Loading

У Вільні да Міжнароднага дня салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі прагучалі імёны ўсіх, хто сёння знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Акцыя адбылася ля мурала з выявай Алеся Бяляцкага. А пасля ўжо ў самым цэнтры літоўскай сталіцы, на Кафедральнай плошчы, можна было ўбачыць партрэты палітвязняў і пачуць іх гісторыі.

Больш за гадзіну прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, праваабаронцы, журналісты, святары зачытвалі імёны тых, хто зараз знаходзіцца ў турмах Беларусі па палітычных артыкулах–1525 прозвішчаў, за кожным зламаны лёс, чалавечая трагедыя, але не права быць забытым – кажа пасол па асобых даручэннях МЗС Літвы Аста Андрыяускене.

«Мы з калегамі прыйшлі сюды, таму што нам не ўсе роўна, што адбываецца ў Беларусі. Нам не ўсё роўна, што адбываецца з гэтымі людзьмі. Сы памятаем іх. Мы думаем пра іх».

Алена Маслюкова, праваабрончы цэнтр «Вясна»:

«21 траўня – Дзень палітзняволеных Беларусі. Абвешчаны ён быў летась, у Дзень смерці Вітольда Ашурка. Гэты дзень мае вялікае значэнне для ўсіх сумленных беларусаў. Але, на жаль, пра яго не ведаюць самі палітзняволеныя. Мне літаральна ўчора паведаміла наша валанцёрка, што пазваніла ў калонію і расказала, што заўтра мы будзем чытаць спісы, узгадваць вас. І палітзняволеныя былі вельмі здзіўленыя, яны пытаюцца: а што, хіба ёсць такі дзень? Так, такі дзень ёсць.

Гісторыя ведае такія выпадкі, калі чыталіся спісы палітзняволеных і гэта расцягвалася на некалькі сутак. Мы таксама вырашылі сёння прачытаць спіс нашых палітычных зняволеных. 1525 чалавек. Самае цяжкае ў гэтай сітуацыі, што ўлады не прыпыняюцца і, напэўна, гэты спіс будзе павялічвацца. Беларусь ператварылася ў краіну-турму. Бо нават тыя, хто не знаходзіцца за кратамі, псіхалагічна адчувае сябе ў гэтым стане».

Ад мурала Алеся Бяляцкаму акцыя ў Вільні перамясцілася на Кафедральную плошчу – тут кожнага палізняволенага можна было ўжо пабачыць: амаль 2 тысячы партрэтаў размясцілі на імправізаванавай сцяне памяці. У сярэдзіне плошчы сумны сімвал беларускай рэчаіснасці – торба. Гэта і торбы, з якімі зняволеныя ідуць па этапе, і торбы, з якімі ўцякаюць ад рэжыму – тлумачыць прадстаўніца Аб’яднага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.

«Асноўная мэта гэтай акцыі – паказаць, колькі людзей зараз знаходзіцца ў палоне ў рэжыму Лукашэнкі. І нам не ўсё роўна, і мы не забылі пра гэтых людзей. Торбы – іх 150 штук, і гэта толькі адна дзесятая ад афіцыйна прызнанай колькасці палітвязняў. Жыццё кожнага з іх змяшчаецца ў торбу, таму што калі цябе этапуюць, ты ўсё сваё жыццё складаеш у гэтую торбу і цягнеш яго за сабой. Там ёсць і мая торба, з каторай я была ў СІЗА палову года, у яе былі складзены ўсе мае рэчы і яна зараз частка гэтай інсталяцыі.

Торба – гэта яшчэ і трыгер для тых, хто вымушаны быў пакінуць краіну. Многія з нас з’язджалі з адным заплечнікам».

Асноўны голас на гэтай акцыі быў аддадзены самім палізняволеным: гучалі расказы тых, хто выйшаў, вытрымкі з лістоў тых, хто яшчэ за кратамі, песні, вершы і ўсе больш актуальнае «Не забудзем – не прабачым!».

Поўны рэпартаж з акцыі салідарнасці глядзіце і слухайце ніжэй.

Comments are closed.