Loading

27 і 31 ліпеня ў грузінскі порт Батумі ўваходзіў круізны лайнер Astoria Grande пад сцягам Палау, але з расійскімі турыстамі на борце. Выйшаў карабель з расійскага Сочы і прыбыў у Батумі праз Турцыю. Падчас прыпынку ў Батумі 27 ліпеня журналісты паразмаўляі з некаторымі расійцамі на борце судна. Яны казалі, што Расія ў 2008 годзе вызваліла Абхазію ад грузінаў. Гэтыя заявы, а таксама сцвярджэнні некаторых расійцаў, што яны наведвалі акупаваную Расіяй грузінскую Абхазію, абурылі батумцаў і яны бліжэй да вечара распачалі на прыстані акцыі пратэсту. Тады карабель пакінуў Батумі. Але 31 ліпеня ён зноў прыплыў у батумскі порт, прычым на гадзіну раней за запланаваны час. Тым не менш, расійцаў зноў сустрэлі пратэстоўцы. Грузінаў падтрымалі і беларусы. Пра тое, як адбываліся гэтыя акцыі пратэсту і як рэагавалі расійцы распавёў удзельнік пратэстнай акцыі ў порце Батумі, кіраўнік арганізацыі «Беларуская дыяспара Аджарыі» Аляксей Балашоў.

кіраўнік дыяспары беларускай у Батумі— Спадар Аляксей, як бы Вы патлумачылі, чаму грузіны настолькі не радыя таму, што да іх прыплывае гэтае расійскае судна?

— Гэта, у прынцыпе, відавочна: Грузія – краіна, 20 адсоткаў якой Расія акупавала. І на сённяшні дзень Расія развязала новую, чарговую вайну – самую буйную вайну пасля Другой Сусветнай у Еўропе. І на тле гэтых усіх падзеяў пашыраць турыстычныя сувязі… Як нам заяўляюць – гэта турысты, а грузінскія актывісты наўпрост называюць іх акупантамі, таму што якасць гэтых турыстаў была відавочная.

І вось першы раз, калі прыбыў гэты лайнер, паспелі ўзяць інтэрв’ю грузінскія журналісты ў гэтых людзей. Яны абсалютна бессаромна кажуць пра тое, што вызвалілі Абхазію ад грузінаў. Відаць, як яны ставяцца да гэтых усіх падзеяў.

Тут жа няма гаворкі пра тое, што абрэзаць усе гуманітарныя калідоры. Лайнер турыстычны. Гэта не гуманітарны калідор, гэтыя людзі ні ад чаго не ўцякаюць. Яны вось прыязджаюць і нясуць сюды «рускі мір». Уласна кажучы, абсалютна лагічна выглядае, што грузінскае грамадства супраць гэтага пратэстуе.

— Як да пратэстаў далучыліся беларусы, які быў іхні ўдзел і з якім настроем?

— Першы раз лайнер прыйшоў 27-га. Гэта якраз супала з нашай датай абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. І ў нас тут было сваё мерапрыемства, быў святочны канцэрт. Таму не ўсе беларусы тады змаглі далучыцца. Я вось быў задзейнічаны ў арганізацыі канцэрту, таму не змог. Але нашы людзі таксама там былі. Таксама выказваліся.

А ўжо, калі прыйшла інфармацыя (пра другі ўваход лайнера з расійцамі ў порт Батумі), мы вырашылі паўдзельнічаць. І тым больш, былі ўжо згадкі ў прэсе, як гэтыя турысты сябе паводзілі ў першы прыезд. І стала відавочным, што і прапагандысты на гэтым судне прысутнічаюць – там і наш Дзмітрый Калдун, які засвяціўся на ўсякіх прапагандысцкіх мерапрыемствах. Яны там забаўляюць гэтых гасцей.

Яшчэ ўначы сачылі за тым, што адбываецца, што падцягнутыя яшчэ больш сілы паліцыі. Усё гэта таксама такія нядобрыя аналогіі выклікала, памятаючы, як усё гэта развівалася ў Беларусі. Была абвешчаная супольная акцыя грузінскімі актывістамі і мы вырашылі раніцай прыйсці іх падтрымаць.

— Як праходзілі гэтыя пратэсты і як рэагавала паліцыя?

— Давайце з апошняга пачнем. Паліцыя месцамі сябе паводзіла не дужа лагодна. Але, канешне, да нашых падзеяў – тое, што мы бачылі ў 2020-м, ды і раней, уласна кажучы, гэта ж не ў 20-м усё пачалося, да гэтага ўсяго далёка. У прынцыпе, паліцыя старалася займацца, відаць, пастаўленымі ёй задачамі – не дазволіць блакаваць дарогі, выезды. Паставілі двайны кардон на гэты раз, каб зусім не дапусціць актывістаў да гэтых вось прыбыўшых.

Людзі зрабілі вялікія плакаты. Я думаю, што нават з карабля можна было гэта ўсё прачытаць. Было багата сцягоў, багата плакатаў з адсылкай рускага карабля па вядомым маршруце. То бок, усё рабілі, каб прадэманстраваць, што такім турыстам тут не радыя. З другога боку, нейкіх там агрэсіўных дзеянняў да кагосьці з боку дэманстрантаў я сведкам не быў.

Цалкам аповед Алясея Балашова слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.