Loading

Колькі помнікаў у беларускіх абласных цэнтрах? У якім горадзе больш за ўсё Леніных? І дзе знаходзіцца помнік удзельнікам стварэння ядзернага шчыта Савецкага саюза? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў даследаванні «Гарадскі мемаратыўны ландшафт», які праводзіў інстытут «Палітычная сфера».

Аўтар даследавання, гісторык Андрэй Мастыка, сабраў інфармацыю пра больш чым тысячу помнікаў, шыльдаў і мемарыяльных знакаў у абласных цэнтрах Беларусі. У сярэднім на кожны горад прыходзіцца каля 200 мемарыяльных аб’ектаў. Абсалютная большасць з іх – гэта помнікі савецкія ці ваенныя. У кожным абласным цэнтры ёсць Ленін, а ў Гомелі – нават не адзін. У кожным абласным цэнтры за выключэннем Гродна ўсталяваны Аляксандр Пушкін. На абласныя цэнтры Беларусі прыходзіцца і некалькі помнікаў Тарасу Шаўчэнку. З беларускай літаратуры канкурэнцыю рускаму і ўкраінскаму паэтам складаюць усяго два Янкі Купалы і адзін Уладзімір Караткевіч. Францыска Скарыны ў мемарыяльным ландшафце абласных цэнтраў няма, як і Якуба Коласа.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»
Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»

З больш ранняй гісторыі ў абласных цэнтрах можна адшукаць памятныя знакі падзеям 1794 года ў Брэсце і паўстанцам 1863 года ў Гродне, апошні ўлады літаральна нядаўна прыбралі.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»
Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»

Самы дзіўны помнік Андрэй Мастыка, па яго прызнанні, знайшоў у Брэсце. Гэта памятны знак «У гонар і на славу ўдзельнікаў стварэння ядзернага шчыта Савецкага Саюза». Гісторык кажа, што памятны знак сучасны і адлюстроўвае трагічную старонку гісторыі, калі вайскоўцы з Брэсцкага гарнізона вымушаны былі ўдзельнічаць у ядзерных выпрабаваннях пад Екацерынбургам, тады многія пацярпелі, але помнік цалкам гераічны – падае людзей не як ахвяр, а як герояў.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»

Мы папрасілі аўтара даследавання скласці партрэты абласных цэнтраў Беларусі ў помніках. Вось што атрымалася.

Брэст

Нягледзячы на тое, што гэта Заходняя Беларусь, заходнебеларускі наратыў тут савецкі: камуністычная партыя Заходняй Беларусі, аб’яднанне Заходняй Беларусі і БССР. Што тычыцца помнікаў ранейшай гісторыі, то іх няшмат і там дамінуе расійскі імперскі наратыў 19 ст. Што яшчэ там можна адзначыць, гэта алею ліхтароў па вуліцы Гогаля. Але там прывязка да Гогаля, да той эпохі, а не да нацыянальнага каларыту. Сярод помнікаў 20 ст. цалкам дамінуе тэма Вялікай Айчыннай вайны, памежнікаў і г.д.

Віцебск

І ў помніках спрабуе заставацца культурнай сталіцай Беларусі. Гэта можна заўважыць ва ўшанаванні памяці Марка Шагала, мясцовай мастацкай школы. Віцебск – гэта адзіны горад, дзе прысутнічае ў мемарыяльным ландшафце сучасная масавая культура – то бок гэта памятныя знакі, звязаныя са «Славянскім базарам». Але ёсць і расійскі наратыў, які пранікае ў помнікі, тым больш, што гэта ўсход Беларусі.

Фота: travel.by

Гомель

Гэта самы савецкі горад, таму пераважная большасць помнікаў ці прысвечана савецкай эпосе ці ўзведзена падчас яе. Тут найбольшая колькасць Леніных, нават ёсць помнічак маленькаму Валодзю Ульянаву. І больш за ўсё тут помнікаў, звязаных з Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Ёсць адзін мемарыял, прысвечаны аварыі на Чарнобыльскай АЭС і шыльда ліквідатару. У той жа час у Гомелі ў мемарыяльным ландшафце даволі нядрэнна прадстаўлены дзеячы беларускай навукі.

Гродна

Горад падтрымлівае свой статус нацыянальна арыентаванага: там найбольш і найлепш прадстаўлена беларуская гісторыя – эпохі ВКЛ, Рэчы Паспалітай, адлюстравана ў памяці Грунвальдская бітва, ёсць помнік Давіду Гарадзенскаму, быў памятны знак паўстанцам 1863 года, але яго прыбралі зусім нядаўна. Праўда, шмат захавалася і савецкага наратыву – Вялікая Айчыннай вайна, ёсць помнікі і Дзяржынскаму, і Чапаеву, і Шчорсу.

Фота: grodno.in

Магілёў

Тут найменшая колькасць помнікаў з абласных цэнтраў Беларусі. Можна прасачыць асаблівасць усходу Беларусі – каланіяльны расійскі наратыў. Ёсць шмат савецкага, гераічнага – абарона Магілёва, да прыкладу. Магілёў – адзіны горад, дзе пакуль ушанавалі памяць Дня народнага адзінства, тут адразу два мемарыяльныя аб’екты на гэтую тэму, але яны досыць нейтральнага характару.

Comments are closed.