Спектаклем «Шлях да Бэтлеему» на біблейскую тэматыку, які пабачылі беларусы Беластока ва ўкраінскай грэка-каталіцкай парафіі Святой Тройцы, распачала свае гастролі па гарадах Польшчы беларуская дзіцячая тэатральная студыя «Купалінка» з Варшавы. У бліжэйшых планах – наведванне Кракава.
Пра гэта ў размове з радыё Ўнэт паведаміла мастацкі кіраўнік „Купалінкі” Наталля Локіць.
Сцісла ў размове:
- Студыя з’явілася ў 2020 годзе. Пачыналі з дзясятка дзяцей, а цяпер каля 70 чалавек рознага ўзросту – ад 3 з паловай да 46 гадоў і колькасць расце. Працуюць выкладчыкі з Купалаўскага і Свабоднага тэатраў.
- Ставячы спектаклі, студыя імкнецца вырашаць найважнейшую для сябе задачу – прасоўваць беларускую мову, бо важна, каб дзеці і падлеткі адчувалі сябе беларусамі. Выкладанне ідзе выключна па-беларуску, ставяцца беларускамоўныя п’есы беларускіх аўтараў.
- У прадстаўленым у Беластоку спектаклі «Шлях да Бэтлеему» задзейнічаны артысты розных узроставых груп. У студыі стараюцца, каб як мага больш артыстаў бралі ўдзел у пастаноўках.
- Вельмі дапамагаюць бацькі дзяцей, якія займаюцца ў студыі. Дзякуючы, у прыватнасці, бацькам і спонсарам адбыліся гастролі ў Беластоку, які стаў першым горадам, дзе гралі беларускія артысты з Варшавы. 4 лютага рыхтуецца паездка са спектаклем у Кракаў.
- Нашым сталым гледачом стаў Зянон Пазняк.
Comments are closed.