Loading

Нямецкая асацыяцыя псіхасацыяльных цэнтраў для бежанцаў і ахвяр катаванняў (BAfF E.V.) і Цэнтр аналізу і прадухілення канфліктаў (CAPC) падрыхтавалі і прадставілі даклад «Грамадзянская супольнасць у выгнанні 2020-2022: псіхалагічная траўма беларускіх актывістаў-рэлакантаў і праца з яе лекаваннем». Пра тое, як ствараўся даклад, якія паказаў вынікі і якія рэкамендацыі ён дае зацікаўленым арганізацыям распавяла адна з аўтарак, заснавальніца Цэнтру аналізу і прадухілення канфліктаў Екацярына Сакіранская.

— Наш праект працуе з беларускімі псіхолагамі, беларускімі актывістамі, праваабаронцамі з 2020 году. Мы сумесна з BafF праводзім трэнінгі пра псіхалагічную траўму, адпаведна, для праваабаронцаў, журналістаў, для псіхолагаў, людзей дапаможных прафесіяў. Таму што нам падаецца вельмі важным, каб людзі дапаможных прафесіяў мелі першасныя навыкі працы з людзьмі, што перажылі траўму, а таксама ведалі, як самім папярэдзіць выгаранне.

Наша праграма найперш навучальная. Але таксама адна з нашых задач у тым, каб адвакатаваць тыя праблемы, якія мы лічым важнымі. Гэта праблемы, звязаныя з крызісам і псіхалагічнай траўмай. І, уласна, гэтае даследаванне мы праводзілі праз тое, што мы бачылі наколькі вялікую, сур’ёзную ролю псіхалагічная траўма адыгрывае ў працэсе інтэграцыі беларускай грамадзянскай супольнасці ў рэлакацыі, у краінах, якія беларусаў прымаюць. І гэта стала прычынай, з якой мы вырашылі праводзіць гэтае даследаванне.

— А якія спосабы ці методыку вы выкарыстоўвалі, каб зафіксаваць станы актывістаў у тым часавым прамежку, які вы даследавалі?

— Мы праводзілі глыбіннае даследаванне ў чатырох краінах – у Грузіі, у Польшчы, у Літве і ва Украіне да вайны. Мы таксама правялі яшчэ дапаўняльна некалькі інтэрв’ю з беларусамі, якія рэлакаваныя ва Украіну, а потым, найчасцей, пераехалі ў трэція краіны ўжо пасля (пачатку) вайны, а таксама з некаторымі беларусамі, якія засталіся ва Украіне і па-ранейшаму там знаходзяцца.

Інтэрв’ю праводзілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў гэтых краінах. Найчасцей гэта былі альбо журналісты, альбо сацыяльныя працаўнікі і адзін псіхолаг. У нас быў гайд, паводле якога праводзіліся гэтыя інтэрв’ю. Усе інтэрв’ю запісваліся. Найчасцей праводзіліся ананімна. Гэта было рашэнне самога рэспандэнта – альбо ён цалкам імя сваё даваў, альбо пад псеўданімам, некаторыя ўвогуле на ўмовах ананімнасці давалі гэтыя інтэрв’ю.

Далей яны транскрыбаваліся, мы праводзілі кантэнт-аналіз, на падставе якога, уласна, і было напісанае гэтае даследаванне. Сярод рэспандэнтаў былі таксама эксперты, псіхолагі, супрацоўнікі розных арганізацыяў, якія дапамагаюць беларусам у рэлакацыі, а таксама проста актывісты, якія працуюць у розных беларускіх ініцыятывах, ці самі з’яўляюцца арганізатарамі гэтых ініцыятываў.

— Якія вынікі паказала гэтае даследаванне?

— Даследаванне паказвае, што людзі ў большасці сваёй перажылі вельмі сур’ёзныя глыбокія траўмы. І гэта было не проста разавая траўмавальная падзея, а працэс – працэс паслядоўнай траўматызацыі. Пачынаючы з падзеяў, удзельнікамі ці сведкамі якіх яны былі ў Беларусі, потым шмат для каго вельмі траўматычным ці стрэсавым быў працэс пераезду ці выезду з Беларусі. Шмат для каго гэта было яшчэ і вельмі небяспечна.

І далей, ужо прыбыўшы ў краіны, якія іх прымалі, людзі таксама сутыкаліся са шматлікімі праблемамі. Гэта, вядома ж, ужо не траўма, але гэта складанасці адаптацыі, з якімі сутыкаецца большасць уцекачоў, людзей, якія пераязджаюць у іншыя краіны.

І абсалютна ўсе апытаныя намі рэлаканты казалі, што псіхалагічная падтрымка вельмі патрэбная. У якой форме, ад каго яна мусіць выходзіць, як яна павінна быць арганізаваная – тут, вядома ж, меркаванні розныя. Мы іх прааналізавалі, выклалі ў нашым дакладзе, потым неяк сфармулявалі на падставе гэтага рэкамендацыі.

Але тое, што гэта вельмі сур’ёзная тэма, што гэта не маргінальная тэма, што гэта вельмі важна не толькі для псіхалагічнага здароўя людзей, што, найперш, самая асноўная каштоўнасць. Гэта важна для таго, каб людзі інтэграваліся ў тое грамадства, дзе яны жывуць, і каб многія з іх заставаліся ў актывізме.

Таму што гэта прадстаўнікі такой крэатыўнай, творчай, актыўнай, паспяховай, неабыякавай часткі грамадства. І пры дастаткова невялікай падтрымцы людзі стаюць на ногі, дастаткова хутка аднаўляюцца і неяк зноў далучаюцца да актывізму. Большасць ужо адразу пасля прыезду пачалі дапамагаць іншым беларусам. Потым пачалі дапамагаць украінцам.

Нашай асноўнай рэкамендацыяй з’яўляецца тое, што да псіхічнага, псіхалагічнага здароўя трэба ставіцца, як да права чалавека і як да базавай патрэбы. Гэта не маргінальная тэма, а гэта прыярытэт, на які трэба выдаткоўваць сродкі – на падтрыманне псіхалагічнага здароўя, на псіхалагічную асвету. Трэба ўжо падчас распрацоўкі нейкіх праграмаў ад пачатку ўспрымаць гэта, як найважнейшы, цэнтральны элемент любых праграм дапамогі, развіцця, падтрымкі, а не як нейкі такі дапаўняльны неабавязковы элемент.

З дакладам «Грамадзянская супольнасць у выгнанні 2020-2022: псіхалагічная траўма беларускіх актывістаў-рэлакантаў і праца з яе лекаваннем» можна пазнаёміцца тут.

Цалкам размову з Екацярынай Сакіранскай слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.