Каля дваццаці чалавек прыйшлі ўвечары 21 лютага ў беластоцкі хаб “Новая зямля”, каб напісаць дыктоўку па творы Васіля Быкава і паўдзельнічаць у квізе на веданне беларускай літаратуры і песень. Мерапрыемства ў Беластоку было арганізавана мясцовай суполкай адроджанага ў Польшчы Таварыства беларускай мовы.
Першапачаткова Таварыства беларускай мовы збіралася дыктоўку правесці самастойна, але, калі Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета вырашыла ўзяць яе пад свой патранат і выкарыстаць урывак з кнігі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, ТБМ-аўцы далучыліся да агульнай справы. У Беластоку тэкст агучвала журналістка Кацярына Ваданосава.
– Я проста люблю беларускую мову, я ёю размаўляю, я на ёй выхоўваю сваіх дзяцей. І для мяне страшэнна важна і вельмі істотна тое, каб заахвоціць іншых людзей таксама размаўляць па-беларуску стала, не проста ад часу да часу, а на пастаяннай, так бы мовіць, аснове. І мне падаецца, што гэта вельмі файны спосаб — дыктоўка — заахвоціць людзей не толькі размаўляць па-беларуску, але і згуртавацца. Мне падаецца, гэта такі цікавы феномен гэтай дыктоўкі, дыктоўкі як мерапрыемства, як урачыстасці, як увогуле факта згуртавання беларусаў. Здавалася б, мы школу скончылі, хто даўно, хто нядаўна, але я не думаю, што мы ўсе так любілі дыктоўкі ў школе ці якія-небудзь сачыненні. Але паглядзіце, як гэта яднае людзей, як людзі самі па сваёй волі ідуць і пішуць тэксты, а потым займаюцца самаправеркай, правяраюць адно аднаго. Мне проста радасна гэта назіраць, мне падабаецца за гэтым сачыць.
– Вы ў Беларусі прымалі ўдзел у дыктоўцы?
– Ведаеце, не. Я ўдзел у дыктоўцы прымала толькі пасля пачатку эміграцыі ў Кіеве, і ў мінулым годзе я тут таксама чытала дыктоўку, і вось зараз.
Падзяліліся сваімі уражаннямі ад дыктоўкі і некаторыя яе ўдзельнікі. Так, Вольга Казановіч, якая літаральна напярэдадні стала прызёркай Дэкламатарскага конкурсу, што прайшоў у Беластоку і таксама быў прымеркаваны да Дня роднай мовы, толькі другі раз пісала дыктоўку. Першы быў яшчэ ў Мінску.
– Для мяне дыктоўка — гэта такая сувязь з Радзімай. Таму што я і так размаўляю па-беларуску, але прыемна быць з людзьмі, якія пішуць, якія цікавяцца, якія любяць мову родную.
– Што ўвогуле гэтая дыктоўка можа даць беларусам? Чым яна карысная?
– Карысная яна надзеяй, таму што ў Беларусі мала людзей па-беларуску размаўляюць і па-за межамі мала размаўляюць, а калі мы ладзім яе вось ужо 20 год, то напэўна надзеяй на адраджэнне нашай дзяржавы, нацыянальнай, беларускай. Таму што яна як крыніца. Крыніца мовы ў гэтай дыктоўцы таксама”.
Для галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання «Гродна.лайф» Аляксея Шоты ўдзел у дыктоўцы даўняя і прыгожая традыцыя.
– Я нават з сабой прыцягнуў свае бланкі гарадзенскай дыктоўкі, мы адмыслова зрабілі. Зараз у Гродне яе няма па зразумелых прычынах, але вырашыў са сваім бланкам прыйсці. Яна б была ўжо 15-ая па ліку, калі б праводзілася далей у Гродне. Але з іншага боку яна нас аб’ядноўвае незалежна, дзе мы знаходзімся. Беларусы ва ўсім свеце ад Злучаных штатаў Амерыкі да Японіі, дзе б яны ні жылі, могуць прыняць удзел. Гэта нас аб’ядноўвае. Гэта прыгожая традыцыя. Многія народы маюць такія традыцыі. Такія дыктоўкі ёсць і ў палякаў, літоўцаў, калі не блытаю. І класна, што, нягледзячы на тое, што мы раскіданыя, традыцыя працягваецца. Тэхналогіі, анлайн-трасляцыі дазваляюць разам нам усім пісаць. Хтосьці можа дома пісаць. Я стараўся ніколі не прапускаць дыктовак, калі ў Беларусі жыў, і стараюся не прапускаць і далей, незалежна, дзе я”.
Пасля дыктоўкі, падзяліўшыся на тры каманды, удзельнікі мерапрыемства паўдзельнічалі ў квізе, які зладзіў падлеткавы клуб, што дзейнічае пры хабе “Новая зямля”.
Comments are closed.