Loading

Усе вайсковыя кампаніі Расіі цягам доўгай гісторыі заўсёды суправаджаюцца гарачай падтрымкай Маскоўскай праваслаўнай царквы. Ад вышэйшага кіраўніцтва да звычайнага святара – усе бласлаўляюць ваяроў на забойствы, бо тлумачаць гэта вышэйшай місіяй.

У сеціве нядаўна з’явілася відэа, на якім патрыярх Маскоўскі і Усея Русі Кірыл (Гундзяеў) падчас набажэнства кажа, што ваяры, якія загінуць на полі бою, адразу патрапляюць у рай, а іх грахі ім аўтаматычна даруюцца. Наколькі такая тэалогія адпавядае хрысціянскаму вучэнню, Бібліі і Закону Божаму, а таксама адкуль у рускіх гэтая ідэя-фікс аб выключным статусе Расіі, як святой дзяржавы, Трэцяга Рыму– у эфіры «Світанку свабоды» распавёў пастар Царквы Святой Тройцы ў Варшаве Тарас Цялькоўскі.

Гэтыя наратывы, тлумачыць Тарас Цялькоўскі, з багаслоўскага погляду ніякага сэнсу не маюць. Але ж гістарычнае тлумачэнне гэтаму існуе. Расія ўспрымае сябе як Трэці Рым, і мала хто ведае, які сэнс стаіць за гэтым выразам. Калі ў пятым стагоддзі Рымская імперыя распалася, Рым па-ранейшаму заставаўся галоўным духоўным цэнтрам хрысціянства. Цягам часу былую веліч і магутнасць захоўвала толькі ўсходняя частка былой імперыі, і рымская культура ў гэтай усходняй часткі атрымала як бы новае жыццё.

Падчас распаду царквы ў 1054 г. гэта дала магчымасць Канстанцінопалю прэтэндаваць на тытул новага духоўнага цэнтра сусветнага хрысціянства. К ХV стагоддзю Візантыя страціла сваю магутнасць, Канстанцінопаль паў, а Маскоўскае княства стала самай вялікай праваслаўнай дзяржавай у свеце.

З падачы пскоўскага манаха Філафея, які сказаў, што «Першыя два Рыма загінулі, трэці стаіць, а чацвёртаму не бываць», маскоўскія цары пачалі лічыць Маскву пераемніцай Трэцяга Рыму, а гэты наратыў стаў дзяржаўнай ідэалогіяй.

«Ад гэтага наратыву адны праблемы», – упэўнены Тарас Цялькоўскі. Бо ў новазапаветным часе ў Бога не існуе ніводнага абранага народа, праз які б ён распаўсюджваў сваё валадарства на Зямлі. Ісус Хрыстос сказаў, што ён закладзе Царкву «і брама пекла не адолее яе». А гэтая царква – міжэтнічны збор людзей, якіх аб’ядноўвае вера ў Хрыста як свайго ратавальніка. Таму сцвярджэнні, што святая Русь – захавальніца веры з пункту гледжання багаслоўя з’яўляюцца поўным нонсэнсам.

«Праваслаўная царква цалкам сказіла  ролю і функцыю царквы».

Фота: facebook.com/taras.telkovsky

Царква павінна быць амбасадай Бога на зямлі. У пасланні да Ефесянаў апостал Павел тлумачыць, што функцыя царквы — аб’яднаць варожыя бакі і народы, каб усе прымірыліся пад уладарствам Ісуса Хрыста.

Праваслаўная царква Расіі замест таго, каб абвяшчаць Божыя словы і волю, ператварылася ў дзяржаўны ідэалагічны інстытут і займаецца не тлумачэннямі і вывучэннем святых Пісанняў, а апраўданнем і абельваннем рашэнняў улады і прэзідэнта. Гістарычна царква ніколі не павінна была гэтым займацца. І, хоць праваслаўныя часта кажуць, што царква па-за палітыкай,  заявы Гундзяева — гэта заявы палітычнага чыноўніка. Гэта чэкіст у расе, які прапаведуе ідэі чэкізму, а не хрысціянства. 

Маскоўская праваслаўная царква страціла сваю ідэнтычнасць, бо замест волі Бога пачала абвяшчаць волю кіраўніка дзяржавы. Яна апраўдвае вайну. Існуе тэорыя справядлівай вайны, так званы casus belli. Яна апісвае маральныя падставы для вайны і правілы яе вядзення. Але дзеянні расійскай улады парушаюць усе магчымыя свецкія законы, не кажучы пра божыя.

Абяцанні раю і даравання грахоў праз факт гібелі на полі бою нават сур’ёзна каментаваць не варта, бо гэта цалкам не адпавядае ні таму, пра што  вучыць Біблія, ні развіццю багаслоўскай думкі за апошнія дзве тысячы гадоў. Гэта нейкі праваслаўны джыхад.

«Я не магу ўсвядоміць, як можна прапаведаваць нейкую свяшчэнную вайну, зыходзячы з веравызнання, у цэнтры якога — асоба Хрыста, які дабравольна аддаў сваё жыццё, каб выратаваць усіх і не забіраць іх жыцці».

Малітва верніка — гэта працяг дыялогу, распачатага Богам. Калі малітвы людзей ідуць у разлад з тым, што сказаў Бог, абсалютна інфантыльна чакаць, што на такія малітвы будзе божы адказ. Бог не стане супярэчыць сабе, свайму характару і помыслу.  

Таму малітвы-блаславенні на забойствы і пажаданні смерці падобныя хутчэй да паганскіх рытуалаў, чым да хрысціянскіх малітваў. Калі малітва натхняе людзей ісці на смерць і забойствы, яна цалкам закрывае вушы для таго, каб чуць тое, што Бог кажа ў сваім слове.

 У кнізе Прытчаў ёсць добры верш, які адказвае на пытанне, што адбываеце з такімі малітвамі: «Хто закрывае вушы, каб пачуць словы закона, малітва таго — мярзота».

Таму малітвы Гундзяева і іншых, у якіх яны натхняюць людзей на смерць, інакш як мярзотай не назавеш.

Але ж не варта засмучацца. Хрыстос папярэджваў, што людзі схільныя скажаць веру. Так было і ў часы жыцця самога Ісуса. Галоўнымі аб’ектамі ягонай жорсткай крытыкі былі менавіта духоўныя лідары таго часу. Варта самастойна чытаць Біблію і шукаць царкву, дзе святар не прапаведуе свае ідэі, не займаецца палітычнай прапагандай, а навучае паслядоўнаму вывучэнню Слова Божага і жыццю ў адпаведнасці з ім.

Comments are closed.