Актывіст „Народнай Грамады” Мікіта выйграў суд супраць Дэпартамента міграцыі Літвы, які адмовіў яму ў атрыманні статусу бежанца. Маладому чалавеку пагражала дэпартацыя ў Беларусь. На некаторы час ён быў нават затрыманы і змешчаны ў лагер для бежанцаў да вырашэння свайго пытання. Дэпартамент не бачыў падстаў для надання Мікіце такога стасусу, пераслед у Беларусі прыйшлося даказваць у судзе. Для таго, каб пазбегнуць прымусовай высылкі беларуса на радзіму, да справы падключыўся нават Еўрапейскі суд па правах чалавека. Радыё Ўнэт пагаварыла з Мікітам пра суды, адмовы і пераслед.
— Гэтая гісторыя пачалася пасля таго, як я другі раз падаў хадайніцтва на атрыманне статуса бежанца ў Літве. Я атрымаў чарговую адмову, мая справа была разгледжана ў кароткія тэрміны, таму што гэта было ужо другое хадайніцтва. Першае я не абскаржваў. Прычына адмовы—у Літве не лічаць, што мне на тэрыторыі Беларусі пагражае небяспека. І спасылаюцца на тое, што я не знаходжуся там ў вышуку. А як гэта даказаць: адкрытых даных няма, ніякіх баз у адкрытым доступе няма. У якасці доказу на судзе я прадаставіў фотаздымкі свайго актыўнага палітычнага жыцця, валанцёрства, удзел у канферэнцыях.
— Як і чаму Вас накіравалі ў лагер для бежанцаў?
— Гэта дзіўная гісторыя. Міграцыя выслала мне электронны ліст і палічыла, што я яго атрымаў. Але ліст патрапіў у папку “Спам” і я яго заўважыў толькі на адзіннацаты дзень. Гэта была нядзеля. Я адразу патэлефанаваў па пазначаных там тэлефонах. Слухаўку падняла дзяўчына, я ёй патлумачыў сітуацыю, а ў адказ пачуў: а чаго вы сёння тэлефануеце, пазваніце заўтра. І ў панядзелак яны ўжо самі патэлефанавалі, спрабавалі пад рознымі падставамі мяне выцягнуць з дома, хоць я не хаваў, дзе знаходжуся. Адвезлі ў лагер. Чаму я знаходжуся пад адміністрацыйным арыштам я пачуў толькі на судзе: міграцыя палічыла, што я хаваюся ад іх. Яны казалі, што я нелегал і што мяне трэба тэрмінова дэпартаваць у Беларусь.
— Ці адчувалі Вы, што Вас могуць сапраўды дэпартаваць?
— Зараз я разумею, што яны, насамрэч, мелі намер мяне адправіць у Беларусь. І калі б у мяне не было добрага адваката, то хутчэй за ўсё так бы і было.
— Хто Вас абараняў? Куды звяртацца ў такіх выпадках па дапамогу?
— У першую чаргу трэба звяртацца ў праваабрончыя арганізацыі. У маім выпадку гэта была “Дапамога” . Яны мяне накіравалі ў Чырвоны крыж і там мяне ўжо кансультавалі. Я лічу, што там лепшыя спецыялісты, якія могуць дапамагчы беларусам.
— Колькі каштавала гэтая дапамога?
— Абсалютна ўсё бясплатна.
— Колькі цягнецца Ваша гісторыя з атрыманнем статуса бежанца?
— Калі браць і першае і другое хадайніцтва, то больш за год. Вельмі стрэсавы перыяд. Я пастаянна адчуваў нейкі прэсінг. Не было ніякага дыялогу з дзяржаўнымі органамі. Але мяне падтрымлівалі літоўцы, беларусы, незалежна ад таго, палітычныя гэта мігранты ці эканамічныя.
— Паралельна Вы падалі таксама позву ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Што прымусіла пайсці на такі крок?
— Гэта была вымушаная мера адвакатаў і Чырвонага крыжа, каб мяне не дэпартавалі, каб ЕСПЧ наклаў забарону на дэпартацыю ў Беларусь. У экстранным выпадку адпаведную пастанову ўдалося атрымаць за суткі.
— Працэс у ЕСПЧ працягваецца?
— Так, мы хочам атрымаць рашэнне на забарону маёй дэпартацыі ў далейшым, калі будуць узнікаць такія пагрозы.
— Зараз у суд Вы ішлі з якімі думкамі і надзеямі?
— Шчыра кажучы, калі я бачыў, колькі людзі працуюць над тым, каб абараніць мае інтарэсы, я быў вельмі аптымістычна настроены. Ну і плюс я нёс з сабой сваю праўду, я сапраўды не разумеў, чаму са мной так абыходзяцца.
— Суд прыняў Вашыя аргументы. Якія далейшыя крокі?
— Зараз мы чакаем 14 дзён, пакуль у Дэпартамента міграцыі ёсць магчымасць падаць апеляцыю. І пасля, я так разумею, аўтаматычна маё хадайніцтва на бежанства будзе разглядацца зноў. Толькі ўжо не ў кароткія тэрміны, а поўны перыяд—6 месяцаў. Раней яны спрабавалі высветліць, пераследуюся я у Беларусі ці не, зараз ёсць адпаведнае рашэнне суда. І яны будуць высвятляць мае палітычныя матывы і палітычныя погляды.
— Ёсць ўпэўненасць, што Вам дадуць такі статус?
— Не, насамрэч, не. У цэлым я бы хацеў сказаць, што мая сітуацыя не адзінкавая, у мяне ёсць знаёмыя, якія маюць падобныя праблемы. Добра, што мы гэтую тэму ўзнялі і зараз яе трэба працягваць. Я не разумею, чаму да беларусаў так ставяцца: калі мы знаходзімся тут, гэта і паказвае, што мы супраць рэжыму у Беларусі, што ён нас пераследуе, а ад нас спрабуюць адмежавацца нейкай сцяной.
Comments are closed.