Loading

Вынікі цэнтралізаванага экзамену праверыць міжведамасная камісія. Пра гэта ўвечары 30 траўня паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Чыноўнік распавёў, што ў яе склад увайшлі матэматыкі, інфарматыкі, статыстыкі і іншыя спецыялісты.

Скандал выбухнуў у панядзелак, калі адзінаццацікласнікі атрымалі вынікі цэнтралізаванага экзамену па беларускай і рускай мовах. Выпускнікі і іх бацькі сцвярджаюць, што сістэма падліку балаў дала відавочны збой. Ёсць школьнікі, якія атрымалі 103 былы са 100 магчымых, а ёсць і тыя, у каго набралася 0,000037 балу.

Міністр адукацыі адразу ж назваў такія выказванні «фэйкамі» і прыгразіў расправай тым, хто іх распаўсюджвае. Але на наступны дзень сістэму падліку балаў раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка і Мінадукацыі тэрмінова сабрала групу экспертаў, якія абяцаюць зрабіць вынікі ЦЭ максімальна празрыстымі.

Пра тое, навошта ў Беларусі ўвогуле ўводзілі цэнтралізаваны экзамен, чаму Мінадукацыі не гатова прызнаваць свае памылкі і ці сапраўды новая сістэма ўступных іспытаў лепшая за папярэднія, у эфіры радыё Ўнэт распавяла былая настаўніца, а цяпер рэпетытарка Ганна Саламонава.

Крыніца: facebook.com

Сцісла ў размове:

  • Скандал з цэнтралізаваным экзаменам стаў поўнай нечаканасцю. Для яго не было аніякіх перадумоваў. І калі мы ўсе – рэпетытарская супольнасць, бацькі і дзеці ўбачылі вынікі, то спачатку падумалі, што гэта тэхнічны збой. Але, калі ў Міністэрстве адукацыі заявілі, што ўсё правільна і балы пералічвацца не будуць, мы зразумелі маштаб праблемы.
  • Не разумею, чаму нас загадзя не папярэдзілі, што зменіцца сістэма падліку балаў. Тое, што сёлета пройдзе цэнтралізаваны экзамен было вядома яшчэ ў верасні. Агулам у Мінадукацыі было два і нават тры гады на тое, каб зрабіць ЦЭ максімальна празрыстым і зразумелым, але, як бачым, у іх не атрымалася.
  • Андрэй Іванец заявіў, што сёлетні тэст быў вельмі простым. У выніку ў Міністэрстве адукацыі вырашылі пакараць дзяцей за свае ж памылкі. На хвіліначку, ні тых, хто складаў тэсты, ні тых, хто дапусціў такія заданні, а школьнікаў, якія набралі, нібыта, занадта высокія балы.
  • Школьны іспыт састарэў. Ён быў падобны на фармальнасць, якая дастаўляла нязручнасць як дзецям, так і настаўнікам. Таму ідэя аб’яднаць ЦТ і школьны іспыт, была вельмі добрай. Яна здымала б падвойны стрэс з дзяцей і нагрузку з настаўнікаў, але арганізавана ўсё было вельмі слаба.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.