13 траўня ў Варшаве прайшла Ноч музеяў. Сёлета яна запомніцца нам у першую чаргу вялікімі чэргамі, у якіх людзі стаялі па некалькі гадзін. Вось так, напрыклад, выглядала чарга ў Бельведэрскі палац.
Таму мы вырашылі ад’ехацца ад цэнтра і адправіліся на варшаўскую Прагу. Пра тое, што сёлета там можна можна будзе ўбачыць унікальную ліўневую камеру стогадовай даўніны, мы ўжо пісалі ў нашым гайдзе. Але каля падземнага аб’екта нас таксама сустрэў натоўп людзей. Людзі распавялі, што стаяць у чарзе ўжо чатыры гадзіны.
Затое на вуліцы Віленскай, атрымалася зайсці ў Музей польскіх гадзіннікаў. Гэта невялікая прыватная ініцыятыва аматараў гадзіннікавага рамяства. У асноўным на экспазіцыі можна ўбачыць экспанаты эпохі ПНР. Вельмі ўтульнае і прыемнае месца, дзе пра кожны, нават самы маленькі гадзіннік, табе могуць прачытаць захапляльную лекцыю.
Літаральна за некалькі метраў ад гадзіннікавага музея – яшчэ адна антыкварная лакацыя. Адчуванне, быццам патрапіў у музей свайго дзяцінства з магнітафоннымі касетамі, старымі кніжкамі і рэчамі, якія бачыў у бабулінай кватэры.
Выпадкова мы трапілі і на тэрыторыю былога трамвайнага дэпо Stacja Praga. Сёння ў старых закінутых гаражах б’ецца сэрца варшаўскага стрыт-арту. Графіцісты, работы якіх можна ўбачыць па ўсёй Польшчы, расказалі нам, што на Празе яны знаходзяцца выключна з захаплення непаўторнай атмасферай раёна, яго падворкамі і жыхарамі. З апошнімі, праўда, адносіны не заўсёды роўныя. Напрыклад, нядаўна жыхарка з суседняга дома падпаліла мастакам двор. Потым сама прыйшла, прызналася і сказала, што ёй нічога за гэта не будзе. Але да такога тут звычайна ставяцца з пэўнай доляй гумару. Таму жанчыне сапраўды нічога за гэта не было.
Завяршыўся наш маршрут на габрэйскіх могілак на Брудне. Гэта адзін з самых вялікіх габрэйскіх некропаляў у свеце, які сёння знаходзіцца ў напаўразбураным стане. Штосьці падобнае мы адчувалі ў Кракаве на фабрыцы Оскара Шындлера. Сярод старых зруйнаваных магільных пліт ты бачыш, як знішчаецца чалавечая памяць.
У невялікай музейнай зале ёсць вельмі цікавая выстава пра пахавальныя традыцыі габрэяў. Самі могілкі лепш, канешне, наведваць днём. Бліжэйшыя месяцы яны будуць адкрытыя толькі па нядзелях з 10.00 да 16.00, а на канікулах, у ліпені і жніўні, комплекс будзе працаваць кожны дзень, акрамя суботы. Абавязкова знайдзіце магчымасць паразмаўляць з супрацоўнікам музея, які выдатна разумее расійскую і можа распавесці нямала цікавага.
Comments are closed.