Loading

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы ў сераду прыняла рэзалюцыю аб абароне беларусаў у выгнанні. «За» прагаласавалі 87 дэпутатаў, устрымаліся трое, «супраць» не галасаваў ніхто. У рэзалюцыі гаворыцца пра неабходнасць ліквідаваць адміністрацыйныя і юрыдычныя перашкоды для беларусаў у выгнанні і забяспечыць людзям адпаведны ўзровень абароны. Мы папрасілі пракаментаваць працэс прыняцця гэтай рэзалюцыі і вызначыць яе асноўныя моманты дарадцу па прававых пытаннях Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціну Рыхтэр.

— Са студзеня гэтага года прызначаны ў Камітэце па міграцыі, уцекачах і перамешчаных людзях спецыяльны дакладчык Пол Галь – гэта люксембургскі дэпутат, які з’яўляецца чальцом гэтага камітэту, ён прызначаны, каб стварыць даклад па міграцыйным пытанні беларусаў. Ён сваю функцыю выканаў – стварыў гэты даклад, на падставе якога з’явілася рэзалюцыя Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, якая зацвярджае становішча беларусаў, зацвярджае тое, што трэба ствараць нейкія дадатковыя працэдуры і гэтак далей.

У працэсе падрыхтоўкі гэтага даклада ўвогуле Офіс Святланы Ціханоўскай і я асабіста прымалі ўдзел: дапамагалі дакладчыку збіраць інфармацыю, арганізоўвалі сустрэчы з арганізацыямі грамадскай супольнасці, якія працуюць з беларусамі і ўвогуле займаліся такім факт-чэкінгам адносна той інфармацыі, якую ён збіраў.

Была прынятая рэзалюцыя, змест якой фіксуе становішча беларусаў, што знаходзяцца ў досведзе міграцыі. Ёсць такое як бы вялікае незадавальненне, што зноўку паклапаціліся пра беларусаў па-за межамі, а не пра беларусаў у Беларусі. Але трэба разумець, мэта гэтага даклада – менавіта «падсвяціць» беларусаў, як спецыфічную групу, якой патрэбныя дадатковыя спецыфічныя ўмовы іх знаходжання па-за межамі Беларусі.

Але, канешне, ёсць і дадатковыя пытанні адносна ўнутраных праблем, звязаных з візамі. Гэтай рэзалюцыяй зараз зафіксавана тое, што краіны Еўропы павінны імкнуцца да таго, каб выдаваць гуманітарныя візы на тэрыторыі Беларусі ва ўсіх консульствах.

Таксама зафіксавана, што да беларусаў трэба ставіцца, як да такой спецыфічнай групы, ствараць новыя механізмы доступу да рынку працы, да адукацыі, культуры, да легалізацыйных працэдураў. Таксама зацверджана ўвогуле праца Офіса Святланы Ціханоўскай, Кабінета і дэмакратычных сілаў у выгнанні.

У рэзалюцыі зафіксавана тое, што консульствы, якія зараз знаходзяцца пад рэжымам Лукашэнкі, не аказваюць грамадзянам поўны спектр паслуг, якія павінны аказваць: не выдаюць дакументаў ці ствараюць чэргі. Увогуле зараз немагчыма нармальна атрымаць апастыляваныя дакументы ці замяніць пашпарт.

Гэтая сітуацыя мела такі эфект менавіта, калі гэта ўжо не адзін выпадак, а калі іх вельмі шмат, то гэта варта проста адзначыць і на гэта звярнуць увагу. Што ёсць людзі, у якіх, напрыклад, сканчваюцца пашпарты, ці няма дакументаў, ці няма магчымасці апастыляваць дакументы, якія патрэбныя для таго, каб мець дасяг да рынку працы, адукацыі.

Мэта – менавіта зафіксаваць гэтае становішча. Таму што, калі такое становішча не зафіксаванае, гэта значыць, што беларусы, як і ўсе іншыя іншаземцы, якія знаходзяцца ў эміграцыі, павінны ісці паводле агульных працэдураў. А агульныя – ну відавочна, што, калі чалавек з’язджае ў нейкую краіну, ён апастылюе свае дакументы, збірае іх, можа пайсці ў консульства сваёй краіны і замяніць пашпарт.

Нават ва ўкраінцаў ёсць магчымасць атрымаць свае дакументы, пашпарты ды іншыя асабістыя дакументы ў Варшаве ў спецыяльным месцы, куды яны звяртаюцца і атрымліваюць пашпарты. І гэта забяспечвае дзяржава. Для беларусаў дзяржава ніяк не забяспечвае магчымасць атрымання дакументаў.

Таму трэба пра гэта ўжо зараз клапаціцца краінам, дзе знаходзяцца беларусы. А яны не могуць гэта рабіць, пакуль сітуацыя менавіта не зафіксаваная. Таму мэта і даклада, і рэзалюцыі – гэта па-першае, зафіксаваць гэтае становішча, якое мае такі эфект, што гэтыя праблемы назапашваюцца.

Ну а надалей ужо на падставе рэзалюцыі – гэта ўжо таксама задачы і для Офіса Святланы Ціханоўскай, для Кабінета, для дэмакратычных сіл, увогуле для дыяспары беларусаў замежжа – адвакатаваць гэта ўсё на кожную асобную краіну. Таму што відавочна, што рэзалюцыя – гэта такі дакумент, які дае рэкамендацыі, але ёсць яшчэ нацыянальныя практыкі і нацыянальныя заканадаўствы. І з гэтым таксама трэба надалей працаваць.

Але гэта вельмі добрая падстава, калі такая вялікая арганізацыя, як Рада Еўропы, фіксуе тое, што ёсць спецыфічная праблема, на якую варта звяртаць увагу.

Цалкам размову з Крысцінай Рыхтэр слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.