Loading

17 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. 28 кастрычніка 1939 года ў занятай нацыстамі Празе мясцовыя студэнты і выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю, каб адзначыць гадавіну ўтварэння Чэхаславацкай дзяржавы. Акупанты разагналі мітынгоўцаў, пры гэтым быў застрэлены студэнт Ян Оплетал.

Пахаванне маладога чалавека перарасло ў акцыю пратэсту. Дзясяткі дэманстрантаў арыштавалі. А раніцай 17 лістапада немцы атачылі студэнцкія інтэрнаты. Больш за 1200 студэнтаў патрапілі ў турмы і ў канцлагеры. Дзевяцярых студэнтаў пакаралі смерцю ў засценках вязніцы.

Праз два гады ў Лондане прайшла Міжнародная сустрэча студэнтаў. На ёй у гонар загінулых вырашылі штогод адзначаць гэту дату як Дзень студэнта.

Пра тое, чаму менавіта студэнцтва часта гатова супрацьстаяць рэжымам, што матывуе сённяшніх беларускіх школьнікаў паступаць у айчынныя ВНУ і як выглядае вучоба на Захадзе, паразмаўлялі з сакратаркай знешніх сувязяў Задзіночання Беларускіх Студэнтаў Лізаветай Даўгулевіч.

Сцісла ў размове:

  • Сёння ў Беларусі ў ВНУ ідуць практычна ўсе, хто атрымаў сярэднюю адукацыю. Прычым многія маладыя людзі самі не разумеюць навошта паступалі. У сваю чаргу ўніверсітэты амаль не адлічваюць студэнтаў за пропускі і непаспяховасць, калі тыя не звязаныя з «палітыкай».
  • У Беларусі студэнтаў не адлічваюць з двух прычын. Першая, прыгожыя справаздачы ўніверсітэтаў пра тое, колькі чалавек паспяхова атрымалі вышэйшую адукацыю. А другая, размеркаванне. Гэта цудоўная магчымасць высылаць маладых людзей на працу туды, куды яны па добрай волі ніколі б не пайшлі.
  • У беларускіх ВНУ адбываецца сачэнне за студэнтамі. Сочаць за ўсім: сацыяльнымі сеткамі, кантактамі, падпіскамі ў тэлеграме. Маладым людзям небяспечна адрознівацца. Трэба быць падобнымі да сваіх аднагрупнікаў. То бок робіцца ўсё, каб студэнты станавіліся шэрай масай.
  • Дзяржава не зможа знішчыць студэнцкае вальнадумства. Натуральна, што ў сённяшніх умовах мы не ўбачым адкрытых выступаў ці пікетаў, якія ладзілі студэнты ў 2020. Але сама сістэма мышлення маладых людзей засталася той жа, што і тры гады таму.

Comments are closed.