Loading

Глеб Гарадзецкі

Другая Сусветная вайна безумоўна з’яўляецца вельмі складанай і міфалагізаванай тэмай у беларускай гісторыі. Прычым гэта міф, які зʼяўляцца на нашых вачах. Трэба для такога працэсу не шмат: міф зʼяўляецца тады, калі гісторыя выходзіць за навуковыя рамкі і ператвараецца ў палітычную зброю, а тая ці іншая гістарычная зʼява не асэнсоўваецца навукоўцамі, а сакралізуецца палітычнымі сіламі ў сваіх карысных мэтах.

Другая Сусветная і асабліва Вялікая Айчынная (паводле савецкага, расійскага, а так сама і беларускага афіцыйнага наратываў) сёння зʼяўляецца той самай сакральнай догмай, якая выкарыстоўвацца ў якасці сапраўднай зброі ў першую чаргу расійскай прапагандай, а, паколькі Беларусь сёння знаходзіцца пад поўным расійскім уплывам, то адпаведна і беларускай.

На нашых вачах расійскі ўрад скарыстаў гісторыю Другой Сусветнай вайны, як адзін з асноўных ідэалагічных падмуркаў дзеля развязвання злачыннай вайны ва Украіне. Сёння расійскія прапагандысты намагаюцца зрабіць усё магчымае, каб у вачах свайго грамадства сакралізаваць вайну цяперашнюю і ператварыць яе са злачыннай і захопніцкай у свяшчэнную і, нібыта, вызваленчую. Горш за ўсе, што ў іх атрымліваецца. Распачалося гэта, зразумела, не сёння. Доўгі час мы маглі назіраць усім знаёмыя налепкі «Можем повторить» і «Деды воевали», рыторыку, што ва ўсім вінаватыя агласаксы і нейкі калектыўны Захад. Назіралі за тым, як ствараўся вобраз «Святой Руси», вобраз рускай непераможнасці і непагрэшнасці. Усе гэтыя званочкі гучалі ўжо даўно, але, на жаль, іх не пачулі і вынік гэтай глухаты мы можам назіраць сёння ў рэальным часе. Наша рэчаіснасць вельмі хутка ператварылася ў рэчаіснасць антыўтопіі, вайны, гвалту і смерці.

Для Беларусі другая Сусветная вайна сапраўды мае вельмі вялікае значэнне, паколькі, зʼяўляючыся краінай памежжа і адначасова своеасаблівым буферам паміж Усходам і Захадам, яна панесла сапраўды велізарныя страты ва ўсіх сэнсах гэтага слова. І зразумела, што на народнай і гістарычнай памяці беларусаў гэтая вайна пакінула значны адбітак. І гэта не магла не выкарыстаць сённяшняя ўлада. Тэма Другой Сусветнай, як і ў цэлым савецкая спадчына ў Беларусі, зʼяўляецца вельмі сакралізаванай, а апошнім часам стала амаль што дагматычнай. Сёння мы бачым ужо законапраект пра генацыд беларускага народа, дзе ў якасці ворагаў выступаюць не толькі нямецкія захопнікі і сапраўдныя калабаранты, а і ўсе, хто ў тым ці іншым сэнсе быў не задаволены савецкай уладай і меў дачыненне да беларускага нацыянальнага руху.

Для таго, каб пабачыць, як беларуская прапаганда міфалагізуе Другую Сусветную вайну, не трэба далёка хадзіць, а дастаткова адкрыць сучасны падручнік па гісторыі Беларусі за дзевяты клас, дарэчы надрукаваны на расейскай мове (я ні на што не намякаю). У раздзеле пра вайну – класічны савецкі наратыў, дзе пакт Рэбентропа-Молатава прадстаўлены як «триумф совецкой дипломатии», яго падпісанне – як вымушанае дзеянне ў цяжкіх знешніх абставінах (Англія і Францыя асноўныя вінаватыя) і канешне аб’яднанне з Заходняй Беларуссю транслюецца як усталяванне гістарычнай справядлівасці. Увогуле, калі чытаеш падручнік, то праз яго «чырвонай ніткай» праходзіць думка, што ўсе савецкае для Беларусі было добрае, а ўсё нацыянальнае, заходняе і буржуазнае – гэта благое. Канешне, прызнаюцца жахі ваеннага камунізму, сталінскія рэпрэсіі і «культ асобы», і, нібыта, нават асуджаюцца, але падаецца гэта як класічнае: «да, перегибы были, но это было необходимо, и в конечном счете привело к положительнвм результатам».

Прыклад падручніка паказвае: для таго, каб стварыць гістарычны міф, не трэба штосьці выдумляць, дастаткова ўзяць патрэбны гістарычны факт і паказаць яго пад выгадным ракурсам, нязручныя звесткі прыбраць, дадаць жменю маніпуляцый на пачуццях людзей і мы атрымліваем ужо сапраўдную палітычную зброю, якую можна выкарыстоўваць у сваіх асабістых мэтах. Да гістарычнай навукі такі жанр ужо будзе мець мала дачынення, але з тэлевізара будзе гучаць пастаянна.

Напрыканцы хачу скарыстацца выразам аднаго з украінскіх калег: «Няма нічога дрэннага ў тым, што гісторыя перапісваецца, больш за тое, яна і павінна перапісвацца, бо кожнае новае даследаванне дазваляе нам лепш зразумець нашых продкаў, вывучыць урокі мінуўшчыны і менавіта гэты досвед дазволіць нам пабудаваць будучыню». А догма і палітычны міф будуюць толькі рэчаіснасць антыўтопіі і з гэтай рэчаіснасцю мы ўжо пазнаёміліся.

Comments are closed.