Loading

Ужо ў трэці раз у Беларусі будуць адзначаць 17 верасня Дзень народнага адзінства. У гэты дзень у 1939 года ў адпаведнасці з сакрэтнымі дамоўленасцямі паміж Гітлерам і Сталіным, савецкія войскі ўварваліся ў Польшчу, а Заходняя Беларусь стала часткай БССР. Ці можа быць святам дзень з вельмі супярэчлівымі наратывамі, як жылося беларусам у тыя гады па абодва бакі мяжы і ці прагнулі яны ўз’яднання? Пра гэта радыё Ўнэт пагаварыла з доктарам гістарычных навук Святланай Куль-Сяльверставай.

— 17 верасня стала дзяржаўным святам больш чым праз чвэрць стагоддзя пасля ўсталявання той улады ў Беларусі, якую маем зараз. Чаму толькі ў 2021 годзе гэта адбылося?

— Гэта чарговы здзек з суседняй Польшчы, бо для палякаў гэта дзень жалобы. Гэта робіцца, каб пазліць суседзяў. Да таго ж рэвалюцыя наша 2020 года паказала, што Заходняя Беларусь не была спацыфікавана. Усё ж пратэсты гродзенскія і брэсцкія былі адны з найбольш моцных, апрача Мінска. Плюс Гарадзеншчына дала яшчэ і пратэсты ў невялічкіх гарадах. Як бы ідзе гаворка пра адзінства народа з пункту гледжання ўлад. Пазначыць гэту дату – гэта таксама ўдар па людзях, якія жывуць у Заходняй Беларусі, старшае пакаленне і сярэдняя пакаленне ў сем’ях палякаў. Для іх гэта дата са знакам мінус, а не са знакам плюс.

— А як увогуле жылі беларусы ў 20-30 гады мінулага стагоддзя?

— Не ўсё адназначна, бо былі часы і для развіцця беларускай культуры, мовы. Потым пачалася санацыя, у канцы 20-х гадоў моцная паланізацыя, асадніцтва на нашых тэрыторыях, уплыў каталіцкага касцёла моцны. Зразумела, што ціск паланізацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў быў. Але ўсё пазнаецца ў параўнанні, давайце параўнаем Заходнюю і Усходнюю Беларусь. Калі тут абыходзіліся турмамі альбо штрафамі, то там была яма ў Курапатах. Так што ёсць з чым параўнаць. Ну і рая на зямлі, як часам кажуць, тут не было. Капіталістычная краіна з эксплуатацыяй, з усімі мінусамі такога грамадства, але і жудасцяў нейкіх не было, жахаў, як гэта было ва Усходняй Беларусі.

— Беларуская праўладная прэса сцвярджае, што эканамічна гэтыя тэрыторыі, тэрыторыі Заходняй Беларусі былі такія занядбаныя, як калонія, Польшча адсюль усё цягнула, а народ жыў бедна...

— Калоніяй яны не былі, эксплуатацыі як калоніі не было. Статус гэтых тэрыторый быў такі самы як усёй Польшчы. У трактоўцы ўлад гэта былі «тэрыторыі даўнія Рэчы Паспалітай», якія проста трэба развіваць. Развівалася прамысловасць, развіваўся транспарт, сельская гаспадарка. Чыгунка вельмі актыўна ў той час развівалася. Белавежскую пушчу акурат у той час пачалі аднаўляць пасля нямецкай акупацыі Першай сусветнай вайны, калі там палова пушчы была вырубленая, там быў заснаваны Нацыянальны парк. Аднавілі, добра аднавілі, зубра пачалі аднаўляць. Гэта менавіта ў той час адбывалася. Таму казаць, што гэта калонія… няхай на сябе паглядзяць, што рабілася ў Савецкім Саюзе. Узяць Крайнюю Поўнач, Сярэднюю Азію. Там сапраўды была калонія, бо выціскалі ўсё што можна. Выціскалі ўсё з вёскі, вёска трапіла пад страшнейшы прыгнёт. Яе не развівалі, а выцягвалі ўсё, каб прыспешыць індустрыялізацыю і ўзброіцца. У Другой Рэчы Паспалітай гэтага не было.

— 20-30 гады ў СССР гэта барацьба з рэлігіяй. А тут у той час утварылася аўтакефальная праваслаўная царква. Ці можна казаць пра прыгнёт праваслаўных?

— Насельніцтва ва Усходняй Беларусі фактычна перайшло напалову ў паганства, бо не было цэркваў, не было святароў, людзі не хрысціліся, не бралі шлюб у царкве, дзяцей не хрысцілі ў царкве. Такога ў Заходняй Беларусі не было, дзе захаваўся касцёл, праваслаўная царква, вера захавалася. Зразумела, паколькі каталіцтва было прызнана пануючай рэлігіяй і дзяржаўнай рэлігіяй, то ціск на праваслаўную царкву, на праваслаўных быў. Але сама рэлігія і праваслаўныя заставаліся. Параўноўваючы з Усходняй Беларуссю, дзе суцэльная пустэча і кроў святароў у тым ліку, калі дзясяткамі іх вынішчалі, і тое, што было тут, гэта іншая справа.

— Калі 17 верасня 1939 года войскі Чырвонай арміі перакрочылі польскую мяжу, як большасць беларускага насельніцтва ўспрыняло гэтую падзею?

— Па-рознаму. Вядома пра Гродзенскую бітву, калі самі гараджане абаранялі горад, бо часткі польскага войска адышлі ў Літву, інтэрніраваліся там. У межах горада баі былі. Гэта адзін эпізод. А другі – Дубічы Царкоўныя, рэгіён, дзе праваслаўныя былі. Там аркі ставілі з кветак, каб сустрэць Чырвоную армію, гэта значыць іх сустракалі як вызваліцеляў, як братоў праваслаўных з Усходу, якія дадуць ім вызваленне ад палякаў. Гэта было. Гарадзенскі, Сапоцкінскі рэгіён, Парэчча, Адэльск – там на іх глядзелі як на варвараў, бо прыйшлі брудныя, абтрапаныя, страшныя, ніколі масла сметанковага ў жыцці не бачылі.

То бок усё па-рознаму, у залежнасці праваслаўны рэгіён ці каталіцкі, які працэнт польскага насельніцтва сярод гэтых жыхароў. Але вельмі хутка наступіла ацвярэзванне людзей, якія чакалі, што прыйдуць нашы і ўсё будзе вельмі добра, бо амаль адразу пачаліся акцыі пакарання па-першае адміністрацыі, стараст, ляснікоў, паліцэйскіх. высылалі не па адным чалавеку, а сем’ямі. 1200 сем’яў было вывезена толькі з аднаго Сапоцкінскага рэгіёна, прычым зімой 1940 года, калі маразы был страшэнныя. Таму там пачаліся пратэсты. Былі нават пару выпадкаў забойства актывістаў, якіх улада паставіла. Пачаліся моцныя рэпрэсіі…

— Цяпер наратыў беларускай праўладнай прапагадны – Рыжская дамова была несправядлівая, быў падзелены народ і гэтак далей. Наколькі напрыканцы 30-х гадоў у тагачаснай БССР тэма неабходнасці ўз’яднання з заходнімі братамі была актуальнай?

— Была вельмі актуальнай. Пра гэта пастаянна пісалі, фільмы здымалі пра гнёт «польскіх паноў». Нават тэрмін «польскія паны» менавіта тады ўзнік і замацаваўся. Гэта быў такі слоган, які пазначаў усю Польшчу. Звычайны народ, які жыў пра мяжы, займаўся кантрабандай. Хадзілі сцежкамі праверанымі адны да другіх, часцей з Усходу на Захад, на рынка штосьці купіць і правезці. Зразумела, што і сваякі засталіся, і нейкія сяброўскія сувязі засталіся. Але сказаць, што з боку насельніцтва Усходняй Беларусі было моцнае жаданне вярнуць гэту тэрыторыю і далучыць да сябе, нельга. У любым выпадку мы не маем шырокай базы доказаў, каб людзі пра гэта шчыра выказваліся.

— Вашы адносіна да даты 17 верасня 1939 года?

— Неадназначная гэтая дата, падвойнае яе значэнне. Так, нарэшце беларусы аб’ядналіся ў адной краіне, узмацнілі свой этнас, змаглі кансалідавацца і далей развівацца разам. Гэта вялізарны плюс. Хоць я часам думаю, можа было лепей забраць гэту частку ў Рэч Паспалітую падчас Рыжскай дамовы. Тады нас не змаглі б асіміляваць палякі, бо нас занадта многа было, і маглі б у больш-менш дэмакратычнай краіне развівацца як належыць, а не так як мы мелі, што была вынішчана ўся інтэлігенцыя, наша беларуская культура.

Так, мы аб’ядналіся, разам маглі жыць і развіваць сябе. Ну а з другога боку механізм гэтага вяртання і як гэта было зроблена – гэта траўма і для нас, і траўма для нашых суседзяў палякаў, гэта адназначна. Пакт Молатава-Рыбентропа, хто бы што ні гаварыў, як бы яго не адмывалі, але гэта падзел суверэннай дзяржавы, гэта акупацыя, гэта агрэсія. Мы аб’ядналіся паводле агрэсіўнага пакта, які нельга ўпісаць у міжнароднае права.

— Вы не лічыце, што 17 верасня мусіць быць святам?

— Абсалютна не можа быць святам. Дзяржаўным святам павінна быць дата, якая для ўсіх з’яўляецца сапраўды прыймальнай, не абразлівай. 17 верасня – дата кантраверсійная. Я не лічу, што яе трэба рабіць дзяржаўным святам.

Comments are closed.