Loading

У міжнародны дзень моладзі 12 жніўня ў Вільні прайшоў кірмаш сацыяльных ініцыятыў – RADA Market. На стэндах можна было не толькі пазнаёміцца з арганізацыямі, але і паўдзельнічаць у іх актыўнасцях.

Адразу на ўваходзе ў тэатр «Вільняус класіка» прысутных віталі арганізатары кірмаша сацыяльных ініцыятыў – Добраахвотны саюз беларускіх моладзевых аб’яднанняў RADA. Як расказала генеральная сакратарка арганізацыі Ганна Дапшэвічутэ, асноўная мэта – пазнаёміць арганізацыі паміж сабой, а беларусаў з арганізацыямі.

«RADA market мы арганізавалі, таму што лічым важным даваць людзям магчымасць спаткацца і знаёміцца, расказываць, хто што робіць і чым можа быць карысны іншым, асабліва ў наш нялёгкі час, калі мы ўсе раз’ехаліся.

Ці цяжка было сабраць людзей? Не, усе з вялікімі задавальненнем адгукнуліся на тое, каб пабыць разам і адно аднаму памахаць рукой. Спадзяюся, што і прысутным будзе цікава».

Усяго ж у RADA market удзельнічала 57 арганізацый і рамеснікаў. Тэматыка самая розная – ад урбаністыкі і экалогіі да правоў чалавека. Прычым многія не проста расказывалі пра сваю дзейнасць, але і прапанавалі вывучыць яе на практыцы. Цэнтр новых ідэй у асобе Яўгена Фядотава запрашаў прысутных далучыцца да сацыялагічных даследаванняў.

«Мы прадстаўляем дзве актыўнасці, якія звязаны з нашымі даследаваннямі. Першая – пра рэйтынг беларускіх гарадоў. Мы прааналізавалі экалагічную сітуацыю, адукацыю, медыцыну і іншыя аспекты, і склалі свой рэйтынг. Але ўдзельнікі RADA Market могуць прагаласаваць прама ў нас на стэндзе, за тое, што бліжэй будзе да іх сэрца.

Другая актыўнасць у нас звязана з даследаваннем «Што думаюць беларусы?» наконт смяротнага пакарання, наконт беларускай мовы і г.д. Удзельнікі RADA Market могуць паспрабаваць прадказаць вынікі гэтай сацыялогіі».

Фота: Вольга Сямашка.

Арганізацыя «Актыўным быць файна», якая спецыялізуецца на шведскіх гуртках запрашае беларусак і беларусаў актыўна далучацца да праекта за сваімі ведамі і вопытам, каб вучыць іншых – кажа каардынатарка АБФ в Вільне Ксенія Літвінава.

«Мы арганізацыя нефармальнай адукацыі, праводзім гурткі для дарослых і дзяцей па шведскай методыцы: у нас няма настаўнікаў, мы працуем па прынцыпе, дзе «роўны навучае роўнага». Пакуль да 1 верасня мы на вакацыях. Пасля будуць працягваецца 9 нашых гурткоў для дарослых, 5 гурткоў для дзяцей. Таксама ў нас з’явіцца анонс, што мы шукаем лідарак і лідараў і прапануем ім адкрыць свае новыя гурткі».

Фота: Вольга Сямашка.

Адразу некалькі моладзевых праектаў і ініцыятыў былі прысвечаны палітвязням. «Майстэрня паштовак салідарнасці» ужо тры гады дапамагае падтрымліваць сувязь з беларусамі, якія знаходзяцца за кратамі. Больш за 15 тысяч паштовак накіравалася за гэты час у Беларусь – расказала каардынатарка праекту Дар’я Рублеўская.

«Сёння мы наведвальнікам і наведвальніцам прапануем тры опцыі: першая класічная – напісаць паштоўку палітвязню, другая – намаляваць паштоўку, мы гэты малюнак пасля адлічбуем і зробім з яго паштоўку, і, нарэшце, прапануем напісаць бясконцы ліст палітвязню: адзін чалавек пачынае пісаць, а наступныя чытаюць увесь гэты ліст і дапісваюць па адным радочку. Мы пасля гэты ліст апублікуем у нашых сацыяльных сетках і перадамо праз усіх сваякоў, з якімі мы маем сувязі».

Фота: Вольга Сямашка.
Фота: Вольга Сямашка.

Арганізацыя «Экадом» падыйшла да паштовак палітвязням тэматычна. Тут пісалі экалагічным актывістам, якія зараз за кратамі – тлумачыць менеджарка «Экадому» Карына Салавей. За кожную паштоўку можна было атрымаць яблык.

— Мы прыцягваем увагу не проста да палітвязняў, але і да экапалітвязняў – да людзей, якія зараз за кратамі, але яны былі актыўнымі ў пэўным экаруху. Нехта раздаваў ежу бяздомным людзям, нехта быў актыўным у веларуху, нехта – у прыродаахоўнай дзейнасці. Гэта, напрыклад, Яўген Меркіс, Сцяпан Латыпаў, Віктар Фенчук.

Ці адрозніваецца паштоўка экапалітвязню ад іншых паштовак? Што там можна пісаць?

— Гэта ўжо залежыць ад таго, хто піша. Тэмы можна звязаць з дзікай прыродай, з эканавінамі.

Фота: Вольга Сямашка.

Далучацца да творчасці можна было не толькі на стэндах арганізацый. Увесь дзень падчас RADA market праходзілі майстар класы, дзе вучылі шыць лялек, ляпіць з гліны, клеіць канверты і нават ствараць мікра-зіны на тэму фемініскіх каштоўнасцей.

Фота: Вольга Сямашка.
Фота: Вольга Сямашка.
Фота: Вольга Сямашка.
Фота: Вольга Сямашка.
Фота: Вольга Сямашка.
Фота: Вольга Сямашка.
Фота: Вольга Сямашка.
Фота: Вольга Сямашка.

Comments are closed.