Loading

У Беларускім прэс-клубе адбылася прэзентацыя даследавання, якое называлася «Стаўленне да расійскай мабілізацыі і ідэалагічная самаідэнтыфікацыя беларусаў».

Вынікі апытання прадставіў кіраўнік беларускай ініцыятывы ў Каралеўскім інстытуце міжнародных спраў, вядомым як Chatham House і дырэктар у даследаваннях Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня. Гэта ўжо трынаццатая хваля падобных апытанняў з 2020 года і праводзілася яна ў сярэдзіне лістапада.

Як і ў даследаванні пра нацыянальную ідэнтычнасць, якое прадстаўляў на мінулым тыдні даследчык Філіп Беканаў, так і тут усё закруцілася вакол тэмы медыяспажывання. Рыгор Астапеня патлумачыў, што сёння цяжка сегментаваць насельніцтва паводле палітычнай прыкметы, бо стаўленне да ўлады ці да нейкай палітычнай сістэмы чалавек не заўжды можа выказаць. Акрамя таго, Рыгор Астапеня адзначыў, што трэба рабіць папраўку і на фактар страху рэспандэнтаў.

«Ёсць некалькі момантаў, якім чынам працуе фактар страху. Па-першае, частка людзей можа сыходзіць з апытання заўчасна, калі яны бачаць палітызаваныя пытанні, а другі момант, што яны часцей маюць цяжкасці з адказам. Гэта тое, як можа працаваць фактар страху ў нашых даследаваннях. Шо мы робім, каб гэтага пазбегнуць? Мы проста стараемся задаваць менш сенсетыўныя пытанні, менш прамыя пытанні, каб нейкім чынам не пужаць людзей. Мы плануем у наступным годзе таксама зрабіць больш падрабязнае даследаванне фактару страху і правесці іншыя апытанні рознымі метадамі, каб зразумець, наколькі істотны гэты фактар страху».

Што ж да саміх вынікаў, то, як і папярэджваў Рыгор, пачаў ён менавіта з медыяспажывання. Для таго, каб неяк сегментаваць рэспандэнтаў, даследчыкі прапанавалі гэткія кластары – групы пэўных медыяў, якімі найчасцей цікавяцца жыхары Беларусі.

І ў выніку адказаў пра тое, адкуль удзельнікі даследавання найчасцей чэрпаюць інфармацыю, тыя 858 рэспандэнтаў, якія адказалі на апытанне даследчыкаў, падзяліліся на 4 групы.

«Чатыры групы паводле спажывання інфармацыі: аўдыторыя недзяржаўных СМІ, аўдыторыя дзяржаўных СМІ, аўдыторыя абодвух тыпаў СМІ і тыя, хто рэдка глядзіць абодва тыпы СМІ. Аўдыторыя недзяржаўных СМІ, як мы яе ўяўляем, гэта тыя людзі, якія хаця б раз на тыдзень або часцей атрымліваюць інфармацыю з наступных крыніц: Zerkalo, Нашай Нівы, Еўрарадыё, Свабоды, Белсата, Медузы, Новай Газеты, Дождя і Эхо Москвы. Але пры гэтым яны радзей, чым раз на тыдзень, або ніколі не атрымліваюць інфармацыі з ОНТ, Беларусь-1, СТВ, Росии, Первого канала і НТВ. Калі мы гаворым пра аўдыторыю дзяржаўных СМІ – гэта як бы сітуацыя наадварот. То бок, фактычна – гэта дзве інфармацыйныя бурбалкі, якія не перасякаюцца. Тут ёсць яшчэ асобная аўдыторыя – аўдыторыя абодвух тыпаў СМІ – гэта тыя, хто атрымлівае інфармацыю раз на тыдзень ці часцей і з тых, і з іншых крыніц. Яны складаюць 25%, аўдыторыя дзяржаўных складае 33%, аўдыторыя недзяржаўных 24%, і тыя, хто рэдка глядзіць абодва тыпы СМІ, – гэта 18%».

І даводзіцца канстатаваць, што ў выніку даследавання, сярод розных крыніц інфармацыі, якімі карыстаюцца насельнікі Беларусі, першую пазіцыю займае тэлевізар. А якія каналы ў беларускіх тэлевізарах найбольш пашыраныя – здагадацца няцяжка. Але ёсць і станоўчыя дадзеныя.

«Аўдыторыя дзяржаўных СМІ, у прынцыпе давярае таму, што яны глядзяць, у той час, як аўдыторыя недзяржаўных СМІ не давярае расійскаму тэлевізару. Самае важнае, што мы мусім тут разумець, гэта тое, што аўдыторыі розных тыпаў СМІ не давяраюць альтэрнатыўным тыпам крыніц, але пры гэтым аўдыторыя незалежных СМІ больш упэўненая ў сваёй пазіцыі, што дзяржаўныя СМІ хлусяць. У той жа час аўдыторыя дзяржаўных СМІ не ўпэўненая, што незалежныя СМІ хлусяць, яны, хутчэй, схільныя разумець, што шмат у чым інфармацыя незалежных СМІ адлюстроўвае рэальнасць і тое, што насамрэч адбываецца».

І вось менавіта зыходзячы з таго, інфармацыю якіх медыяў спажываюць людзі, што жывуць у Беларусі, фармуюцца і іх веды пра тое, што было заяўлена, як асноўная тэма даследавання. Што ж нашыя суайчыннікі ведаюць пра тую самую мабілізацыю.

«У прынцыпе беларусы ведаюць пра тое, што ў Расіі абвясцілі частковую мабілізацыю, яны ведаюць, што запланаваныя мерапрыемствы па прызыве на тэрміновую вайсковую службу, яны збольшага ведаюць, што людзей, якія патрапілі ў расійскую армію праз мабілізацыю, адпраўляюць у месцы баявых дзеянняў. Але тут важная рэч, якая пра нас. Беларусы не так шмат ведаюць, што ў Беларусі разгарнулася рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расіі. І яшчэ менш беларусы ведаюць, што на тэрыторыі Беларусі праводзяць навучанне расійцы, якіх пасля адпраўляюць у месцы баявых дзеянняў. І гэта паказвае, што дзяржаўныя медыя пра гэта гавораць дастаткова рэдка і пра гэтыя падзеі ў асноўным ведаюць людзі, якія чытаюць незалежныя СМІ».

Як спосаб абыходу таго самага чынніку страху, даследчыкі ўжылі даволі незвычайны прыём. Яны прапанавалі ўдзельнікам даследавання зрабіць такі крок – калі б ім было магчыма адправіць тэлеграму расійцам і ўкраінцам, які б быў асноўны змест тэлеграмы.

«Дамінуе пэўна гуманітарнае пасланне. Пажаданне трымацца, спачуванне, жаданне міру. З іншага боку, меншая частка – гэта палітычныя пасланні. Гэта падтрымка ў канфлікце, заклікі адумацца і гэтак далей. Але, што самае важнае, гэтае тое, што беларусы спачуваюць альбо жадаюць найхутчэйшага заканчэння вайны. І гэта ў нейкай ступені супярэчыць таму, што, калі людзям кажуць пра тое, што ёсць там частковая мабілізацыя і аўдыторыя дзяржаўных СМІ, у прынцыпе, гэта падтрымліваюць, але пры гэтым, калі іх саміх пытаюць, што б яны хацелі пажадаць людзям, яны пішуць, каб вайна хутчэй скончылася. І гэта паказвае, што, калі б улада ў Расіі сказала б «добра, мы скончваем вайну», то хутчэй за ўсё аўдыторыя дзяржаўных СМІ таксама б сказала «так, цудоўна, гэта файная ідэя!».

І пры ўсім пры гэтым, найвялікшы адсотак удзельнікаў, не зважаючы ні на медыяспажыванне, ні на стаўленне да вайны, самі сябе ідэнтыфікуюць, як шчырых прыхільнікаў дэмакратыі.

«Мы бачым, што насамрэч больш за палову гарадскіх беларусаў лічаць сябе дэмакратамі і сярод беларусаў дастаткова шмат, большасць прыхільнікаў рынкавых пераўтварэнняў, пры тым, што прыхільнікаў левых сацыялістычных поглядаў (прынамсі, людзі так сябе лічаць) не так і шмат, можна нават сказаць – мала. І гэта паказвае пэўны запыт на трансфармацыю ў краіне і тое, што беларусы куды ліберальнейшыя, чым гэта можа здавацца».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.