“Колькі можна выкарыстоўваць нас у нейкіх асабістых альбо палітычных мэтах?” — так Сяргей Шалыгін, кіраўнік клуба „Ліцвіны”, пракаментаваў радыё Ўнэт артыкул «В связанных с Вильнюсом группах в Телеграм появились абсурдные призывы сеять панику», размешчаны на партале Delfi.lt. У тэксце ідзе размова аб прапановах у асобных чатах за 15 еўра наносіць на будынкі літоўскіх гарадоў надпісы, якія падтрымліваюць “ліцвінізм”. Пра клуб не напісана ні слова, затое праілюстраваны артыкул выявай са сцягам „Ліцвінаў”.
Сяргей Шалыгін звярнуўся ў рэдакцыю Delfi.lt з просьбай прыбраць выяву сцяга з гэтага артыкула, выбачыцца за нанесеныя рэпутацыйныя выдаткі і заклікаў рэдакцыю адкрыта пагаварыць пра дзейнасць клуба. Як расказаў кіраўнік “Ліцвінаў”, калі зварот застанецца без увагі, то ён гатовы на далейшыя крокі.
— Сяргей, толькі што я заходзіла на сайт Delfi.lt, фотаздымак яшчэ вісіць, ці была ўвогуле рэакцыя на Ваш зварот?
— Не, пакуль цішыня. Партал ніяк не адрэагаваў.
— Як вы самі даведаліся пра гэтыя “графіці”?
— Супрацоўнікі клуба мне яшчэ ў суботу расказалі пра такія паведамленні. Гэта быў адзін з мясцовых чатаў. Паведамленне нагадвала прапановы, якія рассылаюць аматары закладак розных наркатычных сродкаў. Кшталту: праца, шукаем людзей і г.д. Уважлівы чалавек звярнуў на гэта ўвагу і расказаў мне.
— Апошнім часам нападкі на клуб “Ліцвіны” пачасціліся?
— Некаторыя проста не разумеюць, бачаць слова, а назва нашага клуба “Ліцвіны”, аднакарэннае “ліцвінізму” і думаюць: значыць, гэта яны. Стаміліся ўжо адбівацца ад гэтага, але хочацца больш-менш адэкватныя стасункі тут мець з людзьмі, таму спрабуем не сварыцца.
Нечаканасцю для нас такія нападкі былі летам-восенню мінулага года, і на кожнае паведамленне мы рэагавалі вельмі балюча. Зараз ужо прывыклі. Але такія абстракцыі, дзе выява нашага клуба проста прыцягнута, гэта ненармальна. Іншае выданне LRT, якое таксама пра гэтыя “графіці” пісала, яны чамусьці не выкарыстоўвалі наш сцяг, але выкарысталі бел-чырвона-белы.
Калі не прыбяруць нашую выяву, то я настроены ісці далей, у Камісію па этыцы, а там ужо будзе бачна.
— На Ваш погляд, гэта хутчэй унутрылітоўская гісторыя, ці ўсё ж такі правакацыя з боку адпаведных беларускіх ці расійскіх службаў?
— За руку мы нікога не лавілі, не ведаем. Але ўчора сябры тэлефанавалі з Украіны і Польшчы і казалі, што ў іх такога няма. Тут ёсць “ліцвінізм”, і назва нашага клуба, падобная да гэтага слова, спрыяе распальванню такой варожасці. Неаднойчы мы абмяркоўвалі, каб змяніць назву клуба, але гэта сітуацыю ў цэлым не выправіць. Сёння чапляюцца да нас, а заўтра знойдуць іншую зачэпку. Я не разумею, ці беларусы тут камусьці перашкаджаюць ці што.
Я спрабую гэтае непаразуменне выкрэсліць з парадку дня. Мы маем прамыя стасункі са шмат з кім з літоўскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, усе адкрыта нас падтрымліваюць. Але ёсць тыя, каму адэкватная супраца ідзе не ка карысць. Акрамя таго ёсць КДБ і расійсія спецслужбы, якія жадаюць убіць клін паміж беларусамі і літоўцамі. Але я паўтараў і паўтараю: мая асноўная мэта—пабудаваць нармальны масток паміж беларусамі і літоўцамі, таму я на гэтай пасадзе.
— Апошнім часам пагроз Вам ці іншым членам клуба не паступала, бо з Беларусі пастаянна чуваць: мы ведаем кожнага літаральна па прозвішчах?
— Не, не паступала. Я асоба даўно публічная. Я жыву ў Літве, не хаваюся.
Comments are closed.