Loading

ByPol раскалоўся: кіраўнік арганізацыі Аляксандр Азараў звольніў супрацоўнікаў, якія адмовіліся праходзіць паліграф, яны ў сваю чаргу звольнілі яго за адмову прадаставіць фінансавую справаздачу. З вуснаў Аляксандра Азарава ў сувязі з гэтым канфліктам часцей за ўсё гучала імя Мацвея Купрэйчыка: ён і фінансавыя справаздачы патрабаваў, і на паліграф не пайшоў, і нібыта скраў паролі ад сацсетак ByPola. Азараў нават заклікаў беларусаў пісаць Купрэйчыку, каб той вярнуў тое, што яму не належыць. Радыё Ўнэт не стала Мацвею пісаць, а патэлефанавала, каб даведацца яго бачанне сітуацыі ў ByPol.

Фота: dissidentby.com

— Вы насамрэч адмовіліся праходзіць паліграф?

— Паліграф на тэрыторыі Польшчы я ўжо праходзіў двойчы. Гэтыя ўсе праверкі прайшлі паспяхова: ніякіх падазрэнняў у мой бок не было. Зараз адбываецца такая сітуацыя: мы выявілі нейкія незразумелыя фінансавыя аперацыі з боку Аляксандра Азарава, і зараз праводзіцца іх праверка на прадмет іх адпаведнасці закону.

— А ўдакладніце, хто праводзіць праверку?

— Мы самі пакуль што праводзім і спрабуем пачуць адказ ад Аляксандра Азарава наконт вось гэтых усіх незразумелых аперацый. Аднак Аляксандр Азараў пазбягае калектыва. 80% калектыва ад яго адвярнулася. 80% людзей задавалі пытанні наконт празрыстасці фінансавага стану менавіта фонда ByPol, і Аляксандр Азараў усіх гэтых людзей звольніў.

— І звольніў у сувязі з тым, што яны не прайшлі паліграф?

— Так. Паліграф мы адмовіліся праходзіць, таму што паліграф гэты з’яўляецца ангажаваным.

— А можаце патлумачыць, што гэта азначае?

— Гэта значыць, што ён ствараўся Аляксандрам Азаравым і пытанні для паліграфа пісаліся Аляксандрам Азаравым.

— То бок даверу да працэдуры не было?

— Так. Мы гатовы, усе супрацоўнікі ByPol гатовы на любы незалежны паліграф.

— А вось гэтая працэдура праходжання паліграфа, яна ў вас абавязкова раз на месяц, раз на год. Як яна ў вас прадугледжана?

— Ніякай працэдуры ў нас няма. Да гэтага я праходзіў паліграф два разы, усе было добра. А зараз гэты паліграф быў прызначаны пасля таго, як я пачаў задаваць пытанні наконт фінансавай празрыстасці фонда. А доступ да рахункаў арганізацыі меў толькі Аляксандр Азараў.

— А як так атрымалася?

— Так было першапачаткова. Таму што згодна з польскім заканадаўствам ён нас павінен быў дадаць у бенефіцыяраў, якія могуць глядзець інфармaцыю, аднак ён гэтага не зрабіў.

— Вас абвінавацілі, што вы скралі ўсе доступы да сацыяльных сетак. Вы гэта зрабілі?

— Нічога я не скраў. Гэтыя сацыяльныя сеткі не належаць асабіста Азараву і фонду ByPol. Гэтыя сацыяльныя сеткі належаць Аб’яднанню сілавікоў Беларусі, якое было створана ў верасні 2020 года. Заснавальнікам гэтай арганізацыі з’яўляюся ў тым ліку і я. У нашай публікацыі можна пабачыць фотаздымак, які мы зрабілі разам з Ціханоўскай у дзень стварэння Аб’яднання сілавікоў Беларусі ByPol. Фонд жа быў створаны ў траўні 2021 года. То бок амаль праз паўгады пасля стварэння Аб’яднання. Фонд ствараўся для выканання фармальных функцый, такіх як працаўладкаванне і атрыманне легальнага заробку на тэрыторыі краіны знаходжання.

— Вось гэтая інфармацыя ў ТГ-канале ByPol, гэта зварот усіх супрацоўнікаў, якія не згодны з Азаравым?

— Так. І хутка там яшчэ з’явіцца заява атрада добраахвотнікаў «Атам», які ваюе ва Украіне. Яны выступяць у нашую падтрымку.

— Я дакладна разумею, што вы Азарава звольнілі?

— Не звольнілі, а выключылі з сябраў арганізацыі «Аб’яднанне сілавікоў Беларусі».

— І як вы будзеце далей працаваць? Якія вашыя далейшыя крокі?

— Хутка ў нас з’явіцца прэс-рэліз наконт гэтай сітуацыі. Таксама ў нашу падтрымку выступіць атрад «Атам». Зразумела, што мы будзем імкнуцца ўрэгуляваць усе гэтыя канфлікты ў прававых рамках краіны знаходжання. Таксама зараз ідуць кансультацыі з Аб’яднаным пераходным кабінетам, офісам Святланы Ціханоўскай. Мы хочам вырашыць усе гэтыя пытанні мірна. Інфармацыю мы перадалі зацікаўленым асобам некалькі дзён таму, але Аляксандр Азараў вырашыў спрацаваць на апярэджанне, каб абылгаць нас, каб нам ніхто не паверыў.

— Арганізацыю ByPol вы хочаце захаваць, толькі без Азарава і Лупаносава?

— Так. Вы маеце рацыю.

— Яшчэ ўдакладню такі момант: а колькі чалавек сышло разам з Азаравым?

— Ён і яшчэ двое. А ўсе астатнія супрацоўнікі на нашым баку, і мы будзем дабівацца праўды. Аляксандр Азараў ужо 4 дні не прыходзіць у офіс нашай арганізацыі. Ён пазбягае канкрэтных размоў з сбярамі ByPol. Таксама яму высылаліся пісьмовы запыты з просьбай прадаставіць фінансавую справаздачу па дзейнасці арганізацыі. Аднак усе гэтыя запыты былі праігнараваны.

Comments are closed.