Loading

Чарговы выпуск падкаста «Топ-5» прысвечаны адной з самых слаўных старонак гісторыі беларускай музыкі – легендарнаму «Полацкаму сшытку».

1. Зборнік знайшоў Адам Мальдзіс, а перадаць ноты музыкантам параіў Уладзімір Караткевіч

У 1963 годзе знакаміты беларускі даследчык Адам Мальдзіс працуе ў сховішчах Ягелонскай бібліятэкі. Ён звяртае ўвагу на ўніяцкі трэбнік: яго вокладка незвычайна пухлая. Інтуіцыя падказвае Мальдзісу: там нешта ёсць. Так свету быў адкрыты знакаміты «Полацкі сшытак». Перадаць ноты музыкантам Мальдзісу падказаў Уладзімір Караткевіч.

2. Полацкі сшытак – збор самай выдатнай старадаўняй «папсы»

У зборніку невядомы аўтар занатаваў папулярныя ў XVII стагоддзі танцы і канцоны – усяго больш за 200 твораў эпохі Рэнесансу і ранняга Барока.

Былі там і лакальныя мелодыі, і заходнееўрапейскія. Напрыклад вельмі папулярны ў тыя часы танец бергамаска. Якім чынам ён трапіў у Беларусь? Можа, праз Парыж? А можа, адразу трапіў у Нясвіж? Сказаць няпроста: магчыма, хтосьці з кампазітараў перапісаў бергамаску ў свой альбом і так яна стала вядомая на нашых землях…

3. Прэм’ера ў філармоніі мела эфект выбуху

Адам Мальдзіс перадаў «Полацкі сшытак» салістам ансамбля «Кантабіле». Аранжыроўкі п’ес зрабілі Валерый Фралоў і Генрых Гедыльтэр. А пасля музыканты сыгралі, ды так сыгралі!

6 мая 1980 года адбылася прэм’ера ў філармоніі, і гэта быў эфект выбуху. Аказваецца, беларуская музыка пачынаецца не з 1917 года, як пісалі ў савецкіх падручніках, а мае вялікую слаўную гісторыю! Удзячныя слухачы сядзелі на прыступках, цясніліся на балконах і партэры. Гэта была вялікая падзея.

4. Эталонны запіс зрабілі на Беларускім радыё, але кружэлка ніколі не друкавалася асобным накладам

А праз некалькі месяцаў твор запісалі на Беларускім радыё. З музыкантамі працаваў легендарны гукарэжысёр Эдуард Мартэнс. Разам яны стварылі эталон, шэдэўр.

Кружэлка ніколі не друкавалася для шырокага распаўсюду і не мела шматтысячных накладаў, але стала тым не менш легендай беларускай дыскаграфіі.

5. У Полацкага сшытка магла быць і іншая назва

Сярод навукоўцаў ёсць традыцыя называць зборнік «Астрамечаўскім рукапісам», паколькі артэфакты знайшлі ў вокладцы ўніяцкага трэбніка полацкага епіскапа, які пэўны час жыў у Асатрмечаве. Асатрамечава ў Беларусі два – калі Полацка і каля Брэста. Каля Полацкага ніколі не было ўніяцкага манастыра, а вось каля Берасця быў. Таму сшытак, мяркуюць даследчыкі, адтуль.

Таксама часта можна пачуць, як «Полацкі сшытак» называюць «Ягелонскім рукапісам». Але ўсе гэтыя назвы, падаецца, не даюць таго смаку, таго каларыту, які набыў фаліянт, выпырхнуўшы нібыта матыль з кокану на волю.

Comments are closed.