Loading

Беларускі дырыжор Іван Касцяхін завяршыў працу над аркестроўкай оперы Канстанціна Горскага «Маргер». У студыі радыё Ўнэт маэстра распавёў пра эпічную гісторыю вяртання шэдэўра.


Даведка:

Канстанцін Антоній Горскі – беларуска-польскі выканаўца і кампазітар. Нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу. Амаль 30 гадоў Горскі пражыў у Харкаве, а пасля 1917 года пераехаў з сям’ёй у Польшчу і да канца свайго жыцця быў першай скрыпкай у аркестры познаньскага Тэатра оперы і балета.

У 1905 годзе Канстанцін Горскі напісаў оперу паводле паэмы «Маргер» Уладзіслава Сыракомлі. Прэмʼера твора адбылася ў 1927 годзе, ужо пасля смерці кампазітара, і гэта быў першы і апошні яе паказ. У другую сусветную вайну партытура «Маргера» згарэла. Цудам захаваўся толькі клавір.


Амаль праз 100 гадоў пасля прэм’еры оперы ён і трапіў у рукі беларускаму дырыжору Івану Касцяхіну. Днямі маэстра завяршыў працу над аркестроўкай  «Маргера» і паказаў нам свежанадрукаваны трохтомнік забытага шэдэўра. 

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Радыё Ўнэт | Беларусь (@radiounet)

– Канстанцін Горскі быў вельмі таленавітым музыкантам. Ён вучыўся ў Леапольда Аўэра, гэта скрыпічная школа сусветнага ўзроўня! Кампазіцыю яму выкаладалі Рымскі-Корсакаў і Чайкоўскі. З Пятром Ільічом іх, дарэчы, звязвала доўгае сяброўства. Горскі быў адным з першых выканаўцаў яго скрыпічнага канцэрта. Кажуць, што Чайкоўскі нават прапусціў паказ аркестру, бо заплакаў за дырыжорскім пультам з-за такога кранальнага выканання. Безумоўна, выканальніцкі талент Горскага быў запатрабаваны значна больш, чым яго талент кампазітарскі. 

– І тым  не менш музыказнаўцы пішуць, што «Маргер» стаў справай усяго яго жыцця. Дарэчы, з якім творам сусветнай класікі мы маглі б правесці паралелі? Як вы думаеце, якімі опернымі сюжэтамі мог натхняцца Горскі падчас стварэння сваёй партытуры?

– Гэта – эпіка-драматычная опера. Як «Аіда» Вердзі, або «Пікавая дама» Чайкоўскага. Вялікая партытура, амаль 3 гадзіны музычных падзей!

Гэта жудасная гісторыя сям’і і замка князя Маргера: 14 стагоддзе, гераічная барацьба  супраць крыжакоў, супраць рабавання, супраць пазбаўлення Радзімы. Усе гэтыя падзеі былі блізкія Канстанціну Горскаму, як блізкія зараз і нам.

– Партытура «Маргера» згарэла падчас вайны. Але як вы даведаліся, што ў архівах захаваўся клавір? 

–  Дзякуючы Віктару Іванавічу Скорабагатаву і Беларускай капэле. У 2018 годзе я закахаўся ў гэты твор. У Беларусі пачаў рабіць першыя накіды. Аднак па-сапраўднаму пачаў працаваць ужо тут, у Варшаве. 

– Для шырокай аўдыторыі папрашу адказаць на пытанне, а што ж такое клавір і што маецца на ўвазе, калі мы кажам пра яго аркестроўку, інструментоўку? 

Клавір – гэта вельмі спрошчаная версія оперы для голаса і фартэпіяна. Мелодыя і празрысты акампанемент, які трэба распісаць для цэлага аркестра!  Вельмі было заўважна, што Горскі быў скрыпачом, а не піяністам. Мне вельмі не хапала нейкага аб’ему. Праца з музыкай Канстанціна Горскага нагадвала археалагічныя даследаванні, калі ты вылічваеш месца, дзе можа быць скарб. 

 Але партытура, якую я зрабіў – гэта не музейная рэканструкцыя. Гэта мая выканальніцкая транскрыпцыя оперы, маё бачанне. У іншым выпадку, яна б так і засталася ў бібліятэцы.

– Опера Канстанціна Горскага створана паводле паэмы Уладзіслава Сыракомлі «Маргер». Абодвух творцаў мы называем і беларускімі, і польскімі.

–  Клавір, які быў у маім распараджэнні, месціць і польскі, і рускі тэкст. Але не будзем забываць, што «Маргера» Горскі напісаў у 1905 годзе, калі толькі-толькі выйшаў указ, які нарэшце дазваляў выкарыстанне беларускай мовы. Больш за тое, у оперы ёсць і беларускае лібрэта. Унікальная сітуацыя! Вяртаючыся да пытання, што Горскага мы называем і беларускім, і польскім творцам… Ён нарадзіўся ў Лідзе, паходзіў з мясцовай шляхты, вучыўся ў Вільні і Пецярбургу,  жыў у Харкаве, пасля рэвалюцыі пераехаў у Польшчу. Так што гэта нашая агульная спадчына, спадчына Рэчы Паспалітай.

– Маэстра, а што далей? Ёсць партытура. Але ці загучыць яна? 

–  Далей плануюцца сустрэчы з польскай музычнай супольнасцю, з тэатрамі, прасоўванне твора ў медыйнай прасторы. 

У маіх руках 700 старонак партытуры, але наперадзе яшчэ шмат грунтоўнай працы. Як казала мая знаёмая, будзем верыць у мару, бо гэтая опера вартая самых вялікіх сцэн. Гэта помнік музычнай культуры нашай зямлі. Канстанцін Горскі – гэта асоба, якая абавязкова павінна быць прадстаўлена ў сусветнай музычнай прасторы.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.