Loading

Што пілі беларусы за часамі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага? І ці ёсць у нас сучасны алкагольны брэнд? Пра топ-5 беларускіх напояў распавядае гісторык і калекцыянер пладова-ягаднага віна Ягор Сурскі.

1. Мёд пітны

– З гэтым напоем звязаная традыцыя мядовых канонаў. Імпрэзы пад такой назвай ладзіліся ў маштабах усяго сярэднявечнага горада. Права сыціць мёд было прывілеем праваслаўнай царквы. Пазней яго перанялі ўніяты.

Мядовыя каноны магла ладзіць або царкоўная абшчына, або цэхавыя арганізацыі. Колькасць мёду, якую гэтая грамада магла сыціць, прапісвалася ў адмысловых прывілеях. Мядовыя каноны маглі доўжыцца 3-4 дні. У некаторых гарадах гэтая традыцыя налічвала пяць стагоддзяў. 

2. Піва

– Для нашых продкаў гэта быў напой штодзённага ўжытку. Нават навучэнцам элітнай Слуцкай гімназіі маглі наліваць ад адной да трох шклянак піва на абед і вячэру. Але пры адной умове: шкаляр павінен быў прадэкламаваць прыслоўе на польскай або лацінскай мове.  

Трэба разумець, што спіртныя напоі мінулага не былі такімі моцнымі, як зараз. Акрамя таго, гэта было самае бяспечнае пітво – асабліва ў вялікіх гарадах, улічваючы тыя стандарты гігіены. Калі вада праходзіла праз працэс ферментацыі, яна станавілася даступнай і бяспечнай.

3. Гарэлка

– Першыя згадкі пра віно гарэлае або хлебнае віно можна знайсці ў дакументах XV стагоддзя. На тыя часы гэта быў высокатэхналагічны напой, і калі пры яго вытворчасці маглі ажыццявіць падвойную дыстыляцыю, то ён лічыўся сапраўды элітарным. Тэхналогія прыйшла на землі ВКЛ праз Еўропу. Апараты імкнуліся набываць замежнай вытворчасці, і дазволіць іх сабе маглі толькі самыя заможныя людзі кшталту Радзівілаў. Яны закупалі Алэмбікі, кошт якіх быў раўназначны гадавой арэндзе карчмы.

4. Самагон

– Практыкі вырабу моцных спіртных напояў на ўласную патрэбу бытавалі на беларускай зямлі здаўна. Яшчэ ў часы ВКЛ землеўласнікі дазвалялі падданым сялянам на вяселле, хрэсьбіны, асноўныя рэлігійныя святы вырабляць гарэлку. У найноўшай гісторыі лятучай, гаручай і празрыстай вадкасцю сяляне таксама маглі разлічвацца – напрыклад, за каня, калі ідзе пра збор бульбы. Пазней, калі Рэч Паспалістая спыніла сваё існаванне, з’явілася манаполія на вытворчасць алкагольных напояў. І тым не менш, самагон часта станавіўся лакальным брэндам. Добра вядомая, скажам, Старадарожская самагонка ці Бакштанка. 

5. Пладова-ягаднае віно

– Гэта сапраўдны сучасны брэнд, які стаў часткай масавай культуры. У народзе –  «чарніла». Ёсць і іншыя назвы – ад пладова-выгаднага да «морды мятай», як называлі віно «Водар мяты».  Віно «Праменнае» – васямнаццаць мілірэнтген. А больш за ўсё мне падабаецца назва «Містэр Ікс»!

Comments are closed.