Loading

Дапамагчы палітзняволеным, якія выходзяць з калоній, атрымаць запатрабаваную на рынку працы прафесію заклікана новая праграма, якую ў тэставым рэжыме запускае Фонд беларускай салідарнасці Байсол. Пра гэта на фестывале абуджаных «Тутака» распавёў кіраўнік арганізацыі Андрэй Стрыжак. Як будзе дзейнічаць праграма, хто на яе можа трапіць, наколькі можа быць запатрабаваная – радыё Ўнэт высветліла падрабязнасці.

Андрэй Стрыжак і Зміцер Косцін

Падчас дыскусіі аб беларускіх палітвязнях, якая адбывалася на другі дзень фестывалю «Тутака», Андрэй Стрыжак слушна нагадаў, як у 2020-2021 гадах пасля вынясення прысудаў з доўгімі тэрмінамі зняволення некаторыя казалі, што палітычныя асуджаныя ўвесь тэрмін не адседзяць, бо выйдуць раней. Казалі так не толькі звычайныя грамадзяне, а нават і тыя, хто называе сябе экспертамі і палітолагамі. Цяпер мы бачым, што палітзняволеныя не проста адседжваюць прызначаныя тэрміны, але і знаходзяцца пад пагрозай новых, колькасць людзей, што праходзяць праз крымінальную адказнасць з палітычных прычын, безупынна расце. Што ж тычыцца тых, хто вызваляецца па заканчэнні тэрміну зняволення, то часцяком яны выходзяць з калоній са зламаным фізічным і ментальным здароўем, з «воўчым білетам» і не могуць уладкавацца на працу.

Паводле Андрэя Стрыжака, такім людзям прапануецца эвакуацыя з краіны.

«Ясна, што эвакуацыя гэта не панацэя, але калі чалавек трапіў у такую сітуацыю, мы заўсёды прапануем яму дапамогу, па-першае, візавую і выезд. Маем невялічкія грошы, якія могуць закрыць, напрыклад, запазычанасць па «камуналцы». Таксама ёсць магчымасць персанальнага збору, які можна адкрыць на такіх людзей. Плюс, зараз гэта можа быць троху анонс, хіба ўпершыню гэта публічна гучыць, у нас ёсць праграма, якая стартавала некалькі дзён таму, гэта праграма спецыяльнага перанавучання для людзей, якія выйшлі з турмаў, нейкім прафесіям, якімі можна зарабляць грошы дыстанцыйна».

Андрэй Стрыжак дадаў, што «праграма мае адзінае абмежаванне, каб чалавек быў палітычна рэпрэсаваны і адсядзеў у турме, не менш за тры месяцы». Праграма не падыходзіць для тых, хто меў адміністрацыйныя пакаранні, яна толькі для арыштаваных па крымінальных справах. Выключэнне для тых, каму «адміністратыўку» пастаянна працягвалі. «Калі адсядзелі сто дзён па адміністратыўцы, мы гэта прыраўніваем да крыміналкі, таму, што гэта значнае абмежаванне волі і на доўгі час», –тлумачыць кіраўнік фонду Байсол.

Байсол плануе прыняць каля 140-170 чалавек на гэту праграму. Яна дасць магчымасць атрымаць веды па СЕО, SMM і вывучыць англійскую мову на нейкім базавым узроўні. Таксама фонд будзе выплочваць стыпендыю для тых, хто паспяхова скончыць гэтыя курсы.

Па словах Андрэя Стрыжака, адна з праблем, з якой людзі сутыкаюцца, выходзячы з турмаў, гэта тое, што яны не могуць знайсці крыніцу фінансавання свайго жыцця.

Гэта, у першую чаргу, праца. І калі няма працы, то што ты можаш зрабіць? А ўлічваючы тое, што шмат гэтых людзей застаецца ў Беларусі, то яны маюць так званы «воўчы білет», які не дазваляе ім уладкавацца. І таму пытанне дыстанцыйнай працы можа быць вельмі актуальным для гэтых людзей. Таму я думаю, што попыт будзе, улічваючы, што ў нас наша ўласная база складае каля трохсот чалавек, якім мы дапамаглі. Мы ў першую чаргу на іх будзем накіроўваць гэты мэсэдж, але як хтосьці яшчэ не звяртаўся ў Байсол, то гэта якраз добрая нагода.

Часовыя рамкі праграмы пакуль дзевяць месяцаў. Па меры запаўнення груп, будуць набіраць новыя.

Партнёрамі праграмы выступаюць былыя палітвязні, якія самі адседзелі, якім вельмі важна гэта тэма, якія адкрылі курсы тут у Беластоку. І калі гэта праграма будзе паспяховая, мы будзем шукаць новыя рэсурсы пад іх. Таму што гэта грошы інстытуцыйных донараў, гэта не грошы, якія мы сабралі данатамі з простых людзей. Я спадзяюся, што праграма стартуе і пройдзе добра, паспяхова, а мы будзем шукаць новыя магчымасці.

Падчас дыскусіі Андрэй Стрыжак таксама распавёў аб працы арганізацыі па зборы ахвяраванняў. Паводле яго, Байсол збірае ў тыдзень ад шасці да дваццаці тысяч еўра. Людзі, на жаль, прызвычаіліся да вялікай колькасці палітвязняў і ахвяруюць у выпадках, калі іх нешта па сапраўднаму ўзрушвае.

Comments are closed.