Loading

З 11 ліпеня ў Беларусі набываюць моц змены ў закон «Аб грамадзянстве». Згодна з імі, грамадзяне Беларусі, якія маюць грамадзянства, дазволы на жыхарства альбо іншыя дакументы, які даюць права знаходжання ці права на нейкія прывілеі ў іншых краінах, павінны паведамляць адпаведным дзяржаўным органам Беларусі пра наяўнасць у сябе такіх дакументаў. Таксама гэтыя змены дазваляюць беларускім судам пазбаўляць грамадзянства Беларусі тых, у дачыненні каго маецца прысуд за так званыя экстрэмісцкія злачынствы. Змены ў закон каментуе прававы дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

Тут ёсць некалькі не звязаных адно з адным рэчаў. Першае – гэта тое, што нібыта беларусы, якія жывуць за мяжой, абавязаныя даваць у беларускія органы ўлады звесткі пра свае часовыя ці сталыя дазволы на жыхарства.

На мой погляд, як гэта падаецца самой уладай, людзі, якія жывуць на сталай падставе за мяжой, успрымаюцца імі яшчэ не як ворагі Лукашэнкі і паплечнікаў, але як патэнцыйныя ворагі. І таму ў іх ёсць нейкае жаданне весці гэты перапіс.

Пакуль адказнасці за непрадастаўленне гэтых звестак не прадугледжана. Таму, я мяркую, што найлепшае, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі: калі ёсць магчымасць гэтыя звесткі не прадастаўляць, то і не прадастаўляць іх. Бо гэты перапіс наўрад ці пойдзе на карысць тым, хто будзе ў ім удзельнічаць.

Другі блок, не звязаны з гэтым – гэта пазбаўленне грамадзянства тых людзей, хто быццам бы здзейсніў злачынства экстрэмісцкага кшталту. Калі перакладаць з лукашэнкаўскай мовы на звычайную, то – тыя, хто паслядоўна выступаў супраць улады Лукашэнкі. Хто жыве за межамі Беларусі, каго ўлады Лукашэнкі без усялякай віны прызналі злачынцамі. І зараз яны хочуць зрабіць іншы крок – пазбавіць грамадзянства.

Юрыдычных наступстваў, нейкай карысці для ўлады Лукашэнкі гэтае рашэнне не нясе. Мне яно падаецца, як больш такі сімвалічны крок, які накіраваны на тое, каб паказаць, што людзі, якія выступаюць супраць улады Лукашэнкі і знаходзяцца за мяжой, не маюць маральнага права выказваць сваю пазіцыю, таму што яны быццам бы ўжо і не грамадзяне Беларусі і да Беларусі быццам бы адносінаў не маюць.

Я думаю, што ўлады тых краінаў, дзе гэтыя людзі жывуць, у большасці гэта Еўрасаюз, вядома, мы зараз можам быць упэўненымі, што гэтае рашэнне не прызнаюць справядлівым і прававым. Могуць толькі прызнаць яшчэ адным доказам і падставай для таго, каб сказаць, што гэта праводзіцца палітычны пераслед канкрэтных людзей ні за якія крымінальныя злачынствы, а менавіта за палітычныя перакананні.

Такім чынам, чалавек, якога гэта датычыцца, можа толькі атрымаць дадатковыя льготы ці статус уцекача. З практычнага пункту гледжання гэтаму чалавеку горш не стане, наадварот, можа стане лепш.

Таму я і кажу, што для ўладаў Лукашэнкі гэта не практычны крок, а сімвалічны: ведаеце, калі і статус экстрэміста далі, і статус тэрарыста далі, і ўсімі статусамі, якімі могуць надзяліць, надзялілі, ужо ў кагосьці маёмасць адабралі, у кагосьці родных пераследуюць, ужо ніякага большага зла не могуць спрычыніць невіноўнаму чалавек, ну вось вырашылі – давайце зараз аб’явім, што гэта не беларусы.

Але ў свеце такая практыка не вызнаецца законнай. І таму прадстаўнік МУС у сваім выступе нібыта і апраўдваецца: «Нам кажуць, што мы павялічваем колькасць людзей без грамадзянства, а на самой справе мы гэта робім не наўмысна, а ў гэтых людзей ёсць магчымасць гэтага пазбегнуць – вярнуцца ў Беларусь і адбыць там тэрмін». То бок, ён апраўдваецца, быццам бы выбар за гэтымі людзьмі.

Але ў міжнародным праве такія дзеянні разглядаюцца як палітычны пераслед і як неправавыя законы. Па-першае, такія законы не прымаюцца парламентам у здаровым сэнсе гэтага слова. Таму што ў Беларусі зараз няма парламента. Ёсць 100 з невялікім прадстаўнікоў Лукашэнкі, якія гуляюць у гульню «парламент». І законы, якія яны прымаюць, яны абмяркоўваюць, не кіруючыся інтарэсамі беларусаў, а кіруючыся воляй Лукашэнкі.

Таму – гэтая ініцыятыва Лукашэнкі, ініцыятыва ягоных службаў. І толькі паводле гэтага крытэра, гэты акт не адпавядае патрабаванням да закону паводле працэсу свайго прыняцця.

А паводле зместу ён не адпавядае ні Дэкларацыі аб правах чалавека, якую Беларусь падпісвала і беларуская дзяржава абавязалася выконваць і прымаць законы ў адпаведнасці з гэтай дэкларацыяй. І не адпавядае ні адной з былых Канстытуцый, ні нават самай апошняй Канстытуцыі Лукашэнкі.

Таму, усе людзі, якія ў гэтым удзельнічаюць, я думаю, у будучым будуць прызнаныя, як людзі, якія рабілі злачынства, як людзі, якія ажыццяўлялі палітычны пераслед невінаватых людзей, загадзя пра гэта ведаючы.

Comments are closed.