Родныя экс-ваяра палка Каліноўскага, якога абвінавачваюць у забойстве іншага беларускага добраахвотніка, у пятніцу прыйшлі да Генеральнай пракуратуры Літвы, каб выказаць нязгоду з тым, як ідзе следства. Малады чалавек паўгода знаходзіцца за кратамі, у якасці доказу сваёй невінаватасці ён запатрабаваў праходжанне паліграфа. Пракурор спачатку пагадзіўся, а пасля адмовіў. Малады чалавек пайшоў на крайнюю меру – абвясціў галадоўку. Да яе далучыўся і бацька падазраванага.
18 снежня 2022 года ў адным з жылых дамоў Вільні быў знойдзены труп грамадзяніна Беларусі з колата-рэзанай ранай у вобласці грудной клеткі. Па справе затрымалі яшчэ аднаго беларуса. Малады чалавек, якога падазраюць у забойстве, ужо паўгады знаходзіцца за кратамі. Каб даказаць сваю невінаватасць, ён нават запатрабаваў праходжанне паліграфа. Спачатку пракурор на гэта пагадзіўся, але пасля адмовіў без тлумачэння прычын, – расказаў бацька маладога чалавека Сяргей.
— Яшчэ ў лютым пракурор пагадзіўся, усе добра, мы вам дазваляем паліграф, але ў канцы траўня ў самы апошні момант сказалі, што паліграфа не будзе, і даказаць сваю невінаватасць ён не можа. Я ўжо напісаў афіцыйны ліст і ў Генеральную пракуратуру, і ў прэзендэнтуру, для таго, каб чалавека пачулі. Не пачуюць сёння, значыць будзем выходзіць далей. Паліграф у гэтай справе хутчэй як ускосны доказ, бо па законах Літвы ён не з’яўляецца доказам, але гэта як дадатковая экспертыза. Парадаксальна тое, што дзяржаўнага паліграфіста няма ў Літве, усе дзяржаўныя ўстановы нам адмовілі і сказалі, што ў іх няма спецыялістаў. Мы знайшлі прыватнага паліграфіста, гатовы заплаціць яму грошы, а гэта немаленькая сума, пракурор спачатку пагадзіўся. Але пасля адмовіўся.
Падзеі паўгадавой даўніны Сяргей апісвае так:
— 18 снежня мінулага года адбылася трагедыя. Следства ківае, што гэта было забойства, сын кажа, што гэта было самазабойства, ён усе гэта бачыў, яны былі ўдвух у адным пакоі. На нажы няма адбіткаў сына, толькі адбіткі загінуўшага. Былі пытанні да экспертаў, ці можна гэтыя адбіткі выдаліць, адказ: не, малаверагодна. Сыну ніхто не верыць.
Зараз дасудовае расследаванне працягнута яшчэ на месяц. Родныя маладога чалавека прыйшлі ў пятніцу да Генеральнай пракуратуры Літвы, каб выказаць сваю нязгоду з тым, як ідзе следства. 15 чэрвеня падазраваны абвясціў галадоўку. Да яе далучыўся і бацька.
— Гэта крайняя мера. Галадоўка мокрая, то бок чалаве п’е толькі вадкасць. Зразумела, што здароўя гэта не дадае. Мы сёння з ім сустракаліся, ён разумее, што хутка, магчыма, спыняць усе спатканні з ім. Ён кажа, што рух у справе можа пачацца толькі тады, калі пачнуцца змены ў крыві і з арганізмам. Ён усведамляе, што сам сябе калечыць.
Справу абцяжарвае ваеннае мінулае падазраванага – кажа сястра маладога чалавека.
— Тое, што абодва маладых чалавека былі ў палку, з’яўляліся добраахвотнікамі, як не дзіўна, але гэты фактар стаў ключавым, чаму справа зацягваецца. Літоўцы абсалютна па-іншаму ставяцца да добаахвотнікаў, якія зараз ваююць ва Украіне. Калі мы іх спрабуем падтрымліваць, збіраем ім дапамогу, літоўцы ставяцца да добраахвотнікаў як да наёмных забойцаў. Таму яны ўсе разглядаюць з пункту гледжання чалавека, які быў наёмным забойцам. І гэта тычыцца не толькі беларусаў. Я чула тое самае і пра літоўскіх добраахвотнікаў, якія скардзіліся, што дзяржава ім не аказвае ніякай дапамогі, хоць сама Літва шмат дапамагае Украіне.
Па словах маці маладога чалавека, пра тое, што сын пайшоў у полк Каліноўскага, сям’я даведалася па факце. Пасля сканчэння службы ён звяртаўся па псіхалагічную дапамогу.
— Сын адразу стаў дарослым. У яго былі вялікія планы на будучыню. Ён вучыцца ва ўніверсітэце. Ён браў акадэмічны адпачынак, і з лютага павінен быў аднавіцца на вучобе. Ужо з такім вопытам, пераацэнкай жыцця.
— А ці была ў яго дэпрэсія ці штосьці такое?
— Ён звяртаўся (да спецыялістаў). Ён казаў, што трэба яшчэ «Украіну закрыць». Ён адчуваў патрэбу, але не было такога, што ён закрываўся ў сабе. Мы ўвесь час былі на сувязі.
— Вы, як прадстаўнікі сям’і, на што вы спадзяецеся?
— Што праўда возьме верх. Мы спадзяемся, што прадаставяць паліграф і адкрыецца праўда. Калі мы хочам гэтую праўду, то давайце для гэтага штосьці рабіць.
Comments are closed.