У Польшчы з’явіцца англамоўны партал па гісторыі Беларусі, а ў Літве – беларуская бібліятэка. Гэтыя ініцыятывы перамаглі ў пілотным праекце «Новай Беларусі», дзе беларусы самі вырашалі, на што пойдуць іх падаткі.
Пра праекты-пераможцы, уменне беларусаў кіраваць грашыма і дамаўляцца паміж сабою, паразмаўлялі з дырэктарам па камунікацыі праекта «Новая Беларусь» Глебам Германчуком.
Сцісла ў размове:
- У праекце паўдзельнічала каля 300 беларусаў, якія накіравалі нам частку свайго падатку, заплачанага ў Польшчы ці Літве. І гэтыя грошы пойдуць на рэалізацыю іх ідэяў.
- Мы атрымалі каля 30 прапаноў, але выбіраць маглі толькі з тых, якія адпавядалі польскаму і літоўскаму заканадаўству. Напрыклад, была ідэя арандаваць у Польшчы зямлю для Новай Беларусі і стварыць на гэтай тэрыторыі ўласныя органы самакіравання, школы, садкі. Натуральна, што рэалізаваць такі праект мы не маглі, бо грошы з падаткаў мусілі ісці на дабрачынныя мэты.
- У лістападзе стваральнікі праектаў-пераможцаў атрымаюць грошы на іх рэалізацыю. На запуск праекта даецца тры месяцы. А пакуль каманда «Новай Беларусі» дапамагае пераможцам сфармаваць да канца ідэю і прыцягваць дадатковыя рэсурсы.
- На англамоўны партал па гісторыі Беларусі пойдзе каля 10 тысяч еўра, беларуская бібліятэка ў Літве атрымае прыблізна 15 тысяч. Гэтых грошай павінна хапіць на рэалізацыю абодвух праектаў.
Comments are closed.