Loading

Гомельскі актывіст Ілля Міронаў з’ехаў з Беларусі і зараз знаходзіцца ў Вільні. За апошнія паўгода Ілля Міронаў быў арыштаваны пяць разоў, «суткі» адбываў у Гомельскім ІЧУ. Актывіст вядомы як аўтар ініцыятывы «Пішыце лісты», у якой ён заклікаў беларусаў пісаць палітвязням і сам напісаў іх больш за дзве тысячы. Таксама Ілля вядзе пастаяннае змаганне з прапагандыстамі: на Азаронка і Мукавозчыка ён напісаў некалькі скаргаў у праваахоўныя органы. Аб прычынах ад’езда і планах у эміграцыі Ілля расказаў радыё Ўнэт.

— Апошняй кропляй, якая мяне вымусіла выехаць з Беларусі, стала прызнанне экстрэмісцкім фарміраваннем партала «Штодзень» (Гомель), якому я шмат даў інтэрв’ю пра ўсё, што са мной адбываецца: пра затрыманні, пра канцэты. Таму што я шмат чытаю навін пра людзей, якіх арыштоўвалі проста за інтэрв’ю. І я зразумеў: калі не з’еду, то зноў буду ў СІЗА. І прэсінг будзе большым, паколькі ў мяне ўжо была справа па палітычным артыкуле.

— Апошні час цябе пастаянна затрымлівалі. Ці былі нейкія намёкі: з’язджай?

— Былі намёкі. Калі было чарговае затрыманне мне намякнулі, што для супрацоўнікаў міліцыя я як костка ў горле і лепш бы я з’ехаў. Але я не з’ехаў, а сказаў ім: гэта мая справа, калі з’язджаць і калі я вырашу, я з’еду. Чым больш яны мяне затрымлівалі, тым больш упэўненасць была, што я не з’еду. Нават мая мама казала, давай, з’язджай, бо людзі проста перажываюць за цябе. І вось за апошнія паўгода ў мяне было шмат пяць затрыманняў па артыкуле 19.11. У мяне пастаянна штосьці знаходзілі на тэлефоне: то лайкі, то падпіскі на ТГ-каналы. Гэта быў ціск на мяне за маю справу. Акрамя лістоў і маніторынга судоў я шмат пісаў шмат заяў на праўладных прапагандыстаў за тое, што яны абражаюць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, распальваюць варажнечу, як гэта было з грамадзянінам Рыгорам Азаронкам.

— Ты падаваў і на Азаронка і на Мукавозчыка заявы ў Следчы камітэт. Які працяг у гэтых спраў? Ніякіх рашэнняў па іх прынята не было?

— Не было і я проста падаў заяву на Міністэрства інфармацыі, бо яны мне адказалі, што гэта было меркаванне прапагандыстаў, але ніякіх мер не прынялі. То бок яны мне зноў далі адпіску, на яе я зноў падаў заяву-скаргу ў пракуратуру і хацеў дачакацца адказу, але не дачакаўся і вымушаны быў з’ехаць. Але думаю, што дачакаюся тут. І як сказала мая мама: табе ж нічога не перашкаджае атрымаць адказ і пісаць ім адсюль. З бяспечнага месца я магу працягваць падаваць на іх заявы за парушэнне дзеючага заканадаўства.

— А праблем з выездам у цябе не было? Нармальна выязджаў, не партызанскімі сцежкамі?

— Не праблем з выездам не было. Але. Да пагашэння судзімасці я два гады вымушаны па нядзелях хадзіць на прафгутарку і адзначацца. Некалькі дзён перад выездам я жыў у Мінску і мне патэлефанавалі а 11 гадзіне і спыталі, чаму я не з’явіўся. Я ім патлумачыў, што быў вымушаны з’ехаць на працу і я не паспеў паведаміць. Яны сказалі добра, калі працаўладкуешся, паведамі нам, што ўсе добра. Я дачакаўся аўтобуса на Вільню і без усялякіх праблем выехаў. Я сам здзівіўся, бо я меркаваў, што на мяне як мінімум будзе складзены пратакол.

— А на мяжы не было праблем? Ты не ў «чорных» спісах?

— Я хоць экстрэміст «у законе», але не, усе было спакойна.

— А што збіраешся далей рабіць?

— Я займаюся музыкай і гісторыяй музыкі, канкрэтна Гомелем і нашай вобласцю, збіраю цікавую інфармацыю, афішы і фота. Я атрымаў прапанову і планую запусціць сайт, прысвечаны музыцы, і не толькі, каб падтрымліваць дзеячаў, якія знаходзяцца ў турмах ці ў вымушанай эміграцыі.

— Ілля, не магу не спытаць, ты толькі што прыехаў, як у Беларусі зараз атмасфера?

— Страх нарастае. Людзі баяцца. Што тычыцца маёй сферы, то зрабілі больш жорсткай дзейнасць па арганізацыі канцэртаў, таму канцэртаў стала значна менш, чым іх было. Але ёсць і добрыя навіны: два музыкі, браты Петуховы з групы «FaceOFF» выйшлі на волю.

Comments are closed.