Loading

У нашым Топ-5 мы сабралі для вас беларускія кніжныя навінкі гэтай восені. Ёсць раманы, паэзія і нават сюжэты японскай мангі. 

1. Ева Вайтоўская «Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2»

У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў.

У аснове рамана — сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. Раман прызначаны для аўдыторыі young adult ад 16 да 25 гадоў, а таксама для ўсіх аматараў папулярнай літаратуры.

2. Андрэй Хадановіч «На беразе Волі» 

Новая кніга вершаў самага медыйнага беларускага паэта выйшла ў лістападзе гэтага года. «Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае!», — падкрэсліваў Андрэй Хадановіч.

Атрымалася паэтычныя квінтэсэнцыя перажытага за апошнія тры гады — вершы, якія Хадановіч напісаў у Менску, Варшаве, Краснагрудзе, Батумі, Вене, Кракаве і Гданьску. Візуальны ўступ да тэкстаў стварыла мастачка Святлана Дземідовіч, вядомая сваёй бліскучай працай для кнігі «Побач» паэткі Насты Кудасавай.

3.Ганна Янкута «Час пустазелля»

«Час пустазелля»празаічны дэбют Ганны Янкуты. Над сваім першым раманам яна працавала з сакавіка 2022 года па чэрвень 2023-га, спрабуючы асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля жніўня-2020.

На старонках яе «Часу» – рэальныя і выдуманыя гісторыі, выпадкова пачутыя фразы на розных мовах, мімалётныя ўражанні, захапленні і ўспаміны — адным словам, усё тое, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. 

Пісьменніца глядзіць на свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі, спрабуючы запомніць і захаваць уласную самасць у момант, калі рушыцца свет, у якім мы некалі навучыліся жыць.

4.Эрых Марыя Рэмарк «Чорны абеліск»

Апошні і адзіны раз кнігі гэтага знакамітага аўтара ў арыгінальным перакладзе на беларускую мову выходзілі ў 1994 годзе (гэта былі «Тры таварышы» ў перакладзе Уладзіміра Папковіча). «Чорны абеліск» – восеньская навінка гэтага года. Самы філасофскі раман класіка сусветнай літаратуры пераклала Іна Хоміч.

Складаныя гады пасля Першай сусветнай вайны, правінцыйнае нямецкае мястэчка, герой працуе ў фірме па продажы надмагілляў… Але грошай бракуе, у краіне жахлівая інфляцыя, і ён падзарабляе ігрой на аргане ў капліцы пры лякарні. Сваё каханне ён сустракае менавіта там, у псіхіятрычным аддзяленні…

«Чорны абеліск» — раман пра тое, як заставацца чалавекам у бесчалавечных умовах. Як і большасць твораў Рэмарка, «Чорны абеліск» вельмі аўтабіяграфічны. У цэнтры ўвагі – звычайныя людзі, жыццё якіх руйнуецца ў пасляваенным свеце.  

5. Вал Клемэнт «Круглая Square»

Васіль Еўдакімаў, які выступае пад псеўданімам Вал Клемэнт, – прадстаўнік даўнейшай хвалі эміграцыі: ён пераехаў жыць у Лондан у пачатку 1990-х гадоў. Яго раман – біяграфічны: пра сталенне ў СССР і сцвярджэнне сябе як беларуса, як еўрапейца, як паспяховага чалавека родам з краіны, дзе паспяховасць не віталася. Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі выйшаў гэтай восенню ў выдавецтве Gutenberg Publisher

Геня Руд, галоўны герой рамана, нарадзіўся ў Менску і палову жыцця пражыў на Круглай плошчы. Ад «Дзюшэса» да цукерак «Чырвоны мак» – усе радасці савецкага дзяцінства былі яму даступныя, адрозна ад магчымасці проста адкрыць візу і паехаць у капіталістычны свет. Але вось ён ужо п’е India Pale Ale недзе ў ваколіцах Trafalgar square і прапаноўвае нам усім аптымістычна глядзець у будучыню: аднойчы ён ужо назіраў, як разваліўся сімбіёз выпраўленча-працоўнага лагера з казармай і калгасам.

Comments are closed.