Loading

У мінулыя выходныя сацсеткі напоўніліся медалямі, сцягамі, нумарамі і асабістымі рэкордамі – марафоны і забегі праходзілі ў розных краінах свету. Аказалася, што на дыстанцыі выйшла шмат нашых калег: хтосьці прабег свой першы паўмарафон, а хтосьці ўвогуле бег упершыню. Мы сабралі ўражанні ўдзельнікаў гэтых забегаў і высветлілі, што дазваляе не сыходзіць з дыстанцыі.

У нядзелю ў Вільні прайшоў штогадовы Rimi Vilniaus maratonаs. Сёлета марафон адзначыў 20-годдзе і, здаецца, у гэты дзень бегла палова літоўскай сталіцы. Выйшлі на дыстанцыю і беларусы. Незалежная журналістка, PR-менеджарка, аўтарка практа smaga.life Таццяна Бублікава прабегла палову марафонскай адлегласці, гэта быў першы паўмарафон у яе жыцці. Забег Таццяна прысвяціла беларускім палітвязням.

«Я прабегла паўмарафон, гэта крыху больш, чым 21 км. Час у мяне выйшаў 2 гадзіны і 9 з хвосцікам хвілін, і гэта той вынік, на які я арыентавалася. Як я рыхтавалася? Я такія дыстанцыі яшчэ не бегала, гэта быў мой першы паўмарафон. Мой трэнер, Сяргей Сматрычэнка, ён мяне падбадзёрваў і даваў інструкцыі, як належным і найлепшым чынам падрыхтавацца да такога выпрабавання. Я да канца не ведала, ці адолею гэтую дыстанцыю, але хацела і верыла. Паўмарафон я хацела прабегчы гады паўтары, натхніла мяне мая сяброўка Вольга Кашцелян, якая бегае «дваццаткі» проста так, і яшчэ ёсць адна беларуска, Жанна Субач, звычайная дзяўчына, якая робіць нават не пераадоленне сябе, а такое развіццё. І вось мне захацелася быць як гэтыя дзяўчыны. Але не хапала нейкай матывацыі. Што стала такой матывацыяй? Я ўвогуле бегаю даўно, бо гэта самы эфектыўны спосаб выпрацаваць належны ўзровень балансу гармонаў радасці і шчасця. Калі я бегала, то заўважыла ў адным дадаткаў знаёмага чалавека, гэта быў Багдан Каравец. Пасля беларуская рэпрэсіўная сістэма Багдана пасадзіла. І ў яго дзень нараджэння я бягу, гляжу ў гэты дадатак, дзе апошні запіс пра яго прабежку, мяне на эмоцыі прабівае, што я з’ехала і магу бегаць, а ён у СІЗА і не можа. Яшчэ ўзгадала сітуацыю, што ў 2010 годзе бег стаўся бадай адзінай фізічнай актыўнасцю, якую мы маглі дазволіць сабе з сукамерніцамі. Там была такая «клятуха» чатыры на чатыры, сядзяць дванаццаць дзяўчат у камеры, было цесна і ніякай іншай магчымасці адчуць сябе жывой не было. І мы пачалі бегаць па коле. І вось думкі пра палітвязняў, у першую чаргу пра Багдана Караўца, яны раслі. Я разумею, што я не магу пісаць ім лісты, я не магу іх іншым чынам падтрымліваць, і мне захацелася даць ім сігнал, што яны ў маім сэрцы, што на іх не забыліся. Мне падалося, што ў маім выпадку, у маім светаўспрыманні адзіны магчымы эфектыўны спосаб – гэта бегчы ў іх гонар. То бок бегаць «за іх». Тую першую прабежку я зрабіла «за Багдана», ён не можа, а я магу, то я за яго пабягу. Мая ідэя спачатку распаўсюджвалася на нейкіх асобных палітзняволеных, я прысвячала дыстанцыі то аднаму, то другому, то трэцяму. Паўмарафон я прысвяціла ўсім палітзняволеным. Ёсць ідэя сабраць беларусаў і зрабіць масавы забег».

Таццяна Бублікава

На рахунку галоўнага рэдактара і заснавальніка інтэрнэт-выдання «Мост» Руслана Кулевіча безліч марафонаў і забегаў, у якіх ён прымаў удзел у Гродна, яшчэ да пераезду ў Беласток. 9-10 верасня тут у сталіцы Падляшша прайшлі два забегі, і ён з жонкай Таццянай, а таксама некаторымі іншымі беларусамі не абмінуў іх сваёй увагай.

 —  Гэта быў такі забег на два дні – Nocna piątka і Szybka dycha. Гэта традыцыйны бег, штогод праходзіць, і шмат удзельнікаў – і з Беларусі людзі ўдзельнічалі, і з Украіны, і з Польшчы. Мы выставілі чалавек, можа, 15 беларусаў з Беластока, якія тут жывуць. У нас тут ёсць клуб бегавы. Я асабіста хацеў паставіць рэкорд, бо я цэлы год трэніраваў пяцёрку, каб палепшыць свае вынікі. Хацеў прабегчы за 20 хвілін, але тры секунды мне не хапіла да ўласнага рэкорда. Пасля гэтых спаборніцтваў я вырашыў працаваць з трэнерам па бегу, каб у наступным годзе прабягаць не за 20 хвілін, а за 19, напрыклад. Узяў сабе прафесійнага трэнера, паглядзім, як гэта будзе.

 —  Як даўно вы займаецеся бегам, удзельнічаеце ў марафонах?

—  Мы пачыналі бегаць яшчэ ў Беларусі. Там было некалькі спартыўных клубаў, мы з жонкай далучыліся. Гэта цягнецца ўжо гадоў пяць, але мы аматары, мы не прафесіяналы, бегаем для сябе. Бег для нас гэта самы добры адпачынак, каб перазагрузіцца. Ёсць дыстанцыя пяць кіламетраў, а ёсць 42 кіламетры, і там ты пераасэнсуеш усё жыццё за гэтыя чатыры – тры з паловай гадзіны. Тут у эміграцыі мы сталі больш бегаць. Беласток вельмі спартыўны горад. Мы аб’ядналіся з беларусамі і стварылі клуб аматараў бегу і збіраемся два разы на тыдзень на трэніроўкі, бегаем, п’ем гарбату. Гэта нас неяк аб’ядноўвае. Назву клубу яшчэ не прыдумалі, але тут у Беластоку больш за два гады бегаем.

 —  То бок для вас бег – гэта з большага адпачынак ад асноўнай працы?

— Так. Не заўсёды ёсць час пайсці на турнікі ці ў трэнажорны зал, а тут ведаеш, што два разы на тыдзень ты павінен прыйсці, пабегаць з сябрамі, з калегамі, з іншымі людзьмі, якія жывуць у Беластоку.

 — Вы даволі часта ўдзельнічаеце ў рознага кшталту марафонах. Вы не прапускаеце ні адзін у Беластоку, Падляшшы, Польшчы?

— Зараз так атрымліваецца, што кожныя выходныя нейкія спаборніцтвы для аматараў. Напрыклад, на гэтых выходных былі Nocna piątka і Szybka dycha, тыдзень таму мы ездзілі ў горад Пёнтніца каля Ломжы, дзе з бутэлькай малака трэба было бегчы. Гэта кантрольны старт для мяне быў. На гэтых выходных Kresowe trail будзе, далей мы ездзім у Варшаву, там будзе марафон. Жонка будзе бегчы 42 кіламетры, я буду дзясятку бегчы, таксама планую ў гэтым годзе паставіць рэкорд у дзесятцы. То бок я на такія кароткія дыстанцыі трэніруюся, але бегаў і паўмарафон тут у Беластоку, і марафон бегаў, але мне падабаюцца больш менавіта кароткія дыстанцыі. Калі я пастаўлю рэкорды на кароткія дыстанцыі, я, напэўна, буду бегаць больш такія доўгія. Я ўсё мару пра такі забег у 70 кіламетраў, каб вярнуцца дадому ў Гродна, бо ад Беластока да Гродна 70 кіламетраў. Мы з жонкай адзін аднаму казалі, што калі прыйдзе час будзем ужо вяртацца бегам, пабяжым. Такі падвойны марафон. А пакуль мы трэніруемся, каб вярнуцца дадому.

Руслан Кулевіч

У мінулыя выходныя першы раз удзельнічаў у масавым забегу галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Гродна.лайф» Аляксей Шота.

 —  Гэта была пяцёрка, «Начная пяцёрка», на пяць кіламетраў ад Фонда Białystok biega. Гэта такая арганізацыя, якая тут ужо гадоў 10 ладзіць у Беластоку рознага кшталту старты – ад 5-10 кіламетраў і больш, трэйлы лясныя на 16 кіламетраў, на сто кіламетраў. Я пачаў з мінімальнай дыстанцыі, такой простай, любы чалавек можа прабегчы, пяць кіламетраў. Паставіў свой асабісты рэкорд. Ну цяжка не паставіць рэкорд, калі ты першы раз бяжыш, у любым выпадку ўласны рэкорд паставіш. Але прабег трошкі хутчэй, чым звычайна прабягаў па вечарах пасля працы на трэніроўках, таму мне прыемна. Акрамя таго, пачуццё такой супольнасці, там хіба 1100 чалавек бяжала, вельмі класная атмасфера, прыемна. У канцы далі ізатонік, безалкагольнае піва і медаль. Вось медаль цяпер вісіць дома, прыемна глядзець.

 — Што падштурхнула прыняць удзел у гэтым забегу?

— Я ўжо ў такім узросце, калі трэба думаць пра здароўе. Ніколі асабліва моцна спортам не займаўся, а бег гэта такое даступнае для ўсіх. Гэта спосаб зняць стрэс падчас забегу, падумаць пра штосьці. І непасрэдна, можа быць гэта смешна, але апошнім штуршком было тое, што я паглядзеў сёлетні фільм Air Бена Афлека пра красоўкі Nike. І я падумаў, што мне як рэдактару і начальніку трэба бегаць, каб прымаць лепшыя рашэнні на працы.

 — Плануеце ўдзельнічаць ва ўсіх забегах і марафонах, якія ў Беластоку праводзяцца?

— Так, хацеў бы. Вось будзе Bieg Niepodległości на 11 лістапада, там дзясятка. Вось акурат наступную дыстанцыю на 10 кіламетраў я яшчэ не бегаў. На трэніроўках па вечарах больш васьмі кіламетраў яшчэ не прабягаў. Так што ёсць да чаго імкнуцца, паціху, канешне.

Аляксей Шота

Comments are closed.