Loading

У гэтую суботу ў беларусаў Варшавы была класная магчымасць пабываць у закуліссі аднаго з самых эксперыментальных і смелых тэатраў польскай сталіцы – Teatr Powszechny. Экскурсію правяла яго stage-менеджарка Бажэна Шамовіч.

«Мне вельмі хацелася распавесці на беларускай мове, як працуе тэатр і яго людзі. Спадзяюся, што атрымалася цікава», – скажа потым Бажэна і распавядзе ў нашым аўдыё, чаму вырашыла запрасіць беларусаў на гэты цікавы творчы маршрут.

 У Тэатры Powszechny Бажэна працуе stage-мэнэджаркай – гэта значыць, цалкам адказвае за творчы працэс да і падчас спектакляў. Яна выклікае на сцэну акцёраў, каардынуе тэхнічны персанал і ў цэлым займаецца арганізацыяй паказу.

«Таксама перад пачаткам спектакля я правяраю, ці ўсё на месцы, – распавядае пра свае службовыя абавязкі Бажэна. – Аднойчы наш акцёр праспаў спектакль. Я яму тэлефаную – а ён адказвае, што спіць. Мусілі затрымаць паказ на 20 хвілін. Так што бывае рознае».

Бажэна распавядае, што раней, да вайны, на месцы гэтага будынка быў кінатэатр «Бомба». Цяпер яе выява стала эмблемай тэатра, які ўрываецца –«się wtrąca» – у жыццё гледача і з’яўляецца максімальна адкрытым і інклюзіўным. А яшчэ – не ўнікае вострых сацыяльных і балючых для польскага грамадства тэм.

У рэпертуры тэатра, напрыклад, ёсць спектакль пра гуманітарны крызіс на беларуска-польскай мяжы. Або пра прыняцце і пошукі небінарных асоб. Ці нават пастаноўка пад правакатыўнай назвай «Майн кампф».

З фае Бажэна вядзе групу на вялікую сцэну, затрымліваючыся на хвілінку ў «кішэні» – месцы, дзе захоўваюцца дэкарацыі ад спектакляў і знаходзяцца некаторыя рэквізіты для пастановак.

А на вялікай сцэне ўжо ўсё гатова да паказу вечаровага спектакля «Bieguni» паводле твора нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук. За дэкарацыямі можна разгледзець заднік з брунатнай цэглы – гэта ўсё, што засталося пасля вайны ад колішняга кінатэатра. Аўтэнтычную сцяну вырашылі захаваць і цяпер многія рэжысёры выкарыстоўваюць яе ў якасці натуральнай дэкарацыі.

Працоўнае месца Бажэны нагадвае пульт касмічнага карабля. Менавіта тут яна і знаходзіцца падчас спектакля. Пад рукой у яе заўсёды абавязкова ляжыць сцэнар з падрабязнымі падказкамі, калі і каго трэба своечасова выклікаць на сцэну. Падчас спектакля трэба быць на сувязі не толькі з акцёрамі. Работнікі сцэны, асвятляльнікі, гукарэжысёр – усіх іх каардынуе Бажэна. Яна – гэтакі нябачны для публікі дырыжор, ад якога залежыць, наколькі зладжана будзе працаваць каманда спектакля.

А пад сцэнай – яе тэхнічнае сэрца. Можна ўбачыць механізмы, якія прыводзяць пляцоўку ў рух. І менавіта сюды так эфектна падаюць акцёры падчас спектакляў.

Побач – рэквізітарская, якая нагадвае гіганцкую антыкварную краму. Бажэна кажа, што тэатр імкнецца быць максімальна экалагічным і па магчымасці карыстацца тым, што ёсць, а не купляць для пастаноўкі новыя рэчы. Асцярожна праціскаючыся паміж стэлажамі, пачынаеш разумець сэнс выразу «усё на свеце».

Але бывае і так, што задума сцэнографаў патрабуе адмысловага ўвасаблення. Для гэтага ў тэатры існуе сталярная майстэрня. Дарэчы, далёка не ва ўсіх варшаўскіх тэатрах ёсць падобныя цэхі.

У касцюмернай нараджаюцца і ствараюцца акцёрскія вобразы. Акурат цяпер тут працуюць над касцюмамі для чарговага спектакля. На стале – адмысловы сшытак, дзе сабраны памеры і параметры ўсіх (!) акцёраў тэатра, а таксама запрошаных артыстаў.

Рэпетыцыйная – месца, у якім нараджаюцца і ўвасабляюцца ідэі. Кожны спектакль, кажа Бажэна, пачынаецца з сустрэчы стваральнікаў пастаноўкі і працаўнікоў тэатра. Яны знаёмяцца і спачатку даволі доўга размаўляюць. Рэпетыцыі звычайна доўжацца каля трох месяцаў.

Пасля рэалізацыі праекта каманда тэатра можа падзяліцца з дырэктарам фідбэкам і, напрыклад, адмовіцца альбо пагадзіцца на далейшае супрацоўніцтва з тым ці іншым рэжысёрам. Дарэчы, дырэктар у тэатр не прызначаецца кімсьці зверху, а абіраецца на спецыяльным конкурсе. Для таго, каб атрымаць пасаду, будучаму кіраўніку тэатра да свайго CV трэба прыкласці распрацаваную канцэпцыю з бачаннем місіі калектыву і яго развіцця.

Бажэна Шамовіч завяршае сваю экскурсію на малой сцэне. Менавіта тут, дарэчы, пару гадоў таму адбылася прэмʼера спектакля «Насця» беларускага рэжысёра Юры Дзівакова.

У залежнасці ад пастаноўкі прастора трансфармуецца – гледачы могуць сядзець, напрыклад, па перыметры пляцоўкі. Мы ж патрапілі на «класічную» рассадку, і літаральна праз некалькі гадзін тут пакажуць спектакль, у якім сыграе акцёр з сіндромам Даўна. І гэта – таксама пра інклюзіўнасць і адкрытасць тэатра, у які запрашае Бажэна Шамовіч і раіць спектаклі, з якіх можна распачаць знаёмства з Powszechnym.

А на што схадзіць? Топ-3 спектакля Тэатра Powszechny ад Бажэны Шамовіч

  • «Меладрама» – спектакль аб залежнасці і сузалежнасці ў адносінах.
  • «Арланда. Біяграфія» – пра людзей, якія прайшлі трансфармацыю і адчуваюць сябе небінарнымі або трансгендэрнымі асобамі.
  • «Насця» – спектакль беларускага рэжысёра Юры Дзівакова. Імаверна наступны паказ адбудзецца ў сакавіку.

Comments are closed.