Loading

12 чэрвеня на 111-й сесіі Міжнароднай арганізацыі працы была прынятая рэзалюцыя па Беларусі, якая прадугледжвае ўжыванне да дзяржавы, якою кіруе рэжым Лукашэнкі, 33-а параграфа статуту Міжнароднай арганізацыі працы. А днямі ў Жэневе адбылася імпрэза, дзе абмяркоўваліся захады для імплементацыі гэтага самага 33-га параграфа статуту МАП у дзеянне. Пра тое, што адбывалася месяц таму на канферэнцыі МАП, як рэагаваў афіцыйны Мінск і пра што кажа гэты 33-ці параграф, радыё Ўнэт распавёў выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў.

— Адносіны беларускай улады з Міжнароднай арганізацыяй працы – гэта ўжо даўняя гісторыя. Гэта ўсё пачалося яшчэ з далёкага 1995 года, калі рэжым Лукашэнкі даволі брутальна разагнаў страйк супрацоўнікаў Мінскага метрапалітэну і грамадскага транспарту. Тады звольнілі шмат людзей, якія бралі ўдзел у страйку, іх замянілі штрэйхбрэйхерамі з Расіі, і дзейнасць Свабоднага прафсаюзу беларускага, які быў адным з суарганізатараў гэтага страйку, была прыпынена.

І з гэтага часу пачаліся першыя скаргі ў МАП з боку беларускіх прафсаюзаў. Гэта ўсё перарасло ў 2004 годзе ў тое, што з МАП была накіраваная камісія для расследавання ў Беларусь. Яна знаходзілася ў Беларусі і глядзела, ці існуе насамрэч права на свабоду аб’яднання ў Беларусі – гэта выкананне канвенцыяў нумар 87 і 98 Міжнароднай арганізацыі працы.

Гэтая камісія для расследавання вынесла шэраг рэкамендацыяў, якія былі прапанаваныя для выканання ўраду Беларусі. Але ён іх не выканаў, і гэта ўсё скончылася пазбаўленнем прэферэнцыяў. І беларуская эканоміка тады – у нулявых, адчула пэўныя страты.

Але справа была не закрытая, бо выканання рэкамендацыяў не было. І вось у 2023 годзе яна вырасла ў прымяненне 33-га пункта Статуту МАП да ўраду Беларусі. Гэта адбылося другі раз у гісторыі. Першы раз у пачатку нулявых гэта было прыменена да Бірмы, зараз гэта М’янма. Але там быў кантэкст парушэння ваеннай хунтай Бірмы канвенцыі 29 – гэта пра прымусовую працу. Там працоўных прыкоўвалі ланцугамі да працоўнага месца і прымушалі працаваць шмат часу без годных умоваў і гэтак далей. Да Беларусі пункт Статуту 33 прыменены за невыкананне канвенцыяў 87 і 98. Гэта менавіта – свабода асацыяцыяў. Гэта гістарычнае рашэнне.

У 2022 годзе адбыліся масавыя арышты нашых братоў і сёстраў. Зараз у нашым спісе 45 чальцоў, актывістаў і лідараў незалежных прафсаюзаў, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам. Пасля гэтага Міжнародная арганізацыя працы ніяк не магла закрыць вочы на тое, што адбываецца. Можна лічыць, што менавіта знішчэнне незалежных прафсаюзаў і тое, што нашыя лідары апынуліся за кратамі, стала асноўным трыгерам для таго, каб МАП прыняла 33-ці пункт Статуту да ўраду Беларусі.

— Як праходзіла абмеркаванне? Ці прысутнічалі на канферэнцыі прадстаўнікі беларускай дзяржавы ці афіцыйнай федэрацыі прафсаюзаў?

— Так! Дэлегацыя была даволі вялікай – больш за 20 чалавек, наколькі мы іх там падлічылі. Яны спрабавалі даказаць усім, што чорнае – гэта белае, што дрэннае – гэта добрае. Хадзілі там па калідорах і размаўлялі з прадстаўнікамі прафсаюзных арганізацый з іншых краінаў, што, вось – у нас амаль 4 мільёны чальцоў у федэрацыі, у нас ёсць калектыўныя дамовы, у нас усё добра. А тыя людзі, якія зараз сядзяць за кратамі – яны сядзяць не за прафсаюзную дзейнасць, а таму што яны парушылі закон, а ў нас перад законам, нібыта, усе роўныя. Вось гэты наратыў, што ў 2020 годзе спрабавалі захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам і абвінавачвалі ў гэтым незалежныя прафсаюзы, што нібыта мы на сродкі Захаду спрабавалі зрабіць рэвалюцыю, яны спрабавалі выкарыстаць і ў МАП. Але там усе ведаюць, як адбывалася насамрэч. МАП – гэта структура ААН і ўсе сведчанні злачынстваў і катаванняў там ёсць.

Але ёсць краіны, якія таксама маюць праблемы са свабодай аб’яднанняў і для якіх існаванне незалежных прафсаюзаў – таксама небяспека нейкая, і яны не могуць гэта сабе дазволіць. І такія краіны, як Сірыя, Куба, Венесуэла, Кітай, канешне ж – Расійская Федэрацыя, нават не краіны, а прафсаюзы гэтых краін, спрабавалі падтрымаць гэтую (афіцыйную) дэлегацыю. Але іх было няшмат і ў іх нічога не атрымалася.

Канферэнцыя прагаласавала за прыняцце рэзалюцыі па Беларусі. Яна гістарычная. Там ёсць пункт, які прапануе ўсім чальцам МАП перагледзець свае адносіны з урадам Беларусі – культурныя, эканамічныя, спартовыя, дыпламатычныя і ўсялякія, якія магчыма. Ніякай падтрымкі з боку МАП для беларускіх уладаў больш не будзе. Толькі тое, што тычыцца выканання рэкамендацыяў камісіі для расследаванняі пункта 33 Статуту.

Таксама ў рэзалюцыі ёсць вельмі важны пункт аб невыдаванні ўцекачоў – менавіта прафсаюзных, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. Згодна з гэтым пунктам, такіх людзей не павінны выдаваць Беларусі і павінны ў любым выпадку неяк легалізаваць іх у сваіх краінах. І гэта таксама вельмі важна для беларусаў, якія апынуліся ў (іншых) краінах і маюць праблемы з легалізацыяй. І мы зараз будзем спрабаваць выкарыстоўваць гэты механізм.

На мінулым тыдні ў Жэневе адбыўся сайд-івэнт, прысвечаны імплементацыі гэтага 33-га пункту Статуту МАП. Якія там асноўныя пасылы гучалі?

Зараз я б не стаў казаць пра планы, якія ёсць у міжнародных прафсаюзах, ці ў краінах. Мы не павінны выдаваць свае планы беларускай дзяржаве. Гэта будзе неяк несур’ёзна. Калі мы хочам, каб 33-ці пункт Статуту запрацаваў, то трэба рабіць рашучыя крокі, але не трэба пра іх загадзя казаць.

Найперш, яны павінны выпусціць усіх прафсаюзных лідараў і актывістаў, якія зараз за кратамі з Беларусі знаходзяцца. Тады мы можам пачаць нейкія размовы з імі, што там увогуле можа быць. А далей – выкананне ўсіх рэкамендацый камісіі для расследавання. Але я не думаю, што зараз беларускія ўлады будуць рабіць нейкія сур’ёзныя крокі – падчас вайны і да новых выбараў.

Comments are closed.