Loading

Праект Каардынацыйнай рады «Движение Большинства» за два гады дзейнасці сабраў 22 тысячы ўдзельнікаў. Стваральнікі ініцыятывы сцвяржаюць, што іх «ДвижБот» дазваляе пры дапамозе простых крокаў змяняць Беларусь. Якім чынам, распавядае кіраўніца праекта Ганна Краўчанка.

Фота: Радыё Ўнэт.

«ДвижБот» — гэта бот у Telegram і Viber @CoordinationCouncilBot, у які прыходзяць заданні накшталт таго, што можна зрабіць тут і зараз, напрыклад, напісаць ліст палітвязню ці дапамагчы яго сям’і. Ганна падкрэслівае, што сілавых ці крымінальных дзеянняў бот прынцыпова не прадугледжвае. Аўдыторыя праекта — беларусы, якія клапоцяцца пра сваю бяспеку і не могуць адкрыта супрацьстаяць рэжыму, але хочуць рабіць нешта карыснае. У бота розны функцыянал для тых карыстальнікаў, што знаходзяцца ў Беларусі (каля 70%), і тых, хто за мяжой. Удзел у ініцыятыве цалкам ананімны, апроч таго, адразу пры рэгістрацыі прыводзіцца падрабязная інструкцыя, як прыхаваць карыстанне ботам.

Заданні распрацоўвае Каардынацыйная рада, але дасылаць свае прапановы для заданняў могуць і карыстальнікі бота, пасля чаго іх разглядае каманда праекта, у якую зараз уваходзяць 6 чалавек. «ДвижБот» супрацоўнічае з BYSOL, politzek.me і іншымі грамадзянскімі ініцыятывамі. У бота ёсць канал і чат для абмеркавання, існуе нават сістэма матывацыі для карыстальнікаў — раней арганізатары ладзілі сустрэчы з вядомымі беларусамі, зараз разыгрываюць прызы за ўдзел у марафонах (спецыяльныя доўгачасовыя мерапрыемствы, удзельнікі якіх атрымліваюць заданні часцей звычайнага).

Фота: Радыё Ўнэт.

Ганна Краўчанка адзначае, што неабходна заўважаць нешта добрае ў бездані дрэннага і не даваць яму патануць, а выкарыстоўваць тыя магчымасці, што ёсць, каб рабіць лепшым свет вакол сябе.

«Нашая задача – кожны раз браць і паказваць, што вось тут прыклалі высілкі і атрымалі вынік. Магчыма, я не магу выпусціць палітвязняў. Але я магу мінімізаваць жах, які адбываецца з імі і іх сем’ямі. Гэта мая зона кантроля, гэта я магу зрабіць – і раблю. Калі мы будзем бясконца абмяркоўваць, як усё пагана і мы не можам нікога вызваліць, гэта справе не надта дапаможа».

Comments are closed.