Loading

Набліжаецца чарговая Ноч музеяў. Сёлета яна пройдзе 13 траўня. Гэта адна з самых чаканых падзей культурнага жыцця горада, калі можна бясплатна наведаць музеі і папулярныя месцы. Але мы б не раілі стаяць гадзінамі ў чарзе, каб схадзіць у Каралеўскі замак або Нацыянальны мастацкі. Яны і так адкрытыя кожны дзень. А Ноч музеяў тым і асаблівая, што дазваляе ўбачыць унікальныя месцы. На такія мы ў першую чаргу і звярталі ўвагу ў нашым гайдзе.

Ісландская амбасада

17:00 – 24:00

al. Armii Ludowej 26, Warszawa (Śródmieście)

Гэта нядаўна адкрытае пасольства і ў Ночы музеяў удзельнічае ўпершыню. У праграме будуць пластычныя варштаты less waste і апавяданні пра ісландскіх троляў, выстава карцін з краявідамі Ісландыі і дэбаты на тэму творчасці заангажаванай у ахову навакольнага асяроддзя Бьорк. А яшчэ, у амбасадзе можна будзе зрабіць сабе на памяць пашпарт з ісландскім імем.

Крыніца: facebook.com
Варшаўскі аэраклуб

12:00 – 22:00

ul. Księżycowa 1, Warszawa (Bemowo)

Сёлета таварыства ўпершыню ўдзельнічае ў ночы музеяў. Летась, дарэчы, Варшаўскі аэраклуб адзначыў сваё 95-годдзе. У ноч музеяў можна будзе наведаць яго ангары і месцы планавання палётаў, пасядзець за штурвалам самалёта і паразмаўляць з пілотамі.

Кабінет мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага

18:00 – 01:00

pl. Bankowy 3/5, Warszawa (Śródmieście)

Паліцы з тысячамі кніг ад падлогі да столі, разьбяны стол для подпісу дакументаў і стол, за якім спадар Тшаскоўскі прымае гасцей: на ночы музеяў нам пакажуць кабінет, у якім ствараецца гісторыя горада.

Крыніца: um.warszawa.pl
Ноч музеяў з варшаўскім водаправодам

17:00 – 23:00

ul. Ratuszowa u zbiegu z ul.Jagiellońską, Warszawa (Praga Północ)

У Варшаве ёсць месцы, якія нельга наведваць звычайнаму чалавеку. Але ў ноч музеяў можна будзе спусціцца пад зямлю, пазнаёміцца з фрагментамі каналізацыйнай сеткі горада і ўбачыць ліўневую камеру, пабудаваную больш за 100 гадоў таму. Арганізатары запрашаюць толькі паўналетніх і папярэджваюць, што пры сабе трэба мець пашпарт.

Начное купанне ў басейнах

22:00 – 01:00

ul. Garbińskiego 1, Warszawa (Wola)

ul. Esperanto 5, Warszawa (Wola)

ul. Kasprzaka 1/3, Warszawa (Wola)

Ноч музеяў не толькі для душы, але і для цела. Кліенты акцыі «Начное купанне» не плацяць за ўваход, а апошні ўдзельнік акцыі можа зайсці на аб’ект не пазней за 24:00.

Пахавальны дом Służew

18:00 – 01:00

ul. Fosa 19a, Warszawa (Ursynów)

Гэта яшчэ адна навінка. Гасцям пахавальнага бюро распавядуць пра пахвальныя абрады і звычаі розных культур свету, а таксама пра тэхнікі падрыхтоўкі нябожчыка да пахавання.

18:00 – адкрыццё выставы для наведвальнікаў (малая зала);

18:30 – групы па 20 чалавек кожныя 30 хвілін наведваюць анатамалагічны кабінет з экскурсаводам;

19:15 – прэзентацыя і міні-канцэрт рытуальнага майстра (вялікая зала);

20:15 – канцэрт пахавальнай музыкі (вялікая зала);

00:30 – уваход апошняй групы наведвальнікаў;

01:00 – заканчэнне.

Крыніца: zyciewarchitekturze2020.architekturamurator.pl
Кінатэатр Iluzjon

17:00 – 24:00

Narbutta 50a , Warszawa (Mokotów)

Гэта адзін з апошніх кінатэатраў, які паказвае фільмы як у аналагавым, так і ў лічбавым фармаце. Ноч музеяў стане рэдкай магчымасцю ўбачыць розніцу на ўласныя вочы. Сёлета Kino Iluzjon прадставіць кампазіцыі кароткаметражных фільмаў, знятых на кінастужку «шаснаццаць», з 35-міліметровай плёнкі і з лічбавага праектара. У перапынках паміж сеансамі арганізатары запрашаюць у кіназалу на выставу гістарычнай кінатэхнікі.

Брудноўскія могілкі

21:00 – 0:30

św. Wincentego 15, Warszawa (Targówek)

Гэта адзін з самых вялікіх габрэйскіх некропаляў у свеце. Паміж 1743 і 1940 гадамі тут было пахавана каля 250 тысяч чалавек. На ночы музеяў можна будзе наведаць адмысловую выставу, прысвечаную праблеме смерці і пахавання ў габрэйскай культуры. Распавядуць на могілках і пра іх гісторыю. Мужчын просяць прыходзіць у галаўных уборах.

Агулам да сёлетняй акцыі далучылася амаль 250 пляцовак. І нават калі ў вас няма нейкага адмысловага плану, то проста выходзьце з дому. Ёсць вельмі вялікая верагоднасць, што вы ўбачыце штосьці цікавае і незвычайнае. І для гэтага зусім не абавязкова ехаць у цэнтр горада. Дарэчы, калі разумееце польскую, можна схадзіць на экскурсію па вашым раёне. Падрабязную праграму варшаўскай ночы музеяў можна паглядзець на сайце nocmuzeow.um.warszawa.pl 

Натуральна, што 13 траўня можна прыйсці і ў Музей вольнай Беларусі на Foksal, 11. Што праўда, ніякай адмысловай праграмы там не будзе, аднак супрацоўнікі з задавальненнем вам пакажуць выставачную залу музея і распавядуць пра яго дзейнасць.

Comments are closed.