствам культуры. А самае нармальнае міністэрства – гэта Міністэрства замежных спраў. Там нават у таго дзяжурнага адчуваецца добрая адукацыя. Нават, калі яны часам таксама нясуць бязглуздзіцу, бо па-іншаму не могуць, але яны ніколі не пераходзілі на эмоцыі, ніколі не кідалі трубку».

«Самыя баязлівыя ў нас – людзі з пагонах. Яны ці крычаць, ці хаваюцца. Вось, напрыклад Лапо (кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта) – ён таксама быў нястрыманы».

Пра разнесеную кватэру і галоўную прычыну беднасці жыхароў Акцябрскага:

«Не думала, што яны паедуць у Акцябрскі, каб бамбіць нашу і так пустую кватэру. Але прыехалі нейкія два бусы з гэтымі людзьмі ў маскі-шоу. Кватэра мне нічым не дарагая, дарагая толькі ў прамым сэнсе. Там трэба аплочваць па 3 рублі на месяц за абслугоўванне лесвічных сходаў, агульнадамавыя выдаткі. Мы плацілі да таго часу, пакуль нам гэтую кватэру не разбамбілі. А потым, калі там набралася каля 20 рублёў, то нашыя суседзі мне кажуць: «Ну што вы там, Павукі, давайце плаціць». Але я сказала, што не буду плаціць».

«Яны 1,5 гадзіны выядалі мне мозг, маўляў, вы ж за справялівасць. Каб яны так за законы выядалі мазгі чыноўнікам, то мне б і з’язджаць не давялося – жылі б зусім у іншай краіне. Я думаю, што асноўная прычына, чаму ў рудабелцы такі бедны раён – гэта людзі, якія там жывуць. Каб людзі маглі па-іншаму сябе паводзіць, па-іншаму выбудоўваць свае адносіны з дзяржавай, то тады б не былі яны такія і бедныя».

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.